Палітвязень Аляксей Галаўко чакае, што яму дадуць максімальны тэрмін

Маці палітзняволенага з Брэста Аляксея Галаўко трапіла на спатканне з сынам у СІЗА на Валадарскага. Алена Галаўко падзялілася з «Новым Часам» уражаннямі ад сустрэчы.

Аляксей Галаўко. Фота прадастаўлена Аленай Галаўко

Аляксей Галаўко. Фота прадастаўлена Аленай Галаўко

— Выглядае добра. Настрой бадзёры. Крыху захварэўшы зараз. Са справай азнаёміліся. Даведаўся пра сябе шмат новага. Напрыклад, што ён небяспечны для чалавецтва і свету. Ад суда чакае, што дадуць максімальна магчымы тэрмін, — паведаміла Алена Галаўко.
Адносна часу, праведзенага ў СІЗА, Аляксей кажа, што кожны дзень адбываецца адно і тое ж: п'еш гарбату, смаліш, глядзіш тэлебачанне, нічога не здараецца. Яго два разы пераводзілі ў іншыя камеры. Некалькі дзён палітвязень правёў у кампаніі былога дырэктара інфармацыйнай кампаніі Б*лаПАН Дзмітрыя Наважылава і Уладзіміра Калача з гурта Irdorath. Вельмі цёпла адгукаўся пра гэтых людзей.
Час у СІЗА вязні бавяць гульнёй у мафію ды разгадваннем данетак. Навіны прыходзяць, у асноўным, тэлевізара, але аддаюць і газету «Беларусы і рынак».
— З апошняга спадабалася інтэрв'ю з польскім вайскоўцам. Стрэлы ў лоб, ваўкі... На пытанне пра тое, як ставіцца да цяперашніх падзеяў, адказаў пытаннем: «А што, раней было па-іншаму?», — перадала Алена Галаўко. — Атрымаў два рапарты за сон. Спаў пасля пад'ёму. Уменне спаць у любым стане і любой сітуацыі гуляе не на яго карысць у дадзеным выпадку.

dsc02351_logo_1.jpg

Алена Галаўко

На пытанне, як за час зняволення змянілася жыццё яго жыццё, Аляксей Галаўко лаканічна адказаў, што стаў мыцца адзін раз на тыдзень. Найбольш не хапае яму любімага ката і музыкі.
— Погляды і перакананні за гэты час не змяніліся. Дарэчы, яшчэ раз спыталася пра памілаванне — хто ж ведае, у які бок пахіснецца тупіковая сітуацыя? Тут ён успомніў пра Анджэя Пачобута.
Па словах маці палітвязня, лістоў Аляксей зараз піша не шмат, не стае часу. Ды і вяртаюць часцяком. Напішаш вясёлае — вяртаюць, сумнае — таксама. Але хлопец дзякуе ўсім за падтрымку.
Нагадаем, Аляксея Галаўко затрымалі 5 сакавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці. 
Хлопцу прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У канцы лістапада 2021 года з'явілася інфармацыя аб тым, што Аляксею інкрымінавалі яшчэ два артыкулы КК: ч. 1 арт. 361 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання); арт. 341 (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Падтрымаць Аляксея Галаўко можна, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.