Аляксандр Класкоўскі: ByPol размнажаецца дзяленнем
Як скандал ударыў па плане «Перамога» і рэпутацыі кабінета Ціханоўскай. Прычым раскол у шэрагах былых сілавікоў ByPol наносіць страты ўсяму дэмакратычнаму руху, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на старонках «Позірк. Навіны пра Беларусь»
Каманда Святланы Ціханоўскай паспрабавала аператыўна разруліць канфлікт у аб'яднанні былых сілавікоў ByPol. Па выніках сустрэчы з Ціханоўскай тыя дамовіліся падзяліцца на дзве структуры.
Будзе праведзены фінансавы аўдыт, уводзіцца мараторый «на ўзаемныя абвінавачанні і публічную крытыку». Але скандал ужо выліўся, пытанні да яго ўдзельнікаў — і не толькі да іх — застаюцца.
Ахвочых запісвацца ў план напэўна паменшыцца
Расколы пасля сварак (часта на глебе банальнай барацьбы за рэсурсы) характэрныя для любой апазіцыі, асабліва калі яна ўперлася ў сцяну моцнага яшчэ рэжыму. Грашыла гэтым і старая беларуская апазіцыя. У свой час раскалоўся Беларускі народны фронт, што відавочна не пайшло на карысць гэтай некалі магутнай сіле. А сацыял-дэмакратычных партый атрымалася аж тры, што спарадзіла жарт: эсдэкі ў Беларусі размнажаюцца дзяленнем.
Цяпер тое ж самае можна сказаць пра байполаўцаў. Прычым раскол у іх шэрагах наносіць страты ўсяму дэмакратычнаму руху.
ByPol у многіх асацыяваўся перш за ўсё з планам «Перамога» — сцэнарам звяржэння рэжыму з апорай на сілавы кампанент. Пасля паразы мірных пратэстаў 2020 года менавіта такі шлях стаў набіраць папулярнасць сярод праціўнікаў сістэмы Аляксандра Лукашэнкі, у бок такіх метадаў стала дрэйфаваць і каманда Ціханоўскай.
«Перамогу» актыўна піярыў Аляксандр Азараў, якога ўсюды прадстаўлялі як кіраўніка ByPol і статус якога цяпер няясны. У ходзе скандалу апаненты Азарава заявілі, што той ніколі не быў кіраўніком грамадскай арганізацыі ByPol, а толькі ўзначальваў аднайменны фонд. Гэта значыць, з'яўляўся, маўляў, хутчэй тэхнічнай фігурай.
Так ці інакш, але ў мінулым годзе Азараў сцвярджаў, што ў план «Перамога» запісалася каля 200 тысяч чалавек. Паводле задумы, гэтыя заканспіраваныя людзі ўнутры Беларусі ў гадзіну «Ч» павінны былі дружна падняцца супраць рэжыму, будучы гатовымі ўжыць, у адрозненне ад 2020 года, і зусім не аксамітныя метады.
Зразумела, што Лукашэнка і ягоная прапаганда ўсяляк перамяншалі патэнцыял плана. Зрэшты, і шэраг незалежных аналітыкаў моцна сумняваліся, што ва ўмовах лютых рэпрэсій унутры краіны беларусы масава запісваюцца ў «тэрарысты» па паняццях рэжыму.
Як бы там ні было, лёгка прадказаць, што цяпер жадаючых удзельнічаць у плане «Перамога» напэўна паменшыцца. Больш за тое, шмат у чым дыскрэдытаваны сам гэты праект (які, падобна, напружваў вышэйшае кіраўніцтва рэжыму пры ўсёй іх бравадзе).
Па выніках сустрэчы байпалоўцаў з Ціханоўскай дамоўлена, што план «застаецца ў адказнасці Станіслава Лупаносава і Аляксандра Азарава». Прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) падкрэслівае, што план «знаходзіцца ў поўнай бяспецы, працягваецца праца па яго напаўненні і падрыхтоўцы».
Зразумела, чаму робіцца акцэнт на тым, што ўцечак інфармацыі з «Перамогі» не выяўлена. Бо калі такія звесткі трапяць да сілавікоў Лукашэнкі, кашмарныя турэмныя тэрміны запісаным у гэтую ініцыятыву гарантаваныя.
Але нават калі зліву канфідэнцыйнай інфармацыі ў гэтым сюжэце няма і не будзе, новых праблем з напаўненнем плана — перш за ўсё канкрэтнымі «штыкамі» — не пазбегнуць.
Цяпер многія прыхільнікі звяржэння Лукашэнкі разважаюць прыкладна так: калі ў структуры, якая прэтэндавала на кіраўніцтва сакрэтнай аперацыяй гістарычнага маштабу, не маглі ціха і культурна разабрацца паміж сабой, задумалі публічнае ператрасанне бруднай бялізны, то як гэтым людзям, калі ўжо казаць патэтычна, можна даверыць свае лёсы і лёс Радзімы?
Сілавыя міністры Ціханоўскай зорак з неба не схапілі
Скандалу ў ByPol і вакол яго надае пікантнасці тое, што Азараў уваходзіць ва ўзначалены Ціханоўскай АПК.
Адзначым, што ў плане метадаў барацьбы супраць рэжыму Ціханоўская і яе каманда прарабілі прыкметную эвалюцыю. Спачатку стаўка была на мірныя пратэсты, потым — на перамовы з рэжымам (памятаеце, нават галасавалку такую запускалі вясной 2021-га?). Але чым далей, тым ясней станавілася, што па-добраму ўлады не разумеюць.
Сілавы ж сцэнар стаў асабліва папулярным пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, калі на арэну выйшаў — і неўзабаве заявіў свае палітычныя амбіцыі — полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК).
Адказам на новыя выклікі, паводле задумы, павінна было стаць уключэнне ў створаны ў жніўні мінулага года АПК двух «сілавых міністраў» — Азарава (умоўнае МУС) і Валерыя Сахашчыка, бравага экс-камандзіра брэсцкіх дэсантнікаў (умоўнае Міністэрства абароны). Але за мінулы час асаблівых поспехаў у барацьбе з рэжымам яны — чакана — не забяспечылі.
З ПКК у Сахашчыка, падобна, не зраслося. Толькі нядаўна ён — сам у баявым антуражы — засвяціўся з асцярожнай інфармацыяй аб беларускай дэсантна-штурмавой роце, якая ваюе на баку Кіева, да стварэння якой, трэба разумець, прыклаў руку.
Але рота — гэта не вельмі багата. І ў любым выпадку, варыянт вызвольнага паходу на Мінск беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць у складзе Узброеных Сіл Украіны, пакуль, на думку сур'ёзных экспертаў, выглядае вельмі гіпатэтычна.
Тым часам Сахашчыка таксама не абмінулі скандалы, а легендарны Зянон Пазняк (які спрытна перайграў кабінет Ціханоўскай у спаборніцтве за сімпатыі ПКК) заявіў, што падпалкоўнік не апраўдаў яго даверу.
Заявы ж Азарава аб масавасці і магутным патэнцыяле «Перамогі» публіцы і зусім прапаноўвалася прымаць на веру. Пры гэтым у яго заявах прарывалася і нейкая пыха ў адносінах да людзей, заціснутых жахлівымі рэпрэсіямі. У лютым, напрыклад, прагучала, што «план [«Перамога»] будзе запушчаны, калі беларусы ў краіне будуць гатовыя нешта рабіць, а не, як цяпер, сядзець па дамах і баяцца».
Зорнай гадзінай Азарава стала сітуацыя маўчання ўладаў Беларусі і зразумелая сціпласць украінскага боку ў гісторыі з пашкоджаннем расійскага вайсковага самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы пад Менскам.
Праўда, скептыкі першапачаткова падвяргалі сумневу ролю ByPol у той дыверсіі. Цяпер, на фоне скандалу ў самой арганізацыі, гэты скепсіс — і не толькі адносна лаўраў за Мачулішчы, але і адносна ўсіх бравурных рэляцый — трэба думаць, прыкметна ўзмацніцца.
Такім чынам, з аднаго боку, Ціханоўская і яе каманда сталі дрэйфаваць у бок сілавых сцэнарыяў змены рэжыму, з другога — уключаныя ў АПК сілавікі зорак з неба не схапілі, многіх расчаравалі.
Скандал ByPol асабліва адчувальны таму, што розныя апазіцыйныя стратэгі сыходзяцца ў меркаванні: у гадзіну «Ч» галоўнае павінна адбыцца ўнутры краіны. Без гэтага ніякае ўварванне не дапаможа.
Чарговы кадравы пракол?
І наогул, Ціханоўскай у гэтай гісторыі не пазайздросціш. Калі пасля разбору палётаў Азараў, да якога ўсплыло столькі пытанняў, застанецца чальцом АПК, то многія палічаць, што яго кіраўнік выгарадзіла свайго, палічыла за лепшае абараніць “гонар мундзіра”. Нават калі аўдыт не выявіць сур'ёзных парушэнняў. Бо па ходзе скандалу апаненты Азарава дружна абвінавачвалі яго ў аўтарытарным стылі кіраўніцтва, няўменні працаваць з людзьмі.
Да таго ж, трэба разумець, гэтага чалавека ўключылі ў АПК менавіта ў якасці кіраўніка ўсяго ByPol, лідара былых сілавікоў рэжыму, якія перайшлі, як патэтычна гаварылася ў 2020-м, на бок народа, а не як дырэктара нейкага зарэгістраванага ў Польшчы фонду. І як быць цяпер, пасля расколу?
Калі ж Ціханоўская здыме Азарава, то атрымаецца, што амаль год адным з яе ключавых міністраў быў «не той» чалавек. Што каманда дэмакратычнага лідара зноў пракалолася ў кадравым пытанні. Зноў — таму што ўжо быў кейс Таццяны Зарэцкай, якая нядоўга пабыла прадстаўніком АПК па фінансах і эканоміцы і сышла пасля гучных негатыўных публікацый у СМІ.
Да таго ж па ўскосных сведчаннях можна зразумець, што ўдзельнікі канфлікту ў ByPol ды таго, як ён выплюхнуўся на публіку, шукалі медыятара і, верагодна, апелявалі да прадстаўнікоў каманды Ціханоўскай. Але па нейкіх прычынах там не адрэагавалі своечасова ці не змаглі ўтаймаваць сітуацыю.
Зрэшты, пасля таго, як скандал стаў публічным, Ціханоўская і яе паплечнікі павялі сябе ў піяраўскім сэнсе значна больш пісьменна, чым у выпадку Зарэцкай. Тады паспяшаліся апрыёры выказаць ёй падтрымку і абвінавацілі журналістаў у тым, што яны нібыта ідуць на па паваду ў спецслужбаў. Цяпер скандал з ByPol пастараліся хутка пагасіць пасрэдніцтвам.
Аднак у любым выпадку, як бы ні скончылася разбіральніцтва, ужо ў наяўнасці вялікія рэпутацыйныя выдаткі для ўсяго АПК і Ціханоўскай асабіста. Прычым незалежна ад таго, што ляжыць у аснове канфлікту — майстэрская праца спецслужбаў Лукашэнкі ці «ўсяго толькі», скажам мякка, няспеласць некаторых персанажаў з іншага лагера.
Так, скандал, верагодна, атрымаецца купіраваць. Яго ўдзельнікам сказалі «брэйк», іх развялі па розных кутах рынга. Але ў значнай ступені дыскрэдытаваны сам брэнд ByPol, роўна як і план «Перамога». Улады ж, сілавікі і прапаганда Лукашэнкі атрымалі шыкоўны падарунак.
Для Ціханоўскай і яе каманды скандал у ByPol і вакол яго — вельмі сур'ёзнае выпрабаванне. Многае ў гэтай гісторыі ўжо не склеіш, але ад якасці «разбору палётаў» і мудрасці высноў залежыць, наколькі ўдасца мінімізаваць выдаткі. Сочым за развіццём сюжэту.
Пераклад «НЧ»