Чаму Лукашэнка не выказаў спачуванняў сям’і Прыгожына? Рытарычнае пытанне

23 жніўня ў Цвярской вобласці быў узарваны самалёт з кіраўніцтвам ПВК «Вагнер» на борце. Сярод іншых загінуў і правадыр групоўкі Яўген Прыгожын. 29 жніўня яго пахавалі ў Санкт-Пецярбургу. У Лукашэнкі хапала часу, каб выказаць спачуванні сваякам нябожчыка, якога ён называў сваім сябрам, але ён гэтага не зрабіў. Чаму?

Getty Images

Getty Images

Пытанне насамрэч нядробнае. Віншаванні-спачуванні заўсёды былі для беларускага дыктатара справай палітычнай.

Выйграла спаборніцтвы лаяльная тэнісістка Арына Сабаленка — адразу ад Лукашэнкі ляціць віншавальная «тэлеграма», якую з асалодай цытуе прапаганда. Атрымлівае нелаяльная пісьменніца Святлана Алексіевіч Нобелеўскую прэмію — у палацах-рэзідэнцыях набіраюць у рот вады і робяць выгляд, што нічога не адбылося.

Тое ж самае з сумнымі нагодамі. Калі памірае чыноўнік-паплечнік Уладзімір Макей, то Лукашэнка дэманстратыўна спачувае. Можа і на пахаванне прыйсці, а калі не — то перадаць вянок. Калі сыходзіць з жыцця першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч — на нейкую спагаду рэжыму разлічваць няма чаго. Бо вядома ж, не быў нябожчык прававерным лукашыстам, крытыкаваў існыя парадкі — то сам вінаваты. Хай падзякуе, што выдзелілі яму месца на далёкіх могілках.

Прыгожына ў праціўнікі лукашэнкаўскага рэжыму не залічыш. Свой быў хлопец. Жэня, сапраўдны дружбан.

«Я яго так і называю — Жэня, — казаў Лукашэнка ў 2020-м у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону. — Вы не ўяўляеце, у нас з ім добрыя адносіны, добрыя. Калі я прыязджаў раней да іх, ён мяне сустракаў, ён мне там лепшую бутэльку віна дзесьці знойдзе і перадасць, падорыць. Калі мне дзесьці там нейкая падтрымка трэба... Ну вось у грамадскім харчаванні, ён рэстаратар добры, разбіраўся ў гэтым. Я кажу: "Прыязджай у Беларусь, дапамажы!". І ён прыязджаў, і іншае».

І калі адбыўся той мяцеж напрыканцы чэрвеня, то Лукашэнка і тады нічога благога ў адрас Жэні не сказаў. Наадварот, назваў яго «гераічным хлопцам». А што з гэтым паходам на Крэмль той крыху з глузду з’ехаў, то, канешне, тое было проста пацямненнем свядомасці, кепскім уплывам нядобразычліўцаў. «На яго аказвалі ціск тыя, хто кіраваў штурмавымі атрадамі і бачыў гэтыя смерці», — развёў рукамі прыгожынскі сябрук, маўляў, чаго ў жыцці не бывае.

У выніку забраў Жэню да сябе ў Беларусь разам з ягонымі дывізіямі і кувалдамі. Бо так і патрэбна паміж сапраўднымі пацанамі: учора ты мне дапамог, сёння я цябе выручыў.

Атрымліваецца, пры жыцці былі ў Лукашэнкі для Прыгожына добрыя словы, а пасля смерці — адразу скончыліся. Трагічны сыход з жыцця галоўнага «вагнераўца» не выклікаў у яго беларускага сябра аніякіх спачувальных рэакцый. Хіба наадварот: сказаў, што гарантый бяспекі гэтаму чалавеку я не даваў, то чаго вы хочаце? Ну і дадаў, што Пуцін кіраўніка ПВК не «мачыў», маўляў, гэта не яго метад.

Можна падумаць, што выказваць спачуванні людзям узроўню Прыгожына — не царская справа. Бо хто ён? Не прэзідэнт, не буйны дзяржаўны дзеяч — так, джэнтльмен удачы. Але, як паказвае практыка, адгукаецца Лукашэнка і на менш значныя нагоды.

Увогуле калі паглядзець яго афіцыйны сайт, то можа скласціся ўражанне, што за віншаванні-спачуванні ў прэс-службе адказвае цэлы адмысловы аддзел.

Толькі ў трэцяй дэкадзе жніўня Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Зімбабвэ Мнангагву (з пераабраннем), малдаўскі народ (з Днём незалежнасці), калектыў і ветэранаў «Беларуськалія» (з Днём шахцёра), прэзідэнта Сірыі Башара Асада (з 30-годдзем сірыйска-беларускіх дыпламатычных адносін), першага віцэ-прэзідэнта Азербайджана Межрыбан Аліеву (з народзінамі), народ Украіны (з Днём незалежнасці), народную артыстку Беларусі Кацярыну Фадзееву (з народзінамі), работнікаў і ветэранаў органаў дзяржаўнай статыстыкі (з прафесійным святам), народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава (з юбілеем), Вярхоўнага Патрыярха Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна Другога (з народзінамі), прэзідэнтку Венгрыі Каталін Новак (з Днём святога Іштвана), асабісты склад і ветэранаў Ваенна-паветраных сіл (з прафесійным святам).

У жніўні ён таксама спачуваў прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону (у сувязі з ахвярамі стыхіі ў краіне), кіраўніку Расіі Уладзіміру Пуціну (з нагоды гібелі людзей у выніку выбуху на запраўцы ў Махачкале), грузінскаму народу (праз людскія страты з-за сходу апоўзня ў Шові).

Тут зноў можа ўзнікнуць сумнеў: выказваць словы падтрымкі прэзідэнтам і цэлым народам — не адно і тое ж, што публічна шкадаваць з нагоды смерці хай вядомай, але прыватнай асобы. Зрэшты, гэты аргумент таксама не пасуе. Бо, напрыклад, 3 жніўня Лукашэнка выступіў са спачуваннямі ў сувязі з сыходам з жыцця 81-гадовай расійскай актрысы, народнай артысткі РСФСР Ірыны Мірашнічэнка.

То-бок з любога гледзішча Яўген Прыгожын меў падставы разлічваць на пасмяротны панегірык у свой адрас ад беларускага сябра Аляксандра. Але той вырашыў устрымацца.

Чаму — цалкам зразумела. Бо гэта магло б не спадабацца Пуціну, які хутчэй за ўсё і спрычыніўся да заўчаснай смерці кіраўніка «вагнераўцаў».

І тут пачынаецца самае цікавае, асабліва калі ўлічыць тое, што сам расійскі прэзідэнт сваякам Прыгожына спачуванні выказаў. Прычым не нейкім там дзяжурным рэлізам ад прэс-службы, а выказваннем у федэральных СМІ.

Пагадзіцеся, гэтая фігура змоўчання шмат што кажа пра цяперашнюю лукашэнкаўскую суб’ектнасць і крытычную залежнасць ад Крамля. Здавалася б, у чым праблема — напісаць пару сказаў на сваім сайце ў знак пашаны чалавеку, які, адрываючы ад душы, ашчаджаў для цябе лепшыя пляшкі віна? Тым больш тое ж самае зрабіў толькі што твой «старэйшы брат». Але не: відаць вялікая рызыка (і боязь) — старэйшага раззлаваць, а ён жа і корміць, і поіць, і абараняе. Яго трэба слухацца ва ўсім, інакш можа і ў кут паставіць — і нічога ты насуперак не зробіш са сваімі пантамі, сілавікамі і дэкаратыўнымі магутнасцямі.

Эксперты ўжо заўважылі, што пахаванне Прыгожына як і сам факт яго гібелі засталіся фактычна па-за ўвагай расійскіх эліт. Мала хто з іх адкрыў рот, каб нешта спачувальнае сказаць пра нябожчыка. Пра «крывавы кіеўскі рэжым» яны могуць распавядаць суткамі, а тут — цішыня. Маўчаць падкантрольныя Крамлю дэпутаты, кіраўнікі кішэнных партый, чыноўнікі федэральнага і рэгіянальнага маштабу.

Маўчыць і Лукашэнка, мала адрозны яшчэ і гэтым ад шараговага расійскага губернатара.