«Высілкам волі працягваем верыць у лепшае і падтрымліваем адно аднаго»

Суды, шакуючыя выракі, перадачы, магчымасць убачыць сваіх блізкіх толькі скрозь краты ў судзе ды праз шкло на спатканні… І сярод гэтага — нейкая звышчалавечая здольнасць захоўваць надзею і веру ў тое, што ўсё будзе добра. «Новы Час» папрасіў сваякоў палітвязняў распавесці пра тое, якім быў для іх 2021-ы і чаго яны чакаюць ад новага 2022 года.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo_1.jpg


Святлана Касакоўская, маці палітзняволенага Арцёма Касакоўскага:
Якім быў для мяне 2021 год? Напэўна, яго ў мяне не было... Час застыў 27 верасня 2020 года... У мяне адабралі Сына. А ці быў 2021-ы? Я яго не сустракала. Былі СІЗА, турмы, суды, перадачы, лісты. Але былі і спатканні — няхай праз рашотку і бруднае шкло... Але я бачыла Сына, чула родны голас у тэлефонную трубку, які заўсёды прасіў: "Мама, ты толькі не хвалюйся, у мяне ўсё добра". А ў вачах — боль, стомленасць... А я адказвала: "Ты не хвалюйся, у мяне ўсё добра", — а ўнутры сэрца разрываецца ад болю. Ты ўсміхаешся, баішся міргнуць лішні раз, каб на секунду больш бачыць Сына. Плакаць можна потым. А ён расказвае, што марыць пра этап, каб убачыць неба над галавой. Мусіць, тое самае, блакітнае, мірнае, пра якое так любяць нам распавядаць... Нядаўна гэтая мара ў яго спраўдзілася.


kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo_1.jpg


Я таксама мару. Таксама, як мы ўсе. І мара ў нас адна на ўсіх! Каб у нас сапраўды было мірнае неба, каб маці не плакалі за дзяцей, каб дзеці не плакалі за бацькоў, каб мы былі побач!

А яшчэ я веру! Веру, што мара наша збудзецца! Вось тады будзе свята! А зараз хачу пажадаць усім здароўя, веры і сіл! Дзякуй усім, хто быў і застаецца побач увесь гэты час! Наперадзе свята, мы яго заслужылі! Галоўнае — быць разам.


Віталь Трахтэнберг, бацька палітзняволенага Іллі Трахтэнберга:


Год быў няпросты, канешне. Асабліва ў самым пачатку, калі яшчэ толькі-толькі гэтае трызненне «студэнцкай справы» набірала абароты. Адвакат, перапіска, перадачы... Аж цэлыя тры спатканні ў маразы (ужо не памятаю, гэта сакавік быў ці яшчэ люты — але памятаю моцны мароз, калі ад СК з дазволам праз парк Горкага на «Валадарку» тупаў). Потым гэтае трызненне пад назвай «высокі суд», дзе поўны абсурд прымаецца ў якасці абвінавачання, а выразныя і пацверджаныя паказанні і рабят, і адвакатаў, і нешматлікіх сведак абароны адкідаюцца як неіснуючыя. І сталае адчуванне падтрымкі НАРМАЛЬНЫХ людзей. Словам, удзелам, яшчэ неяк. Хтосьці даведаецца інфармацыю, хтосьці дапаможа адвезці перадачу, хтосьці самаспечаныя смакоцці для перадачы прынясе. Добрых людзей у нас тут значна больш, адназначна.


dsc01874_logo_1.jpg


Ну і так... Першы дарослы юбілей свайго дзіцяці праз рашотку і па тэлефоне — так сабе свята! А больш за палову рабят свае 20 «адсвяткавалі» хто ў СІЗА, хто ў ПК. Іллю лістамі і паштоўкамі завалілі ў Т-4 (магілёўская турма №4. — НЧ), праўда, вельмі шмат яму не перадалі (ну, гэта як звычайна для «палітычных», ужо і не дзівімся).

Хочацца спадзявацца, што наступны год не назавуць чымсьці накшталт «Года міласэрнасці». А то ў «Год народнага адзінства» прыходзім да канца года з амаль тысячай толькі прызнаных палітвязняў. Хочацца перамен, але светлых!


Алена Галаўко, маці палітвязня Аляксея Галаўко:


2021 год быў не самым прыемным для мяне. Ну, па-першае, гэта працяг 2020-га і ты ўжо досыць доўга знаходзішся ў стане пастаяннага стрэсу. У 2021-м наклаліся падзеі асабістага характару. У адзін дзень памерла мая любімая бабуля і быў затрыманы мой малодшы сын па сфабрыкаванай палітычнай справе. Усё гэта адбылося за некалькі дзён да майго Дня народзінаў — такі вось падарунак ад жыцця. Сын дагэтуль у СІЗА, і пакуль нічога добрага з боку людзей, якія лічаць, што ў іх ёсць права вырашаць яго лёс, чакаць не прыходзіцца.


2021 год быў годам разнастайных моцных пачуццяў і псіхалагічных станаў. Перыяды адноснага спакою змяняліся днямі і тыднямі дэпрэсій, гадзінамі расчаравання, суткамі стомленасці, месяцамі чакання, хвілінкамі радасці, маленькімі момантамі надзеі. Як спяваў Барыс Грэбеншчыкоў: «И расплавленный дождь падает в гниющий залив, а ты всё ещё смотришь в экран, ты всё ещё ждёшь новостей», — вось гэта пра мой 2021-ы.

Які стан цяпер? Спакою, раўнавагі і ўпэўненасці. Пэўна, прайшлі ўсе стадыі псіхалагічнай адаптацыі. Не на ўсё, што адбываецца вакол нас, мы можам паўплываць, аднак наша рэакцыя на падзеі залежыць толькі ад нас. І ў гэтым таксама частка нашай свабоды, калі нават ты жывеш у несвабоднай краіне.


dsc02351_logo_1.jpg


У 16-й частцы «Бхагавад-Гіты» Крышна апісвае боскія і дэманічныя якасці. Сярод боскіх якасцей пералічваюцца бясстрашнасць, чысціня сэрца, утаймаванне пачуццяў, самадысцыпліна, дабрачыннасць, праўдзівасць, спагада, непахіснасць, сціпласць, усёдараванне, устойлівасць, негвалтоўнасць, адсутнасць гневу, злосці, сквапнасці. Сярод дэманічных — пыха, грубасць, невуцтва, крывадушнасць, жорсткасць, ілжывасць. Людзі дэманічнай прыроды не адрозніваюць правільных учынкаў ад няправільных, дзейнічаюць, зыходзячы са сваіх эгаістычных жаданняў, і дзеля гэтага парушаюць любыя законы. Калі надыходзяць часы выпрабаванняў, найбольш яскрава праяўляецца тое, што ўжо ёсць у чалавеку. У некага квітнеюць боскія якасці, а хтосьці ўсё больш апускаецца ў дэманічныя. Мінулы год даў магчымасць зазірнуць у сябе, зразумець, хто ж ты болей: бог ці дэман? Наколькі твае каштоўнасці, на якія ты абапіраешся ў жыцці, сапраўды правільныя і моцныя.

2021 год стаў годам знаёмстваў з цудоўнымі людзьмі, якія ўзнікалі нібыта ніадкуль, падтрымлівалі словам альбо справай і якім я вельмі ўдзячная. Таксама гэта год вяртання да беларускай мовы, хоць і пакрысе, і год беларускамоўнай кнігі, ды і наогул гэтым годам вельмі многа чыталася, і не толькі навін. А яшчэ і год падарожжаў, хоць і аднастайных, затое рэгулярных: так шмат на цягніку я не ездзіла ў лепшыя гады. Мінск ужо стаў родным і знаёмым, хоць і абмежаваным крыху рознымі зусім не прыемнымі ўстановамі.

Ад наступнага года нічога не чакаю. Чым больш чакаеш, тым мацней расчараванне. Калі аб’ектыўна глядзець з сённяшняга моманту, то ка́ты працягваюць шукаць сабе ахвяр, у краіне зацяжны палітычны крызіс, беларускі народ запалоханы (а многім добра і так, як ёсць), а суседнія краіны гуляюць кожны ў свае гульні. У студзені ці лютым, верагодна, адбудзецца, так бы мовіць, суд. Вырак, пэўна, ужо і зараз вядомы — гадоў 13, а можа, і болей здолеюць намаляваць, потым калонія. Перадачы, пасылкі, лісты, цягнікі, яшчэ адно спатканне. Калі пашанцуе — то некалькі спатканняў. Карацей, усе тыя «радасці», праз якія прайшлі сотні грамадзян Беларусі ў 2020-м і 2021-м, напоўніцу адчуўшы «любоў» да сябе з боку дзяржавы. «Эпохи гниют живописно, но гибельно для очевидца», як трапна заўважыў Губерман. Застаецца толькі верыць у сябе, у моц тых людзей, якія зараз за кратамі, у непахіснасць тых, хто працягвае змагацца, ды ў падзеі, якія немагчыма пралічыць загадзя.

Беларусам у наступным годзе я жадаю быць людзьмі. Сітуацыя зменіцца — учынкі застануцца. Канешне, жадаю шчасця і годнага жыцця. Жадаю перамен для сваёй краіны ў лепшы бок. І самае запаведнае маё жаданне — каб усе зняволеныя па палітычных матывах выйшлі на свабоду не па заканчэнні сваіх тэрмінаў (у многіх — касмічных), а ў бліжэйшы час, цяпер, і вярнуліся дадому жывымі і здаровымі.


Інга Стромская, дачка Уладзіміра Гундара:


Пачатак гэтага года быў вельмі сумным, бо 30 снежня 2020 года да таты прыйшлі з КДБ з ператрусам. Год быў вельмі напружаны эмацыйна і фізічна. Сваякам не паведамляюць аніякай інфармацыі, нават адвакат толкам не ведае, што адбываецца. Мы перажываем, бо ўжо каля трох тыдняў, як тату перавялі з Брэста ў Гродна, ніхто з родных — ні я, ні Алена, татава жонка, — не атрымлівалі ад яго аніякіх лістоў. Мы не разумеем, чаму з Гродна да сёй пары нічога няма, бо ён дакладна адразу напісаў пра пераезд. Заўтра (30 снежня. — НЧ) адвакатка едзе ў Гродна знаёміцца са справай, спадзяёмся, яна скажа, што з татам і чаму так доўга няма лістоў.


sjam_ja_uladzimira_hundara__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas13_logo_1.jpg


Усе гэтыя падзеі змяняюць мысленне. Пачынаеш больш аналізаваць, шукаеш інфармацыю. Мы з татавай жонкай ніколі не маглі сабе ўявіць, што можам сутыкнуцца з падобным, але давялося неяк супакойвацца, браць сябе ў рукі і нешта рабіць. Вельмі змянілася стаўленне да людзей. За гэты год мы ўбачылі і адчулі вельмі шмат падтрымкі ад незнаёмых людзей, якія потым сталі нават сябрамі. Гэта вельмі каштоўна. Хацелася б падзякаваць усім нераўнадушным людзям, якія нам дапамагалі і дапамагаюць, пішуць тату. Нават калі ён не атрымлівае гэтых лістоў, мы яму перадаём, што людзі яму пішуць.

Заўтра татава жонка едзе ў Гродна, куды яго перавялі, з навагодняй перадачай, каб, так бы мовіць, павіншаваць і паказаць, што мы ўсе разам і побач. Цяпер святкавалі Раство. У нас была традыцыя заўжды збірацца ў таты ўсёй сям’ёй. Сёлета мы таксама традыцыю захавалі, сустрэліся, але гэта ўжо было без той весялосці. Што да Новага года, то настрою ў мяне, шчыра кажучы, няма, і, калі б не было дзяцей, не планавалі б яго сустракаць. Але дзеці маленькія, таму рыхтуем для іх падарункі, каб яны адчулі свята.

На новы год я стараюся нічога не задумваць, бо ніколі не ведаеш, што можа адбыцца ў нашай краіне. Але хацелася б, каб тата і ўсе астатнія, хто быў незаконна асуджаны, вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў. Але надзеі на наступны год мала. Будзем неяк жыць, вырашаць, будаваць планы, бо прадбачыць нешта немагчыма.


Вольга Севярынец, жонка палітзняволенага Паўла Севярынца:


2021 год для мяне — гэта год салідарнасці, год сямейнай і сяброўскай падтрымкі. Цяжкі, але светлы год. Азіраюся на яго з сённяшняга дня і адчуваю на сэрцы супакой і ўдзячнасць. Зло памножылася, так, але сярод зла дабро, спагада, чалавечнасць ззяюць яшчэ мацней. У цяжкасцях светлыя людзі праяўляюць свае лепшыя якасці і сілу. 2021 год поўніцца дабром і такімі светлымі людзьмі. Тымі, хто падтрымліваў, хто ўсяляў надзею, хто ззяў на ўсю Беларусь любоўю, смеласцю, мужнасцю. Беларусь у 2021 годзе свяціла на ўвесь свет.


imgl5012_logo_1.jpg


Я цалкам перакананая, што дабро пераможа, Бог пераможа ў Беларусі. У гэтым змаганні Бог на нашым баку — тады якая розніца, хто супраць?

Высілкам волі працягваем верыць у лепшае, робім, што можам і падтрымліваем адно аднаго.

Ад нашай сям’і віншуем усіх са святамі Раства і Новага года. Божага дабраславення нам усім, сапраўдных цудаў і свабоды!


Юлія Дубоўская, сястра палітзняволенага Дзмітрыя Дубоўскага:


Год праляцеў вельмі хутка... Яшчэ адзін год у чаканні перамен, год у чаканні прысуду нашым хлопцам... Год, калі кожны дзень жахаешся ад навін, гісторый... Так, было складана. Але складаней гэта нашым палітвязням. І гэтая думка адганяла на працягу ўсяго гэтага года засмучэнне, адчай… Бо яны вераць, што ўсё недарма. І я не магу сабе дазволіць сумаваць і губляць надзею. Бо ад нашага смутку і ім там цяжка.

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo_1.jpg


На новы 2022 год у мяне вялікія надзеі! Гэта будзе год, які наблізіць нас усіх яшчэ больш да доўгачаканай перамогі дабра над злом. Вельмі спадзяюся, што менавіта ў гэтым новым годзе я змагу абняць свайго брата!
Я веру ў наш народ, веру ў нашу перамогу. Верыць і мой брат! Мы мацнейшыя і мы пераможам!