Аляксандр Азараў не будзе прадстаўніком Аб'яднанага пераходнага кабінета (абноўлена)
Святлана Ціханоўская прыняла рашэнне.

Фота з архіва Аляксандра Азарава
Каардынацыйная рада (КС) не зацвердзіла Аляксандра Азарава ў якасці прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па аднаўленні правапарадку і законнасці і «не рэкамендуе падаўжаць яго прадстаўнічыя функцыі».
Інфармацыя пра гэта з'явілася ў тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады.
За Азарава прагаласавалі 11 дэлегатаў КС, супраць — 35, 30 устрымаліся. Канчатковае рашэнне пра зняцце або нязняцце з пасады Азарава павінна прыняць Святлана Ціханоўская.
— Гэта справа Каардынацыйнай рады. Я прымаю гэта рашэнне. Гэта дэмакратыя. Але я застаюся працаваць далей: план «Перамога», барацьба з рэжымам. Не збіраюся на пенсію, так што Жыве Беларусь! — сказаў Азараў у каментары «Люстэрку».
— План «Перамога» застаецца ў BYPOL. Як яны будуць суадносіццца з кабінетам? — спыталі ў яго журналісты.
— А гэта рашэнне будзе прынята сёння. План «Перамога» ў BYPOL, канечне.
Глядзіце таксама

Нагадаем, учора, 5 жніўня, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку выступіў са справаздачай перад дэлегатамі Каардынацыйнай рады. У прыватнасці, ён сказаў, што ў выпадку яго сыходу з працы ў Кабінеце даныя плана «Перамога» застануцца ў арганізацыі BYPOL, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае.
Аляксандр Азараў быў прызначаны прадстаўніком АПК у жніўні 2022 года. Учора ён распавёў, што фактычна супрацоўнікамі апарата прадстаўніцтва былі людзі з BYPOL. Але пасля расколу ў арганізацыі частка супрацоўнікаў стварыла яшчэ адно аб'яднанне былых сілавікоў — BELPOL. У звольненых калегаў Азарава паўсталі пытанні да фінансавай справаздачнасці. У выніку цяпер праводзіцца аўдыт BYPOL, які працягнецца да сярэдзіны жніўня.
Глядзіце таксама
