Ціханоўская: Хто дапаможа беларусам?

Рэжым атрымлівае асалоду ад таго, што яны маюць уладу над людзьмі. Што можа супрацьпаставіць гэтаму грамадства? Толькі згуртаванасць і ўзаемадапамогу.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo_1.jpg

Міжнародныя арганізацыі аказаліся імпатэнтнымі ў дапамозе палітвязням.

Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці імпрэзы «Яднайся» ў Варшаве: «Мы мацнейшыя, калі любім».

«Мы, беларусы, — нацыя супольнасцяў. На працягу дзесягоддзяў нас спрабавалі падзяліць, пасварыць, але мы зноў збіраліся разам. Нас спрабавалі загнаць у падполле, але мы зноў вярталіся. У Максіма Знака ёсць цудоўны верш «Бульба», дзе ён піша: «Яны думалі – нас пахавалі… А мы бульба! Як нас пахаваць?». Максім апісвае цудоўную здольнасць беларусаў да выжывання ў самых складаных умовах, дзякуючы нашай салідарнасці і дзякуючы нашай любові.

Любіце Беларусь у сабе. Гадуйце яе, узмацняйце. Менавіта гэта любоў да Беларусі, якую мы, кожны з нас, носім у сабе, дазволіць нам прайсці гэты змрочны час, перамагчы зло, і адбудаваць сваю краіну», — перадае словы Ціханоўская яе прэс-служба.


Таксама Святлана Ціханоўская ў Варшаве на фестывалі «Яднайся» адзначыла, што ніякія міжнародныя арганізацыі не могуць палепшыць лёс беларускіх палітвязняў:

«Чырвоны крыж — колькі разоў мы сустракаліся: «Ідзіце і патрабуйце доступу да палітвязняў. У нас гуманітарны спіс ёсць», — цытуе словы Ціханоўскай «Позірк».

Паводле слоў беларускай лідаркі, у арганізацыі ёй адказвалі, што ў іх «няма доступу, яны не могуць».

Ціханоўская звярнула ўвагу на дыпламатычныя кантакты Швейцарыі і ЕС з афіцыйным Мінскам, але «яны нічога не могуць зрабіць», паколькі ўлада «не паважае ніякія міжнародныя абавязацельствы».

«Ну вось што ты тут зробіш? — адзначыла Ціханоўская. — Рэжым не ідзе насустрач такім заклікам: «Адпусціце людзей, у якіх рак, у якіх дыябет...» Не, яны атрымліваюць асалоду ад таго, што яны маюць уладу».

Адзінай дзейснай стратэгіяй экс-кандыдат у прэзідэнты назвала працяг ціску на афіцыйны Мінск і заклікала дапамагаць палітвязням, прызнаўшы недастатковасць інстытуцыйнай падтрымкі.


Паводле “Позірк”, прэс-служба Святланы Ціханоўскай