Апошняе папярэджанне. Калі закрыюць беларускую мяжу?

Палітолаг Андрэй Казакевіч каментуе для «Радыё Свабода» вынікі сённяшняй сустрэчы міністраў унутраных спраў Польшчы і краін Балтыі. 

Ілюстрацыйнае фота: ltr.lt

Ілюстрацыйнае фота: ltr.lt

— Сёння, 28 жніўня, у Польшчы сустрэліся кіраўнікі міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы. Яны правялі перамовы па сітуацыі са знаходжаннем і дзейнасцю ПВК «Вагнер» на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі МУС абмеркавалі пытанне закрыцця меж і паведамілі, што закрыюць мяжу з Беларуссю ў выпадку «крытычнага інцыдэнту». Пакуль, аднак, такое рашэнне не было прынята, што выглядае дастаткова прадказальным.

— Сапраўды, чакалася, што самыя радыкальныя крокі не будуць прыняты. Бо за апошнія тыдні адбылася пэўная дээскалацыя — прынамсі, беларускія ўлады зрабілі некалькі заяў пра неабходнасць міру і супрацоўніцтва з суседзямі. Мне падаецца, што літоўскі, польскі і латвійскі бакі зразумелі, што гэтае пытанне вельмі сур’ёзнае для афіцыйнага Мінска. У такой атмасферы рабіць самыя радыкальныя крокі не мела сэнсу.

Міністры, разам з тым, адзначылі, што закрыццё мяжы можа адбыцца ў любы момант. Яны разумеюць, што гэта даволі надзвычайны крок, і проста так на яго ісці няма жадання і неабходнасці.

— Але пры якіх умовах закрыццё мяжы можа ўсё ж адбыцца?

— Пытанне канфлікту з афіцыйным Мінскам мае доўгую гісторыю, тут ёсць шмат пластоў. Гэта і палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, і, што асабліва важна для Варшавы, рэпрэсіі супраць польскай меншасці, справа Пачобута. Гэта і міграцыйны крызіс, гэта і самая апошняя эскалацыя, звязаная са з'яўленнем «вагнераўцаў» у Беларусі. Таму пытанне закрыцця меж даволі даўно абмяркоўвалася ў той ці іншай ступені.


Глядзіце таксама

Але з'яўленне «вагнераўцаў» у Беларусі стала, у пэўным сэнсе, апошняй кропляй, калі ўжо не толькі асобныя дзяржавы, але і ўвесь Еўрасаюз маральна быў гатовы да самых рэзкіх крокаў. Тым часам падзеі апошніх дзён і тыдняў, смерць Прыгожына самі сабой знізілі напружанасць вакол гэтай тэмы. Частка наймітаў ужо пакінула Беларусь, і, магчыма, хутка і большасць з гэтай групы не застанецца ў краіне.

— Вы сказалі, што адбылася пэўная дээскалацыя сітуацыі з боку афіцыйнага Мінска. Але хіба ўлады Беларусі зрабілі нейкія рэальныя крокі? Напрыклад, маніторынг сітуацыі з мігрантамі паказвае, што колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза асабліва не мяняецца — прынамсі, дакладна не зменшылася за апошнія тыдні.

— У дадзеным выпадку, каб не рабіць радыкальных крокаў, дастаткова было пэўных выказванняў з боку Лукашэнкі, якія паказалі, што далейшай эскалацыі Мінск не жадае. Да таго ж, падзеі вакол «вагнераўцаў» аб’ектыўна зменшылі напружанасць вакол іх. Так, мы не можам канстатаваць, што Мінск зрабіў нейкія канкрэтныя крокі, але выказванні беларускіх улад паказалі, што Еўропе ўдалося знайсці пэўныя рычагі, каб Мінск захацеў выказваць жаданне не падвышаць градус.

Значыць, магчымасць захоўваць транзіт праз мяжу для Мінска вельмі важная, каб працягваць забяспечваць лагістычныя паслугі саюзным краінам — Кітаю, дзяржавам Цэнтральнай Азіі. Кітай даволі шмат уклаў у лагістычную сферу ў Беларусі, і закрыццё меж было б моцным ударам па адносінах з Кітаем.

— Ці можна сказаць, што ўлады Літвы, Латвіі і Польшчы ў сваіх рашэннях улічваюць меркаванне беларускай дэмакратычнай супольнасці, у прыватнасці, пазіцыю Офіса Святланы Ціханоўскай?

— Я думаю, улічваюць. Не варта перабольшваць гэты ўплыў, але гэты голас так ці іначай быў сярод тых чыннікаў, якія вызначылі рашэнне. Было відавочна, што такі крок будзе вельмі непапулярным і для многіх беларусаў, якія жывуць у Беларусі, і для тых, якія жывуць па-за межамі Беларусі, але захоўваюць сувязі з радзімай. Пазіцыя дэмакратычных сіл, безумоўна, бралася пад увагу — але, натуральна, гэта не вызначальны чыннік.

— Пасля смерці кіраўніка «вагнераўцаў» Прыгожына ці працягнуць палітыкі Польшчы і Літвы (часам з унутрыпалітычных прычын) палохаць «вагнераўцамі», ці цяпер гэта ўжо не можа гучаць настолькі ж пераканаўча?

— Мяркую, гэтая тэма будзе і далей выкарыстоўвацца. Незалежна ад таго, ці застанецца сама група «Вагнера» ў Беларусі, ці яна цалкам знікне — магчымасць самых розных правакацый з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца ў наратыве польскіх і літоўскіх палітыкаў яшчэ даволі доўгі час. Пытанне ж не толькі ў тым, што гэтая група ўжо не існуе, а ў тым, што ў любы момант можна любую такую групу зноў прывезці ў Беларусь. І, адпаведна, на такую пагрозу трэба рэагаваць.


Глядзіце таксама

— А самому Лукашэнку ці патрэбны «вагнераўцы» ў Беларусі? Зразумела, што, нягледзячы на пэўную эскалацыю, да палітыкі добрасуседства вельмі далёка. Таму чаго больш: плюсаў ці мінусаў для Лукашэнкі ад знаходжання «вагнераўцаў» у Беларусі?

— Так, гэта пытанне вельмі неадназначнае. З аднаго боку, наяўнасць «вагнераўцаў» дазваляе Лукашэнку прыцягваць да сябе ўвагу, і для яго гэта вельмі важна. Гэта дазваляе даказваць, што ён самастойны гулец у рэгіёне, можа нешта вырашаць. І можна назіраць, што некаторыя заходнія эксперты і аналітыкі якраз і каментуюць сітуацыю ў такім рэчышчы, заяўляючы пра пэўную самастойнасць Лукашэнкі.

Плюс, вядома, можна працягваць аказваць ціск на суседнія краіны ў выпадку новага абвастрэння сітуацыі. І мы бачым, што гэта працуе — і грамадскасць, і палітыкі суседніх краін даволі актыўна на гэта рэагуюць.

З іншага гледзішча, калі гаварыць пра ўласна вайсковы бок, то наяўнасць вялікай колькасці ўзброеных людзей з незразумелым падпарадкаваннем стварае пэўную рызыку і дыскамфорт. Да таго ж, незразумелы фінансавы чыннік: хто будзе фінансаваць «вагнераўцаў»? Калі яны застануцца ў Беларусі надоўга, то гэта можа легчы пэўным цяжарам на беларускі бюджэт.


Глядзіце таксама

Да таго ж, і ў саміх «вагнераўцаў», як гэта выглядае ў медыя, няма вялікага жадання доўга знаходзіцца ў Беларусі, ім няма тут чым заняцца, на самой справе няма чым зарабляць. Той намётавы гарадок, які быў створаны, не разлічаны на доўгае знаходжанне, асабліва ў халодны перыяд. Значыць, трэба думаць пра стварэнне інфраструктуры — а хто будзе за гэта плаціць?

Так што, калі ўспрымаць «вагнераўцаў» як інфармацыйна-псіхалагічны брэнд, то ён можа быць карысны для Лукашэнкі, і ён можа яго захаваць. Але як канкрэтная вайсковая сіла, канкрэтныя людзі — то гэта хутчэй не патрэбна Лукашэнку, бо стварае пэўныя рызыкі і вымагае новых матэрыяльных выдаткаў. Стварае больш праблем, чым прыносіць рэальных бонусаў для афіцыйнага Мінска.