Украіна: У Беларусі абвастраецца канфлікт паміж «вагнераўцамі» і сілавікамі Лукашэнкі
Ва ўкраінскім Цэнтры нацыянальнага супраціву заявілі, што «сілавікі рэжыму Лукашэнкі адмаўляюцца працаваць з былымі зняволенымі і злачынцамі».

У Беларусі пагаршаецца канфлікт паміж інструктарамі з ПВК «Вагнер» і прадстаўнікамі МУС на палігоне «Валоўшчына». Пра гэта паведамляе Цэнтр нацыянальнага супраціву.
«Асноўная прычына — гэта «паходжанне» наймітаў, бо МУС рэжыму Лукашэнкі адмаўляецца працаваць з былымі зняволенымі і злачынцамі, а крывавы падыход да выканання задач, якому вучаць беларусаў, палохае нават «псів режиму», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Цэнтра нацыянальнага супраціву.
Ужо каля 50 інструктараў-«вагнераўцаў» пакінулі Беларусь. Асноўнай умовай іх ад’езду ў РФ з'яўляецца падпісанне кантракта з Мінабароны Расіі і згода на працяг удзелу ў вайне з Украінай. «Таксама за апошнія тры тыдні больш за 1500 наймітаў адбылі ў Афрыку, дзе Расія таксама спрабуе пашырыць свой уплыў».
Украінскі бок звяртае ўвагу, што раней беларускае падполле зафіксавала зніжэнне колькасці наймітаў з вайсковай часткі «Вагнер» у Беларусі з 5800 да 4400 чалавек. Прычынай гэтага названы недахоп фінансавання з боку Расійскай Федэрацыі.
Глядзіце таксама

Варта таксама згадаць, што намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў інтэрв'ю РАР заявіў, што ў Беларусі «вагнераўцам» выдаюць пашпарты з новымі імёнамі. Прычым улады Беларусі выдаюць такія пашпарты ўжо месяц. Гэта можа быць звязана з падрыхтоўкай дыверсій і тэрактаў у Еўропе. «Паводле пацверджанай інфармацыі, «вагнераўцы» атрымліваюць беларускія пашпарты — сапраўдныя дакументы, але аформленыя на іншыя імёны. Такім чынам, яны могуць проста ўязджаць на тэрыторыю ЕС праз памежныя пераходы для здзяйснення дыверсій і тэрактаў», — сказаў Латушка.
Паводле слоў Латушкі, цяпер у Беларусі застаюцца некалькі тысяч наймітаў з ПВК «Вагнер». Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб яны засталіся ў краіне, але «ў яго няма дастатковых фінансавых рэсурсаў, каб утрымліваць вялікую групу баевікоў».
Глядзіце таксама

Паводле sprotyv.mod.gov.ua, korrespondent.net, www.pap.pl