Яшчэ і шэнген вяртаецца. Як Польшча выкручвае рукі Лукашэнку
Яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка і яго паслугачы трымалі Польшчу за галоўнага ворага і не выбіралі выразаў, плявузгаючы ў яе бок. У апошнія тыдні рыторыка адчувальна памякчэла, і беларуская дыктатура ўжо пакорліва прапануе заходнім суседзям сябраваць. Разважаем аб прычынах такой трансфармацыі і канстатуем, што Мінск прайграе Варшаве «халодную вайну», якую сам і распачаў.
4 верасня стала вядома, што Польша вырашыла зноў выдаваць беларусам турыстычныя візы. Гэтая інфармацыя пакуль дасканала не верыфікавана, але выглядае, што яна ўзята не са столі. Таму можна канстатаваць: польскія ўлады робяць чарговы шырокі крок насустрач беларускаму грамадству.
Гэта рашэнне выглядае асабліва кантрасна, бо літаральна колькі дзён таму стаяла пытанне аб суцэльным закрыцці польска-беларускай мяжы. І не сказаць, што яно знята. Разам з краінамі Балтыі Польшча прама заявіла, што ў выпадку любой значнай правакацыі шлагбаум будзе апушчаны.
І тут раптам — візы.
Бадай, прачытваць гэта можна так: пры абвастрэнні сітуацыі мяжа будзе закрыта для грузавых перавозак, для простых жа людзей абрана супрацьлеглая стратэгія.
Гэта наўрад ці ўзрадуе рэжым Лукашэнкі. У Еўсарасаюз — і найперш якраз у Польшчу — і так масава з’язджаюць самыя актыўныя, дасведчаныя і працаздольныя. Дэфіцыт працоўных рук у краіне павялічваецца з кожным месяцам. А тут яшчэ і турыстычная плынь можа ўзнавіцца, што толькі паскорыць працэсы міграцыі, вывазу валюты, эканамічнай рэцэсіі і г.д.
Вяртанне даваеннага статус-кво
У кантэксце вайны Лукашэнку ў пэўнай ступені выгадная ізаляванасць Беларусі. Маўляў, я сам ізгой з 2020-га — ад таго часу, як сфальсіфікаваў выбары і распачаў рэпрэсіі. То добра, што пасля 24.02.2022 астатнія беларусы таксама сталі ізгоямі, падзяліўшы са мной калектыўную адказнасць за напад на Украіну. Будзем у ізаляцыі разам — гуртуйся, шаноўнае спадарства, вакол свайго лідара, трымаемся разам у абложанай крэпасці, іншага ў нас не застаецца.
І вось у гэты момант Польшча нанова адкрывае візавыя цэнтры, фактычна вяртаючы сітуацыю з шэнгенам у даваенны стан. У тыя часы, калі беларусы маглі наведваць краіны глабальнага свету, а іх нелегітымныя ўлады заставаліся дома, прыціснутыя санкцыямі і іншымі чыннікамі.
Цікава, ці пойдуць гэтым шляхам іншыя краіны ўсходняй часткі ЕС? Тыя самыя, што не выдаюць турыстычных віз беларусам, «вінаватым» у агрэсіі нароўні з расійцамі?
Паглядзім, а пакуль звернем увагу на тое, што Польшча апошнім часам увогуле дае дыхту лукашэнкаўскаму рэжыму. Той толькі паспявае абараняцца, забыўшыся пра ранейшую ваяўнічую рыторыку.
Закрыццё мяжы: Стрэльба на сцяне
Вырашальнай тут, канешне, стала гісторыя з магчымым закрыццём мяжы, у чым з Польшчай салідарызаваліся краіны Балтыі. Шмат сказана пра тое, чаму Лукашэнка баіцца такога развіцця падзей. Ён і раней баяўся, што добра выявілася яшчэ ў 2021 годзе. Тады беларускія ўлады маштабна атакавалі межы ЕС з дапамогай мігрантаў. Нелегалаў завозілі ў Беларусь у прамысловых маштабах — у цэнтры Мінска кроку нельга было ступіць, каб не ўбачыць натоўпы людзей усходняй знешнасці.
Натоўпы тыя ў выніку зніклі пад уплывам розных фактараў, але галоўным з іх стала менавіта пагроза жалезнай заслоны з боку заходніх дзяржаў — поўнае закрыццё ўсіх памежных пераходаў. «Ненахіляемы» Лукашэнка тут адразу здаў назад, і міграцыйны крызіс так прайшоў сваю вострую фазу.
Цяпер суседзі Беларусі паўторна выкарысталі той патэрн, прычым добра прадэманстравалі сур’ёзнасць уласных намераў. Найбольшае ўражанне на Мінск, відаць, зрабіла сустрэча міністраў унутраных спраў чатырох краін 28 жніўня ў Варшаве. Яе зладзілі якраз для абмеркавання ўмоў для поўнага перакрыцця мяжы. І так «супала», што напярэдадні мігранты неяк зусім пасіўна спрабавалі трапіць у Еўрасаюз з боку Беларусі — было зафіксавана ўсяго 23 спробы, найменшая колькасць у гэтым годзе.
Пры гэтым ніякіх рашэнняў у сталіцы Польшчы міністры не прынялі — яны толькі акрэслілі крытэрыі, паводле якіх радыкальны варыянт атрымае зялёнае святло. І тут таксама ёсць стратэгічны разлік: суседнія дзяржавы не стрэлілі ў рэжым Лукашэнкі, а проста павесілі на сцяну стрэльбу. То-бок хай пакуль павісіць, але ў любы момант яна можа «шмальнуць», і тады ўжо мала дыктатару на падасца.
Падобна, што дыктатар зразумеў — актыўнасць мігрантаў на мяжы потым крыху павялічылася, але ўсё роўна застаецца істотна меншай, чым які месяц таму. А стрэльба — вісіць.
Лукашэнка: Ні ядзернай зброі, ні «вагнераўцаў»
Вядома, што Лукашэнка — чалавек з вялікім эга і поўнымі порткамі пантоў. Раззлаваны на Захад пасля падзей 2020 года, у 2023-м ён з задавальненнем «раскідваў пальцы» перад суседнімі дзяржавамі і ўсяляк ім пагражаў. У дадатак тут прысутнічаў матыў дэманстравання ўласнай суб’ектнасці, таму што верным шпіцам Пуціна яго хто толькі не называў.
Для застрашвання той жа Польшчы дыктатар летам выкарыстоўваў дзве сілы, і абедзве, зразумела, расійскія. Па-першае, гэта ядзерная зброя, па-другое —« вагнераўцы», якія нібыта хочуць на «экскурсію» ў Варшаву і Жэшуў. Але ж вось засада: абодва інструменты бліжэй да восені сапсаваліся.
Ядзерная тэма неяк пакрысе знікла з парадку дня. І ў Расіі пра гэта даўно амаль нічога не кажуць, і Лукашэнка прыціх. Днямі кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў распавёў у інтэрв’ю, што першыя боегалоўкі прывезлі ў Беларусь толькі нядаўна, а да гэтага праводзіліся трэніроўкі з «імітатарамі». Прычым беларускія вайскоўцы паказалі сябе падчас тых манеўраў кепска, што не задаволіла расійскіх інструктараў. І тут альбо ўкраінскі выведнік мае рацыю і ядзерная зброя сапраўды абсалютна не гатовая нават да мінімальнага выкарыстання. Альбо Крамлю выразна далі зразумець — у тым ліку Пекін, што шантаж на гэтай тэме зусім недарэчны.
Ну а з ПВК «Вагнер» увогуле ўсё зразумела. Прыгожына Крэмль дэманстратыўна ліквідаваў, адпаведна і яго найміты цяпер не маюць стратэгічнай будучыні. Хто хоча, можа ваяваць пад эгідай расійскага Мінабароны, нехта адправіцца на «дзялку» ў Афрыцы, астатнія — дадому, на пенсію. І дзе-дзе, а ў Беларусі гэтым хлопцам дакладна больш няма чаго рабіць.
І, як бачым, нешта перасталі беларускія сілавікі фатаграфавацца з «вагнераўцамі» ды хваліцца трэніроўкамі пад іх інструктарскім кіраўніцтвам. І Лукашэнка не выказаў спачуванняў ваякам загінулага Прыгожына. Замест гэтага прадстаўнікі Польшчы былі запрошаны ў якасці назіральнікаў на вучэнні АДКБ.
Апошняе выглядала пікантна: учора яны страшылі Варшаву наймітамі, якія гойсаюць са зброяй каля заходніх меж, сёння — клічуць польскіх камандзіраў да сябе на манеўры. І потым жаласна крыўдзяцца, калі тыя запрашэнне ігнаруюць.
У Варшаве разумеюць уразлівасць Мінска
Калі ў мінулую пятніцу лукашэнкаўскае Мінабароны ўсхадзілася праз тое, што польскі верталёт нібыта парушыў паветраную прастору Беларусі, многія, пэўна, падумалі: вось яно, чарговае абвастрэнне двухбаковых адносін. Але не: рэжым не палез у бутэльку развіваць тэму, як дакладна зрабіў бы раней. Спачатку выказаў заклапочанасць на дыпламатычным узроўні, а потым міністр Хрэнін акуратна сказаў, што ніякая гэта не правакацыя — польскія пілоты проста памыліліся. Патрулявалі мяжу ды крыху адхіліліся ад курса, з кім не бывае.
Характэрна, што ў Варшаве інцыдэнт наогул абверглі, рэзка назваўшы заяву Мінска аб парушэнні мяжы хлуснёй.
Выглядае так, што польскія ўлады добра разумеюць бягучую ўразліваць Лукашэнкі, таму метадычна ціснуць на яго на розных напрамках.
Разумеюць, што пагражаць цывілізаванаму свету ён ужо не можа — няма чым. Што расійскі хаўруснік таксама не ў гуморы — няма сіл і сродкаў, нават каб правесці дзяжурныя вучэнні «Захад-2023». Што эканоміка ў двух суагрэсараў стагнуе, валюта падае, ключавыя паказчыкі паніжаюцца. І што варыянтаў хоць неяк палепшыць становішча маскоўскі і мінскі дыктатары ўжо не маюць. Ні на вайне, ні ў мірным жыцці.
Таму ціск, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца. У Польшчы занадта шмат рахункаў да свайго блазнаватага суседа, каб з ім мірыцца і тым больш сябраваць.