Аляксандр Фрыдман: У Лукашэнкі няма асаблівага жадання шукаць кампрамісы з Захадам

Але і перспектыва застацца сам-насам з Пуціным з закрытымі межамі, у выпадку кансервацыі вайны, выглядае не найлепшым чынам, мяркуе Аляксандр Фрыдман. 

_belarus_horad_vosen_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

6 жніўня ў Варшаве прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023». Мерапрыемства правялі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада разам. Гэтая канферэнцыя стала штогадовай і традыцыйнай справаздачай дэмакратычных сілаў у выгнанні ды выпрацоўкай планаў на будучыню. Што ж прапануюць дэмакратычныя сілы на бліжэйшы год, якую тактыку і стратэгію яны прапануюць?

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Стратэгіі дэмакратычных сілаў няма, яны кажуць, што яна толькі выпрацоўваецца. Напэўна, яны будуць рэагаваць на дзеянні беларускага рэжыму адносна выбараў. Але відавочна, што сітуацыя для дэмакратычных сілаў вельмі цяжкая, бо ўплыву на сітуацыю ўнутры Беларусі яны фактычна не маюць. Акрамя таго, за тры гады ў эміграцыі — гэта ўжо бачна — разрыў паміж Беларуссю і дэмакратычнымі сіламі відавочны. Гэта фундаментальная праблема ўсіх палітыкаў у эміграцыі: ты можаш вельмі хутка страціць і пачуццё, і разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі.


Глядзіце таксама

Стратэгія як такая не прэзентавалася, але інструментарый і крокі зразумелыя. Стаўка робіцца на Захад, на падтрымку Захаду і на перамогу Украіны ў вайне. Усе разлікі зыходзяць з гэтага. Калі Украіна перамагае ў вайне, рэжым Пуціна ляснецца, разам з ім ляснецца і рэжым Лукашэнкі, адпаведна, дэмакратычныя сілы пры падтрымцы Захаду могуць узяць уладу. Значыць, трэба падтрымліваць Украіну і пры гэтым арыентавацца на Захад. Прыкладна такія планы вымалёўваюцца — іншага не бачу.

Адпаведна з гэтай стратэгіяй трэба ўзмацняць ціск на Лукашэнку, гэта значыць — узмацняць санкцыі. А другі кірунак — прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці, Міжнародны крымінальны суд, Гаага, ордэр на арышт — у гэтым напрамку дэмакратычныя сілы і дзейнічаюць.


Глядзіце таксама

А вось іншыя варыянты — і вельмі непрыемныя — фактычна сталі для дэмакратычных сілаў табу. Калі ўжо разглядаеш усе магчымыя варыянты па-за межамі таго, на які робіцца стаўка, то яны для Беларусі вельмі дрэнныя. Ужо не кажу пра перамогу Расіі, што яна дасягне сваіх мэтаў. Нават той варыянт, які на сённяшні дзень падаецца самым верагодным — замарозка вайны і прыход да карэйскага варыянту (вайна заканчваецца на пэўны перыяд у цяперашніх тэрытарыяльных межах, вайна замарозіцца, Захад будзе падтрымліваць Украіну, санкцыі застануцца, а на мяжы Беларусі і Еўразвяза канчаткова апусціцца жалезная заслона). Што рабіць у гэтай сітуацыі? Тут дэмакратычныя сілы слушна нічога не гавораць, бо ім няма чаго сказаць. Калі здарыцца такая кансервацыя сітуацыі, то ўсе надзеі на перамены ў Беларусі можна будзе пахаваць. І надзеі, што ў пэўны момант Лукашэнка фізічна памрэ, пры апісаным сцэнары (кансервацыя сітуацыі, жалезная заслона, уплыў Расіі), то прыклад Паўночнай Карэі прыводзіць нас да дынастычнага панавання. У Беларусі яно не абавязкова павінна быць дынастычным, але хто б ні прыйшоў да ўлады — Качанава, Галоўчанка, Церцель — нічога прынцыповага для Беларусі гэта не зменіць. 

Такая палярызацыя адбываецца. Дэмакратычныя сілы звязваюць уласны лёс з перамогай Украіны ў вайне і дапамогай Захаду. Іншых магчымасцяў проста няма, што, у сваю чаргу, зусім не азначае, што гэты варыянт спрацуе.

— У выпадку кансервацыі сітуацыі Захад гатовы пакласці Беларусь пад Расію?

— Праблема ў тым, што Захад нічога не зможа зрабіць. Калі запытаць кіраўніцтва Польшчы і Літвы пра тое, ці задаволены яны закрыццём межаў з Беларусі і фактычнай здачай Беларусі Расіі, то яны скажуць, што гэта зусім дрэнны варыянт. Але што яны могуць зрабіць? Нічога. Тое, што Захад быў у стане зрабіць, ён зрабіў. Добра, можна яшчэ падкруціць санкцыі. Але на трываласць рэжыму, на яго схільнасць да кампрамісаў санкцыі не ўплываюць. У гісторыі санкцыяў хапае прыкладаў, калі дыктатарскія рэжымы паказвалі схільнасць да кампрамісаў. Але з Лукашэнкам сітуацыя іншая: а навошта яму ісці на кампрамісы, што яго чакае? Ён пракруціў для сябе сітуацыю. Гіпатэтычна дапусцім, што дамовіцца ён з Захадам, і паўторыцца гісторыя другой паловы 2010-х гадоў: наступіць умоўная лібералізацыя, выпусціць ён усіх палітзняволеных, і ўвогуле сітуацыя палепшыцца. Але ж ён бачыў на ўласныя вочы, як ператварылася беларускае грамадства за гэтыя 5-6 гадоў і што ў выніку прывяло да падзеяў 2020 года. 

Акрамя таго, Лукашэнка ўжо чалавек ва ўзросце, разумее, што натварыў дастаткова і за гэта давядзецца адказваць. Усе кампрамісы з Захадам яму нічога не дадуць. Фактычна сёння ён дамагаецца ад Захаду таго ж, чаго дамагаецца з 1994 года: каб яго пакінулі ў спакоі, каб ён рабіў у Беларусі тое, што лічыць патрэбным. Гэта яго адвечная мара: гандаль з Захадам працягваецца, транзіт працягваецца, эканамічнае супрацоўніцтва ідзе поўным ходам, а ўнутры Беларусі ён робіць, што хоча, і яго за гэта ніхто не крытыкуе, ніхто не чапае, ніхто не ўводзіць санкцый і не жадае яго пакараць. Вось ягоная блакітная мара, якая працавала вельмі кароткі тэрмін: другую палову 2010-х гадоў. А зараз няма ніякага сэнсу гэта рабіць. Ён ведае, што ў яго абмежаваны час, ён разважае пра тое, што будзе пасля таго, як пакіне пасаду. Так што для яго няма асаблівага сэнсу шукаць кампрамісы.

І для Лукашэнкі варыянт кансервацыі сітуацыі не самы дрэнны, але ўсё ж і не лепшы. Я цалкам не згодны з тымі, хто кажа, што ён марыць ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю. Застацца з закрытымі межамі сам-насам з Пуціным, які ў выпадку кансервацыі вайны, а значыць, і канчатковых мэтаў ва Украіне не дасягне, не вельмі прыемны сцэнар для Лукашэнкі.