Гібель Прыгожына, як і гібель Распуціна, стане прадвеснікам гібелі рэжыму?
Сёння ў Пецярбургу цішком пахавалі Яўгена Прыгожына. Воінскіх ушанаванняў не было — хоць уладальнік «Вагнера» ўзнагароджаны зоркай Героя Расіі.
«Прыгожын быў родным сынам той самай стыхіі, для якой Пуцін стаў сынам прыёмным — стыхіі крымінальна-паняційнай, зухавата жорсткай і антыдзяржаўнай па самой сваёй прыродзе», — адзначыў гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.
У Пецярбургу сёння, 29 жніўня, прайшла закрытая цырымонія развітання з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным, які 23 жніўня загінуў у авіякатастрофе. Прынамсі, пра гэта паведаміла прэс-служба бізнесоўца ў Тэлеграме.
Прыгожын пахаваны на Парахаўскіх могілках. Паведамленне аб развітанні з Прыгожыным з'явілася ўжо пасля закрыцця могілак, якія працуюць з 10 да 17 гадзін.
Пахаванне прайшло толькі ў прысутнасці сваякоў і найбліжэйшых сяброў, нібыта так пажадалі сваякі Прыгожына. Падчас пахавання могілкі спрэс былі ачэплены сілавікамі.
«Прыгожын афіцыйна мёртвы»
Расійскі гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў з гэтай нагоды паразважаў пра супярэчлівую асобу бізнесоўца:
— Асоба Прыгожына выцягвае з гістарычнай памяці рускага грамадства доўгі ланцужок вельмі спецыфічных асацыяцый. Мікалай II і Распуцін, Пуцін і Прыгожын, Прыгожын і Распуцін, Пуцін і Распуцін, урэшце.
Прыгожын быў агідна прыцягальны сваёй першабытнай агрэсіяй, моцай дзікага звера, не прыкрытым ніякімі прыстойнасцямі флібусцьерствам і нейкім кранальна прымітыўным геданізмам. Усё гэта вонкава радніць яго з Распуціным як тыпажом, хоць генезіс і ўнутраны змест маюць паміж сабой мала агульнага. Але гэта ж радніць яго і з Пуціным, які «законы лесу» заўсёды ставіў вышэй за «законы чалавечыя».
Прыгожын быў родным сынам той самай стыхіі, для якой Пуцін стаў сынам прыёмным — стыхіі крымінальна-паняційнай, зухавата жорсткай і антыдзяржаўнай па самой сваёй прыродзе. Я ніколі не змагу гэта даказаць, але мая здагадка палягае ў тым, што Прыгожын не проста быў у свой час блізкі да Пуціна, а быў бліжэй за блізкага — уваходзіў у гурток самых давераных і правераных «пацаноў».
Менавіта таму тое, што здарылася два месяцы таму, было ўспрынята Пуціным не рацыянальна, а эмацыйна — не як здрада (яе б Пуцін якраз дараваў), а як асабісты выпад — і таму асабліва хваравіта. Я думаю, што, акрамя ўсяго іншага, такая доўгая паўза паміж «злачынствам» і «пакараннем» тлумачыцца ўзніклым псіхалагічным раздраем у душы і думках Пуціна і неабходнасцю пераадолець дэпрэсію.
Адносіны Пуціна з Прыгожыным нельга назваць калькай адносін Мікалая з Распуціным, але пэўныя сімвалічныя паралелі праглядаюцца. Там была нейкая «хімія», бо нездарма на працягу дзесяцігоддзяў Прыгожыну даручаліся самыя педантычныя, самыя рызыкоўныя місіі. А Прыгожын гэтым карыстаўся, не абмяжоўваючы сябе ні ў чым. Ён, як і Распуцін (як і Кадыраў, між іншым), штохвілінна раскладаў знутры рэгулярную дзяржаву, здзекаваўся з яе, ламаў усе бюракратычныя працэдуры праз калена і выціскаў бязлітасна кожную вольную капейчыну з казны ў сваю бяздонную кішэню.
З часам яго апетыты выраслі, ён адгадаваў сабе палітычную амбіцыю і, як Распуцін, паспрабаваў тасаваць міністраў і губернатараў, нібы карты ў калодзе. Дзяржава стагнала ад яго набегаў і спрабавала ўсімі сіламі ад яго пазбавіцца. Прыгожын, як і Распуцін, стаў яблыкам разладу паміж рэгулярнай імперскай бюракратыяй і крымінальна-мафіёзным асяроддзем, што ахутвае яе ў час заняпаду імперыі.
Пуцін, вядома, ведаў пра ўсе дзівацтвы Прыгожына, як ведаў Пётр усё пра свайго дружбана Меньшыкава, але трымаў побач за адданасць і за эфектыўнасць.
Думаю, не адна дэлегацыя наведвала правадыра, упрошваючы, молячы, пагражаючы, заклікаючы выдаліць, аддаліць і выдаць на расправу гэтага «лысага д'ябла». Але не аддаваў. Верыў, цаніў, дараваў.
Аднак пасля бунту сіл супрацьстаяць напору чыноўнікаў, якія літаральна лямантавалі пра пагрозу дзяржаве і асабіста Пуціну, што зыходзіць ад Прыгожына, не засталося. І жадання таксама. Сышлося ўсё. Пуцін да Прыгожына астыў, а двор патрабаваў сакральнай ахвяры. І ён саступіў. Заплюшчыў вочы — і адкрыў іх толькі тады, калі спатрэбілася зачытаць халодныя радкі эпітафіі.
А што Прыгожын? Гібель Прыгожына, як і гібель Распуціна, стане прадвеснікам гібелі рэжыму. Такія, як Прыгожын, дваццаць гадоў забяспечвалі жывучасць пуцінскай галеры. Яны былі яе веслярамі, але сёння іх пачалі выкідваць за борт. На галеры стане, безумоўна, чысцей і прасторней, але плыць яна доўга без іх не зможа.