Дзясяткі мігрантаў штурмавалі мяжу з Польшчай, закідвалі памежнікаў камянямі. Спатрэбіўся вадамёт

Група з 40 чалавек, якая складалася ў асноўным з грамадзян Конга і Эрытрэі, спрабавала нелегальна прарвацца ў Польшчу зь Беларусі 11 жніўня, паведаміла польская Памежная служба.

Фота AFP

Фота AFP

«На ўчастку Дубічы Царкоўнае вялікая група з 40 агрэсіўна настроеных замежнікаў прабівалася празь мяжу. У аднаго зь іх быў нож, кідалі камяні. На месца здарэньня быў накіраваны аўтамабіль «Тайфун» з вадамётамі», — гаворыцца ў паведамленьні польскай Памежнай службы.

Таксама, паводле польскіх памежнікаў, група з 25 грамадзян Іраку, Пакістану, Ірану, Туркмэністану і Сырыі незаконна перасекла раку ў раёне Белавежы. Замежнікаў затрымалі.

Агулам за мінулы дзень, 11 жніўня, у Польшчу з боку Беларусі нелегальна спрабавалі патрапіць 106 мігрантаў.

На латвійска-беларускай мяжы 11 жніўня затрымалі 39 чалавек, Літва спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь Беларусі не зафіксавала.

Ад пачатку 2023 году, паводле падлікаў «Позірка», зафіксавана ўжо 25 959 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 18 817, Латвію — 5608, Літву — 1534), у тым ліку ў жніўні — 1685 спробаў.

Памесячная статыстыка, якую вывела выданне на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра тое, што пасьля росту на працягу вясны і зьніжэньня ў пачатку лета напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ дасягнула свайго піку ў ліпені. У студзені было папярэджана 1989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1970, сакавіку — 3401, красавіку — 3440, траўні — 4719, чэрвені — 3701, ліпені — 5054.


Глядзіце таксама

Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі

Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».

Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.

Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.

Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Паводле «Свабоды».