Фрыдман: Польшча паслала сігнал Пекіну, і тон Лукашэнкі стаў міралюбным
Палітычны аглядальнік — пра тое, ці можа Пекін паўплываць на Лукашэнку.

Фота Getty Images
Намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што
Польшча можа закрыць чыгуначныя пераезды з Беларуссю. Ён нагадаў, што кітайскі
гандаль таксама ажыццяўляецца праз іх:
— Я думаю, што кітайцам давядзецца паслаць Лукашэнку правільны сігнал, каб ён не рабіў дзеянняў, якія ім нашкодзяць.
«Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам, ці можа Кітай уціхамірыць Лукашэнку.
— Як вы лічыце, наколькі рэалістычная версія, што Кітай у сувязі з асцярогамі за транзіт сваіх тавараў можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі, каб той паводзіў сябе міралюбна з суседзямі?
— Тут ёсць маса фактараў, якія тычацца перш за ўсё самога рэжыму Лукашэнкі і ступені яго залежнасці ад Расіі. Я мяркую, што сам Лукашэнка не зацікаўлены ў канфліктах на мяжы, якія могуць справакаваць яе закрыццё з усімі наступствамі. Яму гэта не трэба.
Іншае пытанне, што не на ўсе фактары вакол мяжы ён здольны ўплываць. Гэта тычыцца дзейнасці ПВК Вагнера, зацікаўленасці Расіі ў правакаванні НАТА і г. д.
Калі б усё было так проста, то ціск Пекіна на Лукашэнку мог бы стаць вызначальным, таму што кітайцы, вядома ж, не зацікаўленыя ў закрыцці мяжы Беларусі з ЕС, яны зацікаўленыя ў транзіце, і лішнія праблемы ім не патрэбныя.
Аднак польскі бок паводзіць сябе даволі разумна. Я думаю, тое, што было агучана, адбываецца і ў рэальнасці: Польшча дала зразумець Кітаю, што неабходна клапаціцца пра сітуацыю. Цалкам магчыма, што адпаведны імпульс з боку Кітая ўжо ідзе. Тон у Лукашэнкі (напрыклад, сёння) стаў куды больш міралюбным — без выклікаў і правакацый.
Глядзіце таксама

— Як агулам можна ахарактарызаваць палітыку Кітая ў дачыненні да Беларусі? Лукашэнка называе Сі Цзіньпіна «сябрам» — ці так гэта насамрэч?
— Катэгорыі сяброўства — не тыя катэгорыі, якія маюць значэнне ў кітайскай палітыцы. Яна падпарадкавана ўласным інтарэсам, і ніякіх асабістых фактараў у ёй няма. Пакуль у Беларусі ва ўладзе знаходзіцца рэжым, які заігрывае з КНР, сімпатызуе яму і садзейнічае прасоўванню кітайскіх інтарэсаў, ён задавальняе Пекін, і ў таго няма прычын быць асабліва незадаволеным гэтым рэжымам.
Кітайцы дазваляюць паблажліва казаць пра сяброўства па прынцыпе: хочаце нас называць сябрамі — называйце: нам ад гэтага ні горача, ні холадна. Лічыце нас сябрамі, пакуль нашы інтарэсы супадаюць, і вы не робіце нічога, што нашым інтарэсам нашкодзіла б.
Тое ж самае ў адносінах, між іншым, і да Пуціна. Ён таксама часта выкарыстоўвае тэрмін дружбы ў адносінах да Кітаю. Сі ветліва ўсміхаецца, але кітайская дыпламатыя не залежыць ад сімпатый, там пануе прагматызм.
У гэтым кантэксце польскі аргумент даволі здаровы. Кітаю адкрытым тэкстам кажуць: глядзіце, ёсць фактары, якія шкодзяць стабільнасці на мяжы, якія могуць паўплываць на транзіт вашых грузаў. А Лукашэнка — гэта чалавек, на рэжым якога вы можаце паўплываць, вось і паўплывайце.