Палітвязень Уладзімір Гундар: з карцара — на этап

Ад палітвязня Уладзіміра Гундара з’явіліся навіны. Дачка Уладзіміра Інга Стромская на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла, што атрымала ад бацькі ліст. Праблемы са слыхам, якія ўзніклі падчас папярэдняга знаходжання ў карцары, у палітзняволенага застаюцца.

gundar_03_2.png

6 чэрвеня Гродзенскі абласны суд разглядаў апеляцыйную скаргу на апошні — трэці па ліку — прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару. Трое суддзяў (адзін з іх Віктар Сянько) вырашылі пакінуць рашэнне першага суда без змен.

Інга Стромская згадала, што адразу пасля апеляцыі, 7 чэрвеня, яе бацьку-інваліда «наўпрост з карцара адправілі на этап».

Уладзіміра Гундара адправілі ў ПК-2 у Бабруйску. «Два тыдні правядзе ў каранціне, а як там далей будзе, пакуль невядома, — піша Інга Стромская. — Сёння ад яго прыйшоў ліст, які ён пісаў 12 чэрвеня. Такая хуткасць дастаўкі ліста трохі здзівіла. Хацелася б, каб і далей было так.

Піша, што адчувае сябе нармальна і ў яго пасля ўсіх гадоў несправядлівага зняволення з'явілася магчымасць пісаць за сталом, а не на каленцы.

Вельмі знерваваўся, што нас пазбавілі законнага спаткання. І яшчэ адна непрыемная сітуацыя, што ў працэсе этапу страціў два сшыткі са сваімі складкамі біблейскімі.

Калі хтосьці хоча падтрымаць тату, пішыце яму. Спадзяюся, што хоць нейкі ліст прарвецца».

Падтрымаць зняволенага можна лістамі і паштоўкамі на адрас:

ПК-2, 213800, Магілёўская вобласць, горад Бабруйск, вуліца Сікорскага, 1А

Гундару Уладзіміру Тадэвушавічу (каранцін)


Нагадаем, як пісаў «НЧ», з 1 чэрвеня Уладзімір Гундар знаходзіўся ў карцары гродзенскай турмы №1. Пакаранне атрымаў нібыта за тое, што не назваўся па турэмным пратаколе. Як стала вядома правааабаронцам, Уладзімір не падае духам, хаця здароўя жадаў бы лепшага. Праблемы са слыхам, якія ўзніклі падчас папярэдняга знаходжання ў карцары, у яго застаюцца.

Палітзняволены Уладзімір Гундар быў асуджаны агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.

Так, Уладзіміра Гундара судзілі па «справе Аўтуховіча»: разам з самім ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам 17 кастрычніка мінулага года суддзя Максім Філатаў прысудзіў яшчэ 11 фігурантам  справы аграмадныя тэрміны — агулам 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль 100 тысяч долараў штрафаў.


Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Уладзімір Гундар мае інваліднасць, ён перанёс складаную аперацыю — яму ампутавалі нагу. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, які падчас затрымання сілавікі прымусілі зняць. У вязня таксама гіпертанія і сасудзістае захворванне. 

У залежнасці ад іх ролі ўдзельнікаў «групы Аўтуховіча» абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Абвінавачанне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых ад іх звестак.

У чэрвені 2022 года, падчас судовага працэсу па «справе Аўтуховіча», Гундар аб'явіў сухую галадоўку пасля таго, як яго даставілі ў суд у адных майтках, паставілі ў расцяжку і прыкулі рукі наручнікамі да кратаў. За непадпарадкаванне яго змясцілі ў карцар.