Ці падтрымаюць беларусы сілавы сцэнар пазбаўлення ўлады Лукашэнкі?

Чаму Ціханоўская так асцярожна выказваецца ў дачыненні да сілавога варыянту? Ці паўплывае скандал у BYPOL на прыхільнікаў пераменаў?

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg


Пра гэта разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман у новым выпуску праекта «Шрайбман адкажа» для «Люстэрка». 

— Нядаўна прайшла сустрэча палка Каліноўскага і Святланы Ціханоўскай, вайскоўцы казалі, што цяпер у Беларусі магчымы толькі сілавы сцэнар. Чаму палітык так асцярожна выказваецца ў дачыненні да гэтай ідэі?

— Я бачу тут дзве прычыны, і адна з іх — тая, якую вы апісалі. Гэта страх здацца занадта радыкальнай, страціць падтрымку нават сваіх сённяшніх прыхільнікаў або стаць абсалютна непрымальнай фігурай для большасці грамадства. Складана ацэньваць апытаннямі гатоўнасць беларусаў падтрымаць сілавы сцэнар. Адно з даследаванняў "Беларускага трэкера пераменаў" летась паказала, што больш за 40% рэспандэнтаў (а гэта гараджане з доступам у Інтэрнэт) сказалі, што яны падтрымалі б сілавы варыянт зрушэння Лукашэнкі з пасады. Але гэта не тое самае, што падтрымаць ідэі аб вызваленчым паходзе добраахвотнікаў на Беларусь пасля перамогі над Расіяй.



Значная частка апанентаў Лукашэнкі можа хацець, каб яго хтосьці прыбраў, хай і з ужываннем сілы, але без таго, каб на вуліцах гарадоў быў гвалт ці масавыя ахвяры. Іншыя даследаванні паказваюць, што беларусы працягваюць заставацца пацыфістамі.

Напрыклад, такія вынікі аднаго з апошніх апытанняў Chatham House, рэспандэнты якога — гэта таксама гараджане з доступам у Інтэрнэт.

Так, 56% рэспандэнтаў заяўляюць, што яны б падтрымалі неадкладнае спыненне агню ва Украіне — так, каб лінія фронту зафіксавалася і салдаты перасталі страляць. І толькі дзве адносна невялікія групы па краях грамадства жадаюць, каб альбо Расія, альбо Украіна вяла вайну да пераможнага канца.

Стаўленне беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту, якія жывуць у гарадах, да варыянтаў заканчэння вайны ва Украіне. Слайд: даследаванне Chatham House

Стаўленне беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту, якія жывуць у гарадах, да варыянтаў заканчэння вайны ва Украіне. Слайд: даследаванне Chatham House


Атрымліваецца, што, выступіўшы не толькі за вайну да перамогі Украіны, але яшчэ і за ідэі каліноўцаў аб сілавым вызваленні Беларусі, Ціханоўская рызыкуе замацавацца ў зоне ніжэй за 10% падтрымкі — і ніколі не вярнуцца да нечага больш масавага.

Шчыра кажучы, мы не ведаем, ці апраўданы гэты страх. Цалкам магчыма, што яе электарат ужо сціснуўся да такіх памераў, што далейшая радыкалізацыя рыторыкі не моцна нечаму пашкодзіць. Але Ціханоўская і яе каманда відавочна не хочуць рызыкаваць і абразаць сабе масты да ўсё яшчэ па-пацыфісцку настроеных апанентаў Лукашэнкі.

Я думаю, ёсць і другая прычына. Беларускія дэмсілы залежаць не толькі ад унутранай, але і ад знешняй падтрымкі. Я кажу не толькі пра фінансы, хоць і пра іх таксама, але і пра ўзровень дыпламатычных кантактаў і прызнанне, якія атрымала Ціханоўская пасля 2020 года. Мяркуючы па розных сігналах ад дэмсілаў і па маіх зносінах з заходнімі дыпламатамі, амаль ніхто з іх не гатовы падтрымаць пераход дэмсіл на пазіцыі гвалтоўнай барацьбы.

Украіна і Беларусь усё яшчэ разглядаюцца як два абсалютна розныя кейсы на Захадзе. У адным выпадку Захад гатовы нават даваць зброю для барацьбы з агрэсарам. У іншым — не гатовы нават на словах падтрымаць пераход рысы з ненасілля ў сілавы супраціў. Заходнія палітыкі лічаць усё яшчэ недапушчальным для сябе публічна падтрымліваць праекты па сілавым звяржэнні, хай і дыктатарскай, але ўсё яшчэ дзеючай у краіне ўлады.

Прыкладна па такой жа логіцы Украіне не дазваляюць заходняй зброяй біць па расійскай тэрыторыі, а расійскі народ не заклікаюць да ўзброенага паўстання. Хоць у прынцыпе гэта дапамагло б Украіне на франтах. А паколькі ў Ціханоўскай няма сваіх дывізій, якія рвуцца вызваляць краіну, ёй і яе камандзе, мяркуючы па ўсім, не вельмі зразумела, што менавіта яны выйграюць, калі цалкам перайдуць на радыкальныя рэйкі, акрамя сімпатыі некалькіх сотняў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. А вось рызыкі такога пераходу цалкам адчуваюцца.


— Як скандал вакол «Байпола» можа паўплываць на пазіцыі Офіса Святланы Ціханоўскай і Пераходнага кабінета сярод прыхільнікаў перамен?

— Па-першае, гэты канфлікт — самы сур’ёзны ўдар па самім «Байполе» за ўвесь час яго існавання. Фактычна, арганізацыя распалася, адзінага «Байпола» больш не існуе. Больш глубокая праблема нават не ў тым, хто мае рацыю ў спрэчках пра фінансавыя справаздачы ці пра паліграф. Здаецца, праз медыяцыю канфлікту Кабінетам Ціханоўскай, праз належны аўдыт, незалежны паліграф для ўсіх удзельнікаў канфлікту ўсе гэтыя пытанні можна так ці інакш вырашыць. Сутнасць крызісу і яго галоўныя наступствы — гэта падрыў даверу ў прадэмакратычных беларусаў да арганізацыі экс-сілавікоў.

«Байпол» і яго флагманская ініцыятыва план «Перамога» цалкам залежаць ад таго, наколькі людзі «на зямлі» давяраюць таму, што арганізацыяй кіруюць сумленныя кампетэнтныя людзі, якія працуюць як адна каманда, давяраюць адзін аднаму і ў момант Х будуць аддаваць цвярозыя інструкцыі.

Таксама вельмі важна, наколькі надзейна гэтыя людзі ахоўваюць прыватныя даныя тых, хто даверыўся ім і запісаўся ў план «Перамога». Замест гэтага мы пабачылі ўзаемнае абвінавачанне ў тым, што нехта несумленна працуе з фінансамі, нехта працуе на КДБ, нехта адмовіўся праходзіць паліграф. Так і не зразумела, хто кантраляваў сацсеткі і хто сапраўдны лідар гэтай арганізацыі. Здаецца, за гэтымі спрэчкамі іх удзельнікі проста забыліся пра людзей ў Беларусі, якія нават не ведалі ў гэты момант, ці выехаў за імі ўжо ГУБАЗіК за тое, што яны зарэгістраваліся ў плане «Перамога» год ці два гады таму.

І толькі калі журналісты пачалі задаваць гэтыя пытанні, байполаўцы і Кабінет Ціханоўскай запэўнілі людзей, што прыватныя дадзеныя і база плана «Перамога» ў бяспецы.

З майго суб’ектыўнага пункта гледжання, нават калі хутка адчыніцца нейкае вакно магчымасцяў, гэты скандал ставіць крыж на магчымасці «Байпола» мабілізаваць не тое што большасць, а нават заўважную колькасць удзельнікаў плана «Перамога».

Непасрэдна для Кабінета Ціханоўскай гэты скандал ставіць пытанне аб тым, наколькі Аляксандр Азараў і далей можа быць міністрам ці чальцом гэтага кабінета. Калі мы ўявім нейкую дэмакратычную краіну, у якой ёсць кааліцыйны ўрад і ў гэтым урадзе ёсць лідар партыі, які губляе падтрымку большасці сяброў сваёй партыі, тады становіцца незразумела, каго ён прадстаўляе ў гэтым урадзе. Нават з апошняга прэс-рэліза Кабінета відавочна, што з Азаравым засталася меншасць чальцоў арганізацыі, а большасць байполаўцаў сышла ў новую структуру.

Акрамя таго, ёсць і фармальныя праблемы: увесну Кабінет Ціханоўскай нарэшце зарэгістраваўся як фундацыя тут, у Польшчы. Гэта юрыдычная асоба, якая патрэбна Кабінету, каб мець прынамсі нейкае сталае фінансаванне для сваіх чальцоў і апарату. І прэзідэнтам праўленння гэтай структуры, па іроніі лёсу, стаў Аляксандр Азараў. Захаваць яго на чале гэтай фундацыі без таго, каб абвергнуць ці неяк зняць усе падазрэнні наконт фінансаў «Байпола», азначае моцна зменшыць энтузіязм донараў працаваць з Кабінетам. Але пазбавіць яго пасады — гэта таксама сур’ёзны рэпутацыйны крызіс для каманды Ціханоўскай, бо гэта будзе ўжо другі міністр, які сыдзе з Кабінета праз скандал. Першай была Таццяна Зарэцкая ў лістападзе мінулага году.

Атрымаецца, што да гадавіны свайго існавання ў жніўні Кабінет падыдзе з адсутнасцю заўважных вынікаў сваёй працы, фінансава-арганізацыйнай структуры, якая б была стабільна, і двума гучнымі сыходамі ў адстаўку міністраў. Не ведаю, як палічаць у самім Кабінеце ці Офісе Ціханоўскай, але звонку гэта будзе выглядаць, як чарговы дэматывуючы правал.