Што Кітай шукае ў Беларусі?

Беларусь будзе пастаўляць тэхналогіі КНР? Або Кітай будзе распрацоўваць тут зброю? Міністр прыехаў даць па шапцы Лукашэнку за ядзерную зброю? На ўсе гэтыя пытанні дзяржСМІ, якія асвятлялі прыезд кітайскага міністра ў Мінск, адказаць «забылі».

Міністр абароны Кітая Лі Шанфу і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Міністр абароны Кітая Лі Шанфу і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Міністр абароны КНР генерал-палкоўнік Лі Шанфу, які ў пачатку тыдня пабываў у Маскве, дзе прымаў удзел у XI канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, адправіўся адтуль у Мінск.

Беларуская афіцыйная прэса, у асноўным, засяродзілася на пратакольнай частцы візіту і падрабязна расказвала пра тое, як у мінскім аэрапорце міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін вітаў кітайскага калегу, як дзяўчаты ў нацыянальных беларускіх строях частавалі высокага госця хлебам-соллю, а рота ганаровай варты выстраілася ўздоўж чырвонай дарожкі.

Далей скупа паведамлялася, што кіраўнікі абаронных ведамстваў правядуць двухбаковыя перамовы, дзе будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні супрацоўніцтва. І што Лі Шанфу наведае некаторыя ваенныя аб'екты ў краіне.

Пасля даваліся цытаты з прамоваў, зробленых самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі і міністрам абароны Кітая падчас іх сустрэчы.

«Апафеозам сустрэчы», паводле ацэнкі мясцовых журналістаў, стала ўручэнне Лі Шанфу ўзнагароднага корціка і просьба перадаць старшыні Сі Цзіньпіну залатую статуэтку зубра на пастаменце.

У адказ міністр абароны Кітая зрабіў Аляксандру Лукашэнку «сціплы падарунак» у выглядзе чайнага сервіза з кітайскага фарфору.

Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» паспрабавала даведацца ў сваіх суразмоўцаў, што, на іх думку, было галоўнай тэмай беларуска-кітайскіх перамоў і ў чым заключалася цікавасць кожнага з бакоў.

«Вядома, што ў Беларусі лепш, чым у Расіі захаваўся ваенна-прамысловы комплекс»

Незалежны ваенны і палітычны эксперт Юрый Фёдараў перш за ўсё адзначыў, што Лі Шанфу — гэта зноў прызначаны міністр і на гэтай пасадзе ён знаходзіцца з сакавіка 2023 года. «Для таго, каб цалкам увайсці ў сутнасць справы, у яго час быў, але не так шмат. Як правіла, год, а то і больш патрабуецца, каб персона такога ўзроўню разабралася ў сваіх справах і абавязках», — сказаў Фёдараў.

Лі Шанфу раней займаўся рознымі тэхнічнымі пытаннямі, у тым ліку, адказваў за ваенна-касмічныя планы кітайскіх Узброеных сіл. Ён пару разоў бываў у Маскве, і цяпер ён прыляцеў у Мінск з Масквы, дзе ўдзельнічаў у Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы. Я разумею, што Кітай можа атрымаць з Беларусі. І наогул паглядзець на месцы — што адбываецца, што сабой уяўляюць Узброеныя сілы Беларусі», – працягвае эксперт.


Глядзіце таксама

У цэлым жа, на яго думку, галоўнай задачай міністра абароны КНР падчас беларускай часткі яго турнэ была спроба знайсці магчымасці паскорыць аснашчэнне Народна-вызваленчай арміі Кітая ўзбраеннямі і ваеннай тэхнікай, заснаванымі на самых сучасных тэхналогіях. «Вядома, што ў Беларусі, лепш, чым у Расіі захаваўся ваенна-прамысловы комплекс. Яшчэ ў часы СССР Беларусь была разам з Украінай, акрамя РСФСР, найбольш прасунутай у ваенна-прамысловым дачыненні часткай Савецкага Саюза. Адпаведна, там магло нешта захавацца, і, кажуць, што захавалася даволі шмат. Мне здаецца, што кітайскі міністр абароны ў першую чаргу хоча паглядзець, што там можна запазычыць», – мяркуе Фёдараў.

І падкрэслівае, што хоць у сусветнай прэсе кітайская армія лічыцца ледзь не самай перадавой, тым не менш, у тэхнічных адносінах кітайскія Узброеныя сілы адстаюць ад сучасных стандартаў. Так, у Кітая дагэтуль захоўваюцца складанасці ў атрыманні высокатэхналагічных узораў узбраенняў. У вытворчасці яны імкнуцца атрымаць сучасную зброю, але па некаторых напрамках кітайская армія сур'ёзна адстала нават ад расійскай.

«Яго (Лі Шанфу) візіт у Расію быў больш складаным, наколькі я разумею. Вайсковае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Расіяй досыць асіметрычнае. Масква хоча атрымаць з Кітая камплектуючыя для вытворчасці ракет і іншага, што вырабляецца. А кітайцы да гэтага, прынамсі, на афіцыйным узроўні, падыходзяць вельмі асцярожна і імкнуцца не падстаўляцца пад санкцыі. Акрамя таго, Масква зацікаўленая ў атрыманні боепрыпасаў для танкаў і гармат, але ёй з гэтага нічога не даюць.

Кітайцы, са свайго боку, зацікаўленыя ў атрыманні з Расіі тэхналогій у тых галінах, у якіх яны адстаюць, у тым ліку звязаных з космасам. А гэта Лі Шанфу цікавіць асабліва. Акрамя таго, кітайскія Узброеныя сілы не маюць баявога досведу. Апошні такі досвед, і, дарэчы, няўдалы, у іх быў у 1979 годзе ў В'етнаме, калі іх в'етнамская армія пакалаціла, і пасля гэтага ва Узброеных сілах Кітая пачаліся рэформы. Так ці інакш, кітайцаў вельмі цікавіць рэальны баявы досвед, у тым ліку і тое, што адбываецца ва Украіне. І як весці такую вайну», – мяркуе суразмоўца «Голасу Амерыкі».

Што ж тычыцца інтарэсаў Лукашэнкі, то яму, на думку Фёдарава, у першую чаргу трэба паказаць свайму электарату, што да яго прыязджаюць высокія госці нават з Кітая, а не толькі з Масквы.

Вядома, усім патрэбныя грошы, а Лукашэнку асабліва. І, канечне, хочацца атрымаць нешта такое, чаго ў яго няма з узбраенняў, ваеннай тэхнікі, і ён будзе гандлявацца да апошняга, калі толькі з'явіцца магчымасць для такога гандлю. Дарэчы, беларуска-кітайскае ваеннае супрацоўніцтва было дастаткова прасунутым. Ёсць беларускія тактычныя ракеты "Паланэз" — сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасці. Некалькі такіх установак у Лукашэнкі ўсё-ткі ёсць, і яны лётаюць з далёкасцю 300-400 км. Ракеты кітайскай канструкцыі, пускавыя ўстаноўкі — беларускія, так што ў гэтай галіне краіны супрацоўнічаюць, і супрацоўнічаюць даўно», – рэзюмаваў эксперт.

«Кітай, на думку Лукашэнкі, умацоўвае яго легітымнасць»

Прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета дэмакратычных сіл Беларусі Валерый Кавалеўскі адзначыў, што на дадзены момант беларускі ваенна-прамысловы комплекс вельмі моцна загружаны расійскімі замовамі для працягу вайны ва Украіне.

"Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі на беларускіх вайсковых прадпрыемствах ствараюцца новыя магутнасці, хоць няма пацверджанай інфармацыі, але былі звесткі і пра тое, што арганізуецца зборка дронаў на тэрыторыі Беларусі. Ды і сам па сабе беларускі ВПК дастаткова моцны і можа аказаць істотны ўплыў на тое, як Расія будзе забяспечана матэрыяламі, узбраеннем і гэтак далей», – адзначыў палітык.


Глядзіце таксама

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета пацвердзіў словы Юрыя Фёдарава, што беларуская «абаронка» даволі даўно супрацоўнічае з Кітаем, таму няма нічога дзіўнага ў пільнай увазе КНР да беларускай ваеннай прамысловасці.

Валерый Кавалеўскі таксама адзначыў, што Пекін назірае за працэсам размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі. «Гэтая тэма вельмі турбуе кітайцаў, яны б не хацелі, каб нармальнай стала практыка, калі ядзерныя дзяржавы размяшчаюць сваю зброю па-за нацыянальнымі межамі. І гэта ў першую чаргу звязана з Тайванем. Справа ў тым, што "ядзерным статусам" валодаюць усяго пяць краін: ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай. Яны ж з'яўляюцца пастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН, і на іх падае асаблівая адказнасць, паколькі ўсе астатнія краіны не маюць права валодаць ядзернай зброяй. (Фактычна, у свеце яшчэ некалькі краін маюць ваенны ядзерны патэнцыял: Індыя, Пакістан, Ізраіль, Паўночная Карэя.Заўв. рэд.) І Кітай выказаўся досыць холадна з нагоды планаў размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку разумеючы, што ў каго-небудзь аднойчы можа з'явіцца ідэя размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Тайваня. А гэта было б не самым пажаданым развіццём падзей для Пекіна», – растлумачыў ён.