Аляксандр Класкоўскі: «Пашпарт новай Беларусі» распрацавалі, але як дайсці да гэтай Беларусі?
«Пашпарт новай Беларусі» — на падыходзе. Застаецца «дробязь» — вярнуць грамадзянам сваю краіну. Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі разважае пра гэта на «Позірку».
Адкрыццё канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» 6 жніўня ў Варшаве было змазана інцыдэнтам. Святлана Ціханоўская манатонна, без драйву зачытала ўступнае слова, галоўны сэнс якога зводзіўся да таго, што трэба быць больш аптымістычнейшымі. Верагодна, на яе ціснула тое, пра што было абвешчана ўслед: дэмакратычная лідарка на час мусіла пакінуць мерапрыемства па патрабаванні паліцыі з-за пагроз, якія паступілі на яе адрас.
Самая відавочная версія — што гэта былі інтрыгі спецслужбаў Аляксандра Лукашэнкі. І калі так, то ў гэтым ёсць свая сумная сімволіка: палітычная эміграцыя пакуль не можа дапячы рэжыму, а вось ён — дапякае нават за мяжой.
Спадзявацца на санкцыі, ордэр у Гаагу і перамогу Украіны
Па сутнасці, у сухім астатку канферэнцыі — некалькі дэкларатыўных дакументаў. Стратэгія дэмакратычных сіл у разгорнутым выглядзе — з механізмамі, парадыгмай дзеянняў — так і не прэзентаваная. Зразумела, што мэта — зрынуць рэжым. Але як гэта рэальна зрабіць?
Адна з ідэй (яе гарачы прамоўтар — Павел Латушка) — узмацняць санкцыі да таго часу, пакуль яны не паставяць цяперашнюю ўладу на калені, дамагацца крымінальнай адказнасці на міжнародным узроўні («ордэра ў Гаагу») для Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, што можа, нібыта, выклікаць раскол элітаў.
Але на палітыку заходніх санкцый беларуская апазіцыя ўплывае толькі ўскосна. Нават з улікам новага іх пакета гэта далёка не той узровень, каб рэжым, які абапіраецца на Маскву, пахіснуўся. І тэрмаядзерных санкцый у агляднай перспектыве не будзе.
Пагроза ж трапіць у Гаагу, цалкам верагодна, будзе толькі гуртаваць уладную кіраўніцтва беларускага рэжыму.
Былі на канферэнцыі і прыхільнікі, умоўна кажучы, мяккага падыходу. Напрыклад, Іван Краўцоў з каманды Віктара Бабарыкі зрабіў акцэнт на перспектыве нацыянальнага дыялогу. Але такога роду ідэі сёння ўспрымаюцца як утапічныя. Хоць, па вялікім рахунку, без дыялогу палярызаванае беларускае грамадства не склеіць. Схема, што ўвесь народ стогне пад дыктатурай, — занадта спрошчаная.
Адна з дэкларацый канферэнцыі тычыцца падтрымкі Украіны. Так, гэта вельмі важна. Але зразумела, што Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК) або Каардынацыйная рада (КР) не дадуць ваюючай краіне столькі дронаў, не кажучы ўжо пра «Леапарды» або F-16, колькі ЗША і іншыя краіны Захаду.
Між тым у Кіеве многія актары і спікеры глядзяць на мэтазгоднасць узаемадзеяння са структурамі Ціханоўскай гранічна прагматычна, жорстка-ўтылітарна, у духу «а колькі ў Папы Рымскага дывізій?». Хоць ёсць сімптомы, што лёд патроху размякчаецца.
Рэзка выступіў на канферэнцыі Павел Кухта, прадстаўнік кіеўскага палка Кастуся Каліноўскага (ПКК). Ён, натуральна, прасоўваў сілавы сцэнар змены ўлады і крытыкаваў тыя пасіўныя, «апартуністычныя» сілы ў апазіцыі, якія, быццам бы, спадзяюцца ў выніку геапалітычных турбацый шляхам перамоваў замяніць «дрэнных лукашыстаў на добрых» (што выглядала не зусім карэктна: ніхто такога шляху не прапануе). Хоць прагучаў і рэверанс: полк «прызнае ролю Святланы Ціханоўскай як міжнароднага прадстаўніка Беларусі».
Пры гэтым было паведамлена, што ўвосень ПКК правядзе ў Кіеве сваю канферэнцыю. Гэта значыць, перацягванне коўдры з вялікай верагоднасцю працягнецца.
Каліноўцы не ўтойваюць сваіх палітычных амбіцый і, скептычна ставячыся да структураў пад эгідай Ціханоўскай, відавочна хочуць стаць ядром нейкага іншага, больш дзейснага з іх пункту гледжання палітычнага цэнтра.
Але пры гэтым з кіраўніцтвам ПКК, падобна, не так проста зварыць кашу нават легендарнаму патрыярху апазіцыі Зянону Пазняку, якога ў пачатку года байцы на ўра прымалі ў франтавым Бахмуце. Стварэнне сумесна з рухам Пазняка «Вольная Беларусь» структуры, апрыёры гучна названай Радай бяспекі, пакуль пастаўленае на паўзу. Тым больш не зрастаецца з каліноўцамі ў «міністра абароны» АПК Валерыя Сахашчыка.
Дарэчы, той на канферэнцыі з армейскай шчырасцю заклікаў разглядаць і такі варыянт, што Расія можа не прайграць вайну.
І сапраўды — што тады? Бурыцца ўвесь ланцужок: маўляў, украінцы руйнуюць рэжым Пуціна, за ім адразу захістаецца рэжым Лукашэнкі, а тут і мы спрытна выкарыстоўваем вакно магчымасцяў.
Каліноўцы заклікаюць стварыць нацыянальна-вызваленчы рух. На варшаўскай жа канферэнцыі прасоўвалася ідэя стварыць «шырокі» рух «Новая Беларусь». Падобна на тое, пакуль гэтым дзвюм лініям сысціся не наканавана.
Еўрапейскі выбар для масы беларусаў пакуль не відавочны
Таксама прынятая Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў ЕС. І гэта таксама спараджае калізію.
З аднаго боку, еўрапейскі шлях — лагічная альтэрнатыва так званай інтэграцыі з Расіяй, якая абарочваецца паўзучай інкарпарацыяй. Крытыкі Ціханоўскай даўно патрабавалі ад яе дакладна вызначыцца з геапалітычным выбарам — і не стамляюцца папракаць даўнімі словамі пра «мудрага Пуціна». Сёння яна заявіла: «Наша мэта — вырваць Беларусь з расійскай арбіты».
З іншага боку, сацыялогія — у прыватнасці даследаванні пад эгідай Андрэя Вардамацкага — паказвае, што выбар на карысць саюза з РФ прыкметна больш папулярны сярод беларусаў, чым варыянт уваходжання ў ЕС.
Тут скажуць: дык трэба мацней агітаваць за Еўропу. Так, але паспрабуй разгарні такую агітацыю, калі нават за чытанне названых экстрэмісцкімі СМІ ў Беларусі могуць пасадзіць за краты.
Еўрапейскі выбар больш уласцівы пратэставай частцы беларусаў. Дык, можа, лідарам, штабам дэмакратычных сіл і варта рабіць стаўку на гэтую частку грамадства? Іншыя так і разважаюць: навошта нам балота, яно нічога не вырашае, перамены заўсёды творыць пасіянарная меншасць. Іншыя ж кажуць пра небяспеку скаціцца ў сектанцтва, канчаткова сысці ў паралельныя сусветы, яшчэ больш адарвацца ад масы электарату, якая ўжо і сёння часцяком не бачыць перасячэння сваіх інтарэсаў з лозунгамі тых, каго Лукашэнка пагардліва называе «збеглымі».
Увогуле, гэта таксама канцэптуальны выклік, на які пакуль няма дакладнага адказу.
Мінус Азараў. Але справа не толькі ў персаналіях
У заключным слове Ціханоўская абвясціла пра рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку. Што было чакана: рэпутацыю гэтага чальца Кабінета моцна падмачыў скандал у аб'яднанні былых сілавікоў ByPol, а па выніках слуханняў, якія адбыліся напярэдадні, недавер да Азарава выказаў КС.
Самі слуханні сталі дэманстрацыяй падзелу ўладаў, якога няма ў сістэме Лукашэнкі. Протапарламент заслухаў «міністраў» Ціханоўскай. Праўда, пакуль гэта такі эксперымент у прабірцы. Але многія актывісты падкрэсліваюць, што падобная практыка важная ў плане выпрацоўкі палітычнай культуры, фарміравання ў лідараў палітычнай альтэрнатывы пачуцця адказнасці.
Іншая справа, што крытыкі самога КС працягваюць задаваць сакраментальнае пытанне: а хто ўсе гэтыя людзі? Так, усенародных выбараў «протапарламентарыяў» не было. На канферэнцыі прагучаў намер правесці ў 2024 годзе дэмакратычныя выбары КС як прадстаўнічага органа беларускага народа.
Верагодна, з гэтага паспрабуюць зрабіць альтэрнатыву лукашэнкаўскім «выбарам» у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы (Гэтая кампанія рэжыму на канферэнцыі апрыёры абвешчаная фарсам). Аднак ва ўмовах рэпрэсій, страху забяспечыць масавае галасаванне беларусаў за кандыдатаў у новы склад КС, нават на віртуальнай платформе, — справа вельмі няўдзячная.
Калі рэжым здолее выстаяць, то лёгка прагназаваць, што і прэзідэнцкія выбары-2025, на якіх Лукашэнка, верагодна, захоча праштампаваць сабе новы тэрмін, яго праціўнікі загадзя назавуць фарсам. Але гэта не вырашыць аўтаматычна праблему далейшай легітымнасці Ціханоўскай, яе палітычны капітал рызыкуе скончыцца.
Гэта будзе назаўсёды, пакуль не скончыцца
Такім чынам, галоўная прэтэнзія да арганізатараў канферэнцыі — што ў яе дакументах стратэгія змены рэжыму выглядае дэкларатыўна. Пра механізмы гаворыцца мала. Альбо ж гэта тыя механізмы, на якія апазіцыя мала ўплывае.
Лёгка кідаць камяні. Да таго ж варта заўважыць: самі такога роду мерапрыемствы — у значнай меры шоу. Гэта апрыёры не той фармат, калі можна згенераваць стратэгію. За дзень на каленцы гэта не робіцца.
І калі з гэтым у прынцыпе тормаз — значыць, ніякіх цудадзейных механізмаў папросту няма. Закавыка не ў тым, што ў праціўнікаў рэжыму мала мазгоў або энергіі. Гэта заканамерныя гістарычныя працэсы, праз якія не пераскочыш.
Услед за разгромам мірнай рэвалюцыі 2020 года наступіла фаза контррэвалюцыі, махровай рэакцыі. Так, у гістарычнай перспектыве рэжымы Лукашэнкі і Пуціна выглядаюць асуджанымі, але гэта можа быць слабым суцяшэннем, калі мераць хуткаплыннасцю чалавечага жыцця. Зрэшты, у савецкі час многім таксама здавалася, што гэта назаўжды, пакуль гэта не скончылася.
На панэлі, прысвечанай вобразу новай Беларусі, гучала шмат добрых думак. Важна, што канцэпцыі пераменаў у розных сферах распрацоўваюцца. Адной з падзей канферэнцыі стала прэзентацыя «пашпарта новай Беларусі». Рэч, вядома, вельмі патрэбная, перш за ўсё для тых, каго рэжым выцесніў за мяжу. Але каб дакумент прызналі ў дастатковай колькасці краін, ініцыятарам трэба будзе прарабіць немалы шлях.
Аднак тут хоць бы схема ясная. А вось як дайсці да самой новай Беларусі і колькі зойме такі шлях — гэта пытанне нашмат складаней, і яно працягвае вісець у паветры.
Пераклад «НЧ»