Польшча, Літва і Латвія вызначыліся, пры якіх умовах цалкам закрыюць мяжу з Беларуссю

Польшча, Літва і Латвія закрыюць мяжу з Беларуссю ў выпадку «крытычнага інцыдэнту», заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі па выніках сустрэчы са сваімі балтыйскімі калегамі.

a88b352c3d8df21f56b7da67ad2dc7a4.jpg

«Мы рашуча настроены на сумесныя дзеянні. Калі дойдзе да крытычнага інцыдэнту, незалежна ад таго, ці будзе гэта мяжа польская, літоўская або латвійская, мы неадкладна распачнем дзеянні ў адказ. Будуць зачыненыя ўсе памежныя пераходы, якія пакуль адкрытыя, роўна як грузавыя, так і пасажырскія. Рэжым Лукашэнкі багацее на таварным транзіце, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі. Усе пераходы будуць зачыненыя», — сказаў Марыюш Камінскі.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, пад «крытычнымі інцыдэнтамі» суседзі Беларусі маюць на ўвазе дзве рэчы:

  • узброеная правакацыя на мяжы;
  • арганізаваны масавы выезд мігрантаў.

Калі любая з гэтых умоў будзе выкананая на мяжы з любой з краін, будзе дадзеная ацэнка, ці з'яўляецца гэта пагрозай нацыянальнай бяспецы. Калі так — урады трох краін прымаюць рашэнне аб закрыцці ўсіх пунктаў.

У той жа час міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што Літва плануе закрыць яшчэ два пункты пропуску на беларускай мяжы.

«Міністэрства ўнутраных спраў прапануе закрыць яшчэ два пункты. Гэта памежныя пункты Лаварышкі і Райгарда», — сказала міністарка журналістам у Варшаве ў панядзелак.

Па словах міністра, рашэнне аб закрыцці яшчэ двух пунктаў прынята з мэтай перанакіравання магутнасцяў і памяншэння аб'ёму кантрабанды, якая перавозіцца праз мяжу.

«Гэта першы аспект, звязаны з патрэбай у афіцэрах. Тое, што нам сёння, у такой сітуацыі на нашай мяжы, трэба, каб як мага больш афіцэраў было ля сцяны (...). І другі аспект — гэта праблема кантрабанды», — сказала палітык.

Раней у гэтым месяцы, калі Літва закрыла кантрольна-прапускныя пункты на Шумска-Цвярской мяжы з Беларуссю, міністр заявіла, што краіны Балтыі і Польшча вядуць перамовы аб «рэгіянальным рашэнні» цалкам закрыць мяжу з суседняй аўтарытарнай краінай.

Глядзіце таксама

Рашэнне Літвы можа быць даволі крытычным для Беларусі, бо з беларускага боку гэта памежныя пункты пропуску «Катлоўка» і «Прывалка», вельмі значныя для перасячэння мяжы.

Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы з вясны мінулага года. Па дадзеных Мінска, у Беларусі з тых часоў зафіксавана больш за 400 тысяч выездаў грамадзян Літвы.

Літоўскія чыноўнікі папярэджваюць, што частку літоўцаў беларускія спецслужбы спрабуюць завербаваць, выкарыстоўваючы шантаж, псіхалагічны ціск.

У краінах рэгіёна асцярогі з нагоды сітуацыі з бяспекай нядаўна ўзмацніліся з пераездам у Беларусь групы наймітаў «Вагнера».

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды магчымых абмежаванняў для беларусаў.

«Пасля пачатку вайны я бачу небяспечную тэндэнцыю ў еўрапейскай палітыцы, маўляў, давайце забаронім беларускім грамадзянам атрымліваць візы, атрымліваць стыпендыі. Гэта няправільна. Гэта толькі дапаможа Пуціну і Лукашэнку.

Спыніце транзіт тавараў. Увядзіце санкцыі супраць дзяржаўных банкаў. Але дапамажыце народу захаваць сувязь з Еўропай», — заявіла Ціханоўская на Еўрапейскім форуме ў Альпбахе.