Хто вырашае, мір ці вайна? Лукашэнка супраць Хрэніна
Лукашэнка, падобна, паволі ўсведамляе, куды ён улез, і спрабуе адтуль вылезці. Мабыць, усё ж ён зразумеў, што нават з дапамогай Расіі ў рэжыме «абложанай крэпасці» яго жыццё не будзе такім камфортным, як ён да гэтага прывык. Але вось вылезці ў яго не атрымліваецца.
У чарговы раз Лукашэнка паспрабаваў «перагарнуць старонку», заявіўшы падчас наведвання Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», што даручаў прэм'ер-міністру Галоўчанку наладзіць сувязь з Польшчай. Паводле яго слоў, цяпер «мы жывем перш за ўсё за кошт Усходу — супрацоўнічаем з Расіяй, Кітаем. Але не трэба забываць пра высокатэхналагічны Захад. Яны побач, яны нашы суседзі — Еўрасаюз. І адносіны з імі губляць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў. Паверце, прыйдзе час (цяпер такая турбулентнасць, кажучы на вашай мове, складанасці вялікія) — у 2024-2025 гадах, я ўпэўнены, адбудуцца сур'ёзныя змены ў свеце ў тым ліку», – сказаў ён.
«З палякамі трэба размаўляць. Я даручыў прэм'ер-міністру звязацца з імі. Калі яны хочуць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад бога... Яны шмат чаго патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсці не можам, таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам», — сказаў ён.
Што ж такога страшнага патрабуюць ад Лукашэнкі палякі? МЗС Польшчы на гэтае пытанне даў адказ імгненна. Ледзь не ў той жа дзень Павел Яблонскі, намеснік кіраўніка польскага МЗС адзначыў: «Калі Лукашэнка сапраўды хоча палепшыць адносіны з Польшчай, ён можа зрабіць гэта вельмі простым спосабам. Спыніце нападаць на нашу мяжу, вызваліце з турмаў Анджэя Пачобута і больш за тысячу палітычных зняволеных і больш не праводзіце гэтую кампанію нянавісці, нападаў, гэтую гібрыдную вайну супраць Польшчы».
«Гэта дзеянні, якія залежаць толькі ад Беларусі. Ніякіх варожых намераў у адносінах да Беларусі ў нас няма і ніколі не было. Мы хочам быць у бяспецы, мы не хочам, каб на нас напалі. У нас няма намераў нападаць на каго-небудзь», — заявіў Яблонскі.
І адразу ж сказаў, што ў той час, як Лукашэнка заяўляў пра спробы паляпшэння стасункаў з Польшчай, мігранты з боку Беларусі па-ранейшаму атакавалі польскія межы.
Але Лукашэнка не спыніўся ў сваім парыве міратворчасці, заявіўшы, што «хоць заўтра» гатовы пусціць у Беларусь заходнія авіякампаніі. «Хоць заўтра. Мы людзі не агрэсіўныя. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы ні з кім не збіраемся ваяваць. Я вам кажу гэта ўвесь час», — сказаў ён.
Заходнія авіякампаніі ў Беларусі, асабліва лаўкосты — тэма, якая набіла аскому, як, уласна, і шмат тэм у Беларусі. Праўда, для таго, каб яны прыйшлі ў Сінявокую, трэба як мінімум не захопліваць самалёты. Пакуль няма гарантый, што падобнае не паўторыцца, ніхто сюды не пойдзе. Таму што самалёт — гэта вельмі дарагая машына.
А як максімум — трэба, каб з краіны былі знятыя санкцыі, таму што самалёты ў аэрапортах трэба запраўляць і рамантаваць хаця б троху. У нас жа пад санкцыямі як «запраўшчыкі» — нафтаперапрацоўчыя заводы, — так і пастаўка ў краіну авіякампанентаў. Першае было занесена ў санкцыйныя спісы ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, другое — за саўдзел Беларусі ў вайне з Украінай.
Значыць, каб у нас былі заходнія авіякампаніі, трэба зрабіць тое ж самае, пра што казаў прадстаўнік польскага МЗС.
А пакуль Лукашэнка не збіраўся ні з кім ваяваць, ваяваць сабраліся яго генералы. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін прачытаў падчас XI Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы прыкметную прамову. Прыкметная яна была не сваім зместам: тут усё ў парадку — Хрэнін заявіў пра «вельмі відавочную» ў будучыні магчымасці прамога сутыкнення з NATO, паўтараючы канспіралагічныя байкі пра «залаты мільярд».
Прыкметная яна была формай падачы матэрыялу. Хрэнін чытаў тэкст па паперцы і некалькі разоў памыліўся ў правільным вымаўленні слова «неакаланіялізм» і яго вытворных. І зрабіў некалькі фактычных памылак, напрыклад, распавёўшы пра «трохтысячную групоўку NATO высокай ступені боегатоўнасці на ўсходнім флангу Альянсу».
Непісьменны міністр абароны — гэта, вядома, ганьба для краіны. Але, хутчэй за ўсё, прамову Хрэніну пісалі не ў Мінабароны РБ. Інакш бы Хрэніну спачатку далі яе прачытаць — гэта да сталых памылак у «неакаланіялізме». А вось тое, што Хрэнін зблытаў тры тысячы байцоў NATO і трыста тысяч байцоў — гэта сімптом. Сімптом, бо на сайце нашага Мінабароны так і пайшло «тры тысячы». А значыць, спічрайтары нашага МА прамову Хрэніна не пісалі, а слухалі ў жывым эфіры. І толькі пасля выправілі лічбу на 300 тысяч.
Сам Хрэнін тэкст напісаць не мог, інакш не блытаўся б у вымаўленні слоў. Спічрайтары МА РБ выставілі б на сайт падрыхтаваную версію без памылак у лічбах. Наўрад ці гэтую прамову пісалі і ў Адміністрацыі прэзідэнта РБ — ужо яны б падзяліліся ёй і з Хрэнінам, і з калегамі ў Мінабароны.
Значыць, прамову пісалі дзесьці «на баку». Можа, у Мінабароны Расіі? Там сапраўды могуць не ведаць, колькі жаўнераў NATO прысутнічае на межах з Беларуссю, або значна паменшыць іх колькасць, каб паказаць «слабасць Альянса». Гэта яны рэгулярна робяць у вайне з Украінай, і ў Маскве ўкраінскую армію знішчылі цалкам ужо два ці тры разы…
Але вось не дай бог нам з такімі генераламі ваяваць з NATO! Таму што ён можа проста няправільна прачытаць назву якога-небудзь населенага пункта на карце, і адправіць войскі зусім не туды, дзе яны павінны быць. Не па няведанні, не з шкоднасці, а проста таму, што ён не ў стане прачытаць тэкст па паперцы. Або зноў «забудзе» пару нолікаў у ацэнцы верагоднага суперніка, і замест палка на лінію фронту адправіць роту…
Праўда, пагаворваюць, што вайна Хрэніна з NATO — толькі датуль, пакуль NATO яго не пачула. Але NATO, на жаль, такія словы міма вушэй не прапускае. Да прамовы Хрэніна, напрыклад, урад Літвы яшчэ думаў, ці закрываць два памежныя пераходы з Беларуссю. Прынамсі, запланаванае на 15 жніўня закрыццё не адбылося. А вось пасля Хрэніна, з пятніцы 18 жніўня ў пагранпунктах «Шумскас» і «Цвярячус» на мяжы з Беларуссю пропуск транспарту спынены.
Афіцыйна паведамляецца, што рашэнне прынятае ў тым ліку ў сувязі з рэлакацыяй у Беларусь падраздзяленняў групы «Вагнер». Але, думаю, і Хрэнін адыграў сваю ролю.
І вось думаецца мне, што мірныя ініцыятывы Лукашэнкі не маюць сэнсу не таму, што Захад просіць чагосьці, што «супярэчыць нашым інтарэсам». А таму, што ў Лукашэнкі ёсць такія баявітыя генералы, якія бяруць паперкі са сваімі прамовамі дзесьці «злева». І пакуль у Лукашэнкі ёсць такія генералы, усе будуць працягваць думаць, што не Лукашэнка вырашае, якая будзе ў Беларусі палітыка — мірная ці ваяўнічая.
І ёсць у гэтых здагадках калі не праўда, то вялікая доля праўды.