«Меркаванне Лукашэнкі нікога не будзе цікавіць»: Арцём Шрайбман пра будучыню «Вагнера» ў Беларусі
Чым больш тэму лёсу «вагнераўцаў» каментуе Лукашэнка, тым больш зразумелым становіцца, што адказаў у яго не больш, чым у шараговага беларуса.
Ліквідацыя вярхушкі ПВК «Вагнер» ставіць новыя пытанні пра будучыню лагера наймітаў у нашай краіне. Але чым больш гэтую тэму каментуе Лукашэнка, тым больш «робіцца зразумелай рэальная дыстанцыя Лукашэнкі ад прыняцця рашэнняў у Крамлі».
Пра тое, чаму беларускі палітык насамрэч не кантралюе сітуацыю з наймітамі ў нашай краіне, разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман на старонках «Люстэрка».
— Адразу пасля раптоўнага завяршэння мяцяжу ў Расіі Лукашэнка маляўніча расказваў, як ён асабіста выратаваў рускі народ ад грамадзянскай вайны, спыніў калоны Прыгожына і пераканаў Пуціна яго не забіваць, стаў ледзь не бокам здзелкі паміж імі.
Калі ўспомніць усю гэтую браваду, а потым паглядзець на лёс самога Прыгожына, робіцца зразумелай рэальная дыстанцыя Лукашэнкі ад прыняцця рашэнняў у Крамлі. І не, гаворка не пра гарантыі бяспекі, якія беларускі палітык нібыта даў Прыгожыну. Гэтыя кпіны лідараў апазіцыі сапраўды былі не па адрасе: яго гарантыі пры ўсім жаданні не маглі распаўсюджвацца за межы беларускай тэрыторыі. Наўрад ці Прыгожын сядаў у свой бізнес-джэт у апошнія два месяцы, поўны спакою, бо яму Лукашэнка паабяцаў, што з ім усё будзе добра.
У Крамля сваё ўяўленне пра здзелкі, асабліва са здраднікамі. Сёння трэба дзеля тактычных інтарэсаў і без крыві нейтралізаваць наймітаў — падключым Лукашэнку з ягоным лагерам пад Асіповічамі. Заўтра можна пераходзіць да нейтралізацыі вярхушкі «Вагнера» — меркаванне Лукашэнкі і яго дамоўленасці з Прыгожыным нікога не будуць цікавіць.
Менавіта ў такім ключы і варта ўспрымаць чарговую порцыю заяў Лукашэнкі на гэтую тэму. Калі ён кажа, што «Вагнер» «жыў, жыве і будзе жыць у Беларусі», што наша краіна і далей будзе базай для «ядра» групоўкі наймітаў, якіх можа быць да 10 тысяч, што яны і далей будуць трэніраваць беларускіх вайскоўцаў — і ўсё гэта таму, што Лукашэнка з Прыгожыным «наладзіў гэтую сістэму», мы не павінны забываць, што гаворка ідзе пра жаданні чалавека, які не мае дачынення да рэальнага лёсу гэтага падраздзялення.
«Вагнераўцы» знаходзяцца ў Беларусі датуль, пакуль іх ранейшае і будучае начальства не могуць знайсці ім прыдатнага прымянення ў іншых месцах. І ў гэтым сэнсе ліквідацыя Прыгожына ледзь не фундаментальна мяняе логіку гэтага працэсу. Ён шукаў ім новыя «заказы» ў Афрыцы, частка наймітаў ужо з’ехалі «ў адпачынак», лагер за жнівень зменшыўся амаль на траціну.
Пасля яго смерці дакладна гэтым жа будуць заняты новыя ўладальнікі рэшткаў ПВК. Улічваючы, што вярхушка арганізацыі загінула, у любых новых лідараў, калі ў першы час яны будуць выходзіць знутры «Вагнера», будзе менш сувязяў у самой Расіі і кантактаў у той жа Афрыцы. А гэта азначае менш магчымасцей знаходзіць фінансаванне для тысяч наймітаў, якія застаюцца ў Беларусі.
Такая сітуацыя спрыяе паскоранай нацыяналізацыі ПВК «Вагнер» расійскай дзяржавай — наўпрост ці ўскосна, праз уключэнне ў структуры Мінабароны ці ў новыя прыватныя кампаніі, больш падкантрольныя Крамлю.
Тым не менш траекторыя не мяняецца: расійская ўлада яшчэ да забойства Прыгожына пачала «адціскаць» яго нішы, рэсурсы і людзей, і гэты працэс працягнецца. Прычым у Крамля з яго палітычнай вагой і рэсурсамі будзе відавочна больш магчымасцей, чым у постмяцежнага Прыгожына, знайсці прымяненне тым «вагнераўцам», якія не захочуць вяртацца ва Украіну, у той жа Афрыцы.
Усё гэта азначае, што перадумоў для згортвання лагера ў Беларусі стане яшчэ больш. Трымаць там без справы такі каштоўны баявы рэсурс — марнаванне грошай.
Да таго ж палітычная прычына пакідаць іх у Беларусі знікла ўслед за разбітым бізнес-джэтам Прыгожына. Сама канцэпцыя вываду «вагнераўцаў» за межы расійскай тэрыторыі мела сэнс, пакуль было жывым іх кіраўніцтва. Як можна дазволіць лідарам мяцежнікаў пакінуць у краіне тысячы сваіх байцоў? Калі вырашылі на нейкі час не забіваць Прыгожына, то хаця б трэба яго такім чынам абяззброіць.
Цяпер жа перашкод для таго, каб размясціць у Расіі гэтую асірацелую групу наймітаў, стала нашмат менш. Гаворка ж не ідзе пра ідэалагічных ворагаў Крамля, каб перажываць за іх лаяльнасць на сваёй тэрыторыі. Пры жаданні «вагнераўцаў», для якіх нейкі час не знойдзецца прыдатнай працы і якія не захочуць пайсці «на грамадзянку», можна лёгка рассяліць па розных палігонах і казармах у той жа Расіі.
Я не ведаю і не магу ведаць, у якім тэмпе наймітаў перавядуць на новыя месцы працы і хто канкрэтна ў Расіі будзе цяпер займацца іх лёсам. Але што мы мусілі дакладна зразумець за апошнія два месяцы, дык гэта тое, што гэтага не ведае і Лукашэнка.
Яго надзеі і патрэбы, вербальныя пагрозы «экскурсіямі» наймітаў у Варшаву, дамоўленасці з ужо мёртвымі лідарамі «Вагнера», жаданне здавацца важным гульцом у рэгіёне і ўнутрырасійскай палітыцы — усё гэта цікавыя для аналітыкаў матэрыі, але яны маюць вельмі ўскоснае дачыненне да таго, якія рашэнні прымае Масква.
І калі яна чарговым разам іх прыме, не спытаўшы Лукашэнку, мы пачуем яго новы аповед пра тое, як у знаходжанні «вагнераўцаў» у Беларусі больш няма неабходнасці, увесь свой досвед беларускім мотастралкам яны перадалі, і ён, ладна ўжо, адпускае іх у новае падарожжа.