Крызіс вырашаны? Пасля сустрэчы з Ціханоўскай BYPOL працягне працу

Пасля ўчорашняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай ініцыятыва былых сілавікоў працягне працу, але ў змененым складзе і ў іншых фарматах. Пра вынікі перамоў паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.

Фота: «BYPOL»

Фота: «BYPOL»

У выніку перамоў з Ціханоўскай арганізацыя, якая апынулася на ростанях і ў цэнтры скандалу, працягне працу на наступных умовах:

1. Адбываецца рэарганізацыя працы «BYPOL». Аб’яднанне сілавікоў Беларусі (куды ўваходзяць Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар і іншыя) аддзяляецца ад фонду «BYPOL» і ў бліжэйшы час вызначыцца з назвай, формай юрыдычнай асобы і кірункамі працы.

2. У зоне адказнасці Станіслава Лупаносава і Аляксандра Азарава застаецца план «Перамога». План «Перамога» знаходзіцца ў поўнай бяспецы, працягваецца праца па яго напаўненні і падрыхтоўцы.

3. Каналы медыя «BYPOL» дзеляцца наступным чынам: Telegram, Instagram, Youtube застаюцца за Аб’яднаннем сілавікоў Беларусі; Facebook, TikTok і сайт — за «BYPOL» пад кіраўніцтвам Аляксандра Азарава.

4. Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся на праходжанне паліграфа незалежным экспертам у бліжэйшыя два месяцы.

5. У «BYPOL» у найбліжэйшы час будзе праведзены фінансавы аўдыт незалежнай кампаніяй, якую ўхваляць абодва бакі. Арганізацыя выплаціць пазыкі па зарплатах.

6. Уводзіцца мараторый на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку, а таксама любыя дзеянні, якія прычыняюць шкоду другому боку і «BYPOL» як супольнасці. Бакі імкнуцца да паразумення і суіснавання.

Нагадаем, 8 чэрвеня прадстаўнік і адзін з самых вядомых удзельнікаў «BYPOL» Аляксандр Азараў выпусціў відэа, у якім распавёў аб звальненні з арганізацыі групы супрацоўнікаў, а таксама аб страце доступу да ютуб-канала  і сацсетак структуры.

У сваёй заяве Азараў сказаў, што звальненне супрацоўнікаў выклікана тым, што яны адмовіліся праходзіць праверку на паліграфе. Сярод звольненых — адзін з «медыйных» твараў арганізацыі Мацвей Купрэйчык.

Паводле слоў кіраўніка «ByPol», менавіта Купрэйчык нібыта датычны да страты доступу да ютуб-канала і сацсетак, бо, сыходзячы з працы, «прыхапіў з сабой» усе паролі.

Адмова ж прайсці паліграф, якая прывяла да звальненняў, паводле слоў Азарава, выклікала да супрацоўнікаў «недавер і падазрэнні». У сваім выступленні кіраўнік ініцыятывы нават не выключае супрацоўніцтва Купрэйчыка з лукашэнкаўскімі спецслужбамі, але ўдакладняе, што сцвярджаць гэтага не можа.

Пры гэтым Азараў запэўніў, што апошнія падзеі ў «BYPOL» нічым не пагражаюць удзельнікам плана «Перамога».

У той жа вечар у тэлеграм-канале «BYPOL» з'явіўся допіс, у якім ад імя калектыву арганізацыі гаворыцца аб выключэнні са складу ініцыятывы Аляксандра Азарава і іншага супрацоўніка, Станіслава Лупаносава.

«Аб'яднанне сілавікоў Беларусі «BYPOL», каб пазбегнуць непаразуменняў, вымушана давесці наступную інфармацыю, — гаварылася ў паведамленні. — Аляксандр Азараў не з'яўляецца і ніколі не быў заснавальнікам альбо кіраўніком «BYPOL». Фонд «BYPOL» быў створаны 26 мая 2021 года ў якасці тэхнічнага элемента функцыянавання «BYPOL». Азараў быў прызначаны прэзідэнтам гэтага фонду для выканання фармальных функцый. Таксама ўказаная асоба з'яўлялася адной з «медыйных персон» «BYPOL».

Адзначалася, што калектыў «BYPOL» «не вылучаў кандыдатуру Азарава ў якасці прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі».

«У цяперашні час супрацоўнікамі «BYPOL» праводзіцца ўнутранае разбіральніцтва адносна правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацый вышэй названага фонду (спадзяемся, вы зразумелі, што хаваецца за гэтай «абцякальнай» фразай). Пры гэтым намінальныя заснавальнікі фонду «BYPOL» — Азараў і Лупаносаў — у парушэнне нарматыўных дакументаў адмаўляюцца прадастаўляць фінансавую справаздачнасць, нават па пісьмовых запытах афіцыйных членаў праўлення фонду», — было сказана ў заяве.

Падкрэслівалася, што «вось ужо чатыры дні самапрызначаны «кіраўнік» «BYPOL» хаваецца ад калектыву, не з'яўляецца ў офіс, спрабуе рассылаць у СМІ недакладную інфармацыю ў дачыненні да супрацоўнікаў».

«Мы не хацелі выносіць названыя праблемныя пытанні за межы калектыву «BYPOL». З мэтай недапушчэння дыскрэдытацыі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, прадстаўніком якога Азараў пакуль з'яўляецца, і іншых беларускіх дэмакратычных структур пісьмова праінфармавалі аб сітуацыі, якая склалася, Офіс Святланы Ціханоўскай і АПК. Аднак, наколькі нам вядома, Азараў адмовіўся пачуць «голас розуму» і канструктыўна супрацоўнічаць па цывілізаваным урэгуляванні сітуацыі», — сцвярджалася ў допісе.

Як бачым, пасля сустрэчы з Ціханоўскай супярэчнасці, прынамсі, з фармальнага боку, вырашаны, і былыя сілавікі, якія ў 2020 годзе перайшлі на бок народа, працягнуць працу асобна. Наколькі эфектыўнай будзе гэтая праца, час пакажа.