Мацукевіч: Ад закрыцця мяжы можа пацярпець Варшава

Як апошні аргумент у невырашальным канфлікце, закрыццё мяжы Беларусі з ЕС азначае канец любых кантактаў, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19». Але для каго гэты канец насамрэч будзе больш балючым?

Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Падобна на тое, што блакаванне мяжы — апошні з магчымых сур'ёзных інструментаў ціску на рэжым, але не падобна, што нават ён спрацуе ў тым ключы, які цікавіць прагрэсіўную супольнасць. 

Пра магчымасць поўнага закрыцця мяжы адкрыта гавораць афіцыйныя прадстаўнікі польскага боку. Літва і Латвія разважаюць над аналагічнымі мерамі, паралельна нарошчваючы свае памежныя сілы і змяншаючы колькасць памежных пераходаў. У канцы жніўня ў Варшаве чакаецца сустрэча прадстаўнікоў адразу трох названых краін для прадметнага абмеркавання механізму поўнага закрыцця мяжы. 

Пры самым негатыўным сцэнары, які, зрэшты, хтосьці наадварот можа лічыць пазітыўным, мяжа Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а значыць і дэ-факта з Еўрапейскім саюзам можа аказацца цалкам закрытай. 

Не ўсе наступствы такога кроку прадказальныя, але ёсць рэчы, пра якія можна гаварыць з высокай доляй пэўнасці як пра цалкам рэалістычныя.

Татальная ізаляцыя

Напрыклад, можна дакладна сказаць пра тое, што ў выпадку блакавання Беларусь акажацца цалкам ізаляванай з боку ўсіх сваіх суседзяў, акрамя Расіі, бо мяжа з Украінай ужо закрытая і багата ўсеяная мінамі. 

Мала падстаў сумнявацца і ў тым, што закрыццё межаў абернецца катастрафічнымі наступствамі для камунікацыі паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі на грамадзянскім узроўні. Яе каналы і цяпер нагадваюць ручаі, што перасыхаюць, але нейкае жыццё ў арганізме, які прынята называць чалавечымі кантактамі, дзякуючы гэтым ручаям яшчэ цепліцца. 

Можна таксама меркаваць, што блакаванне мяжы пагоршыць раскол у беларускім грамадстве або тэндэнцыі да яго, адрэзаўшы тых, хто з'ехаў, ад жывых зносін з тымі, хто застаўся. Абмяжуюцца магчымасці экстраннага выезду з Беларусі. Гуманітарныя калідоры могуць дапамагчы ў гэтым, але наўрад ці вырашаць праблему дэфіцыту камунікацыі. Да таго ж, іх з'яўленне не гарантавана, хоць пытанне дэмсіламі ўжо падымаецца.


Глядзіце таксама

Паколькі сітуацыя для рэжыму ўсё роўна не бязвыхадная (ёсць Расія), то саступак або крокаў насустрач Варшаве, Вільні і Рызе з боку афіцыйнага Мінска чакаць наўрад ці варта, раз ужо іх не было пад ціскам дагэтуль. Лукашэнка час ад часу робіць рытарычныя рэверансы ў бок Захаду, але гэта іншае.

Сэнс рэверансаў расшыфроўвае злітае ў сеціва больш за год таму пасланне памерлага кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея еўрапейскім калегам. Ён палягае ў тым, што такім спосабам Лукашэнка завуалявана, а таму і супярэчліва запрашае Захад да дыялогу на роўных і з чыстага ліста, пакінуўшы ўбаку былое. На гэта адрасаты яго рэверансаў пайсці пакуль не гатовыя, хоць альтэрнатыў няшмат, калі наогул ёсць — варыянты санкцыйнага ціску ўжо на мяжы свайго вычарпання.

Калі мяжа цалкам закрыецца, то выхад з новага ўзроўню ізаляцыі будзе ажыццяўляцца рэжымам старым спосабам – разваротам усяго, што яшчэ не развернута, з Захаду на Расію і Азію. 

Гэта азначае дадатковае паскарэнне ў збліжэнні з Расіяй. Здаецца, што наадварот з боку Захаду былі б пажаданыя крокі, якія маглі б нейкім цудоўным спосабам затармазіць гэты працэс. Бо беларуска-расійская інтэграцыя не спрыяе ні бяспецы ў нашым рэгіёне, ні перспектывам дэмакратызацыі ў нашай краіне. Аднак дзеянні заходніх краін як быццам не лічацца з гэтым і настойліва падштурхоўваюць Беларусь крочыць у Расію ўслед за рэжымам.

Беларусь ужо экспартуе сваю прадукцыю праз 19 расійскіх партоў, чаго раней не было. Аб'ём перавалкі па выніках паўгоддзя дасягнуў 6 млн тон, павялічыўшыся ў 4 разы адносна мінулага года. У дасанкцыйныя часы Мінск працаваў пераважна праз балтыйскія, супраціўляючыся ціску Расіі, якая спрабавала перанакіраваць беларускія грузы на свае парты.

Малаверагодна, што закрыццё мяжы прывядзе да поўнага згортвання гандлю паміж Беларуссю і ЕС, але яго досыць сціплыя аб'ёмы яшчэ больш зменшацца. У таго, што будзе пастаўляцца, вырастуць транспартныя плечы і, адпаведна, кошт. Еўрапейскія тавары ў Беларусь, а беларускія ў Еўропу змогуць паступаць праз Расію з краін СНД, Турцыі, Грузіі, Кітая. Ва ўсіх выпадках гэта вялікі або мегавялікі крук, аплачваць які будзе канчатковы спажывец, а асноўным бенефіцыярам ва ўсіх аб'язных маршрутах усё роўна будзе Крэмль.

Закрыццё мяжы будзе азначаць кропку ў гісторыі пра транзітную прывабнасць Беларусі

Яна вымяраецца экспартам транспартных паслуг (аўтамабільных, чыгуначных і трубаправодных) і апошнім часам прыносіла даход блізу 3-4 млрд долараў на год. У 2021 годзе экспарт транспартных паслуг прынёс 4,4 млрд долараў.

Пра значнасць гэтай галіны эканомікі гаворыць і такі факт: паводле стану на 1 студзеня 2022 года, у Беларусі ў транспартнай сферы функцыянавалі амаль 11 тыс. арганізацый розных форм уласнасці і 37 тысяч ІП. 

Асноўныя непрыемнасці ў галіны пачаліся ў красавіку мінулага года, калі грузавы аўтатранспарт Беларусі трапіў пад санкцыі краін Еўрасаюза. На гэтым фоне частка беларускіх аўтаперавозчыкаў рэлакавалася ў Літву, Польшчу, Казахстан, Узбекістан, Арменію, стаўшы іх рэзідэнтамі. Тыя перавозчыкі, што засталіся, былі вымушаныя кардынальна перабудаваць працу на свой і расійскі рынак, а таксама асвойваць новыя маршруты ў напрамку Турцыі, Кітая, Ірана.


Глядзіце таксама

Закрыццё мяжы замацуе ўсе гэтыя тэндэнцыі. Расія ўжо з'яўляецца асноўным заказчыкам транспартных паслуг, на яе долю прыпадае каля 90% ад усяго беларускага транзіту. Між тым, у дасанкцыйныя часы асноўным напрамкам экспарту беларускіх паслуг, уключаючы транспартныя, быў ЕС.

Поўнае закрыццё мяжы закране інтарэсы Кітая ў плане транзіту кітайскіх тавараў у Еўропу, але на каго ў гэтай сувязі настроіцца Пекін — пытанне адкрытае. Акрамя гэтага, мала ўпэўненасці ў тым, што ініцыятыва Польшчы і краін Балтыі будзе падтрыманая Еўрапейскім саюзам, чые інтарэсы тут замяшаныя не менш за кітайскія. Падставу так думаць дае той факт, што кітайскі транзіт не трапіў пад санкцыі ЕС у дачыненні да Расіі. Больш за тое, на канец ліпеня па маршрутах Кітай-Еўропа перавезена звыш 1,08 млн кантэйнераў, што на 27% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таму нельга выключаць, што пад ціскам акажацца не Мінск (ці не толькі Мінск), а Варшава, і цалкам магчыма, што нават пад падвойным — і Кітая, і ЕС.

Варта таксама ўлічыць, што Кітай пастаўляе свае тавары ў ЕС у асноўным па моры: на долю сухапутных перавозак прыпадае каля 6% яго таваразвароту. У 2022 годзе транзітам праз Беларусь было перавезена тавараў амаль на 30 млрд. долараў, што складала 3,2% ад агульнага гадавога абароту паміж Кітаем і Еўропай. Да таго ж, Кітай развівае альтэрнатыўныя маршруты — у прыватнасці, Транскаспійскі транспартны калідор, які звязвае яго з ЕС праз Казахстан, Каспійскае мора, Азербайджан, Грузію, Чорнае мора і Румынію. То-бок, у Пекіна ёсць варыянты, на каго націснуць і як сябе засцерагчы. У рэжымнай Беларусі іх няма, акрамя як ісці ў Расію.


Глядзіце таксама

Ва ўсім гэтым не відаць развязання пытанняў, якія перад сабой ставіць закрыццё мяжы з Беларуссю — пачынаючы ад вызвалення палітвязняў, якія цікавяць Польшчу, міграцыйнага крызісу і заканчваючы «Вагнерам». Перспектывы саступак з боку Лукашэнкі скрозь закрытую мяжу не праглядаюцца, але гэта не азначае, што яны немагчымыя.

За апошнія тры гады былі прыклады зрухаў з боку рэжыму. Яны тычыліся вызвалення канкрэтных людзей з турмаў, а таксама дээскалацыі міграцыйнай праблемы на мяжы Беларусі з ЕС у лістападзе 2021 года. Усе яны не былі вынікам увядзення новых, больш жорсткіх санкцый або змякчэння дзеючых, але адбыліся па выніках прамых прадметных кантактаў высокіх прадстаўнікоў заходніх краін з Лукашэнкам.


Глядзіце таксама

Пры гэтым няма гарантыі, што такія кантакты будуць выніковымі, таму што прыклады безвыніковых таксама былі. Усё занадта далёка зайшло. У прыватнасці, званок у Мінск прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў першыя дні расійскай агрэсіі супраць Украіны, мяркуючы па ўсім, нічога не даў. 

Аднак ёсць усе падставы меркаваць, што без такога кантакту выніку таксама не будзе. Урэшце, напрыклад, праблему міграцыйнага крызісу вырашае не плот або закрыццё мяжы, а аднаўленне супрацоўніцтва ў міграцыйнай сферы і выкананне беларускім бокам сваіх абавязкаў на мяжы. Пад ціскам гэта наўрад ці магчыма. Трэба дамаўляцца, як гэта ў свой час зрабіла канцлерка ФРГ Ангела Меркель. Хоць германскі прыклад наўрад ці натхніць Варшаву на прадметную размову з Мінскам.