Хронікі палітычных рэпрэсій за 13 чэрвеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі.
Не сціхаюць рэпрэсіі і ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабаронцы «Вясны» распавядаюць пра факты палітычнага пераследу.
Распачаўся суд над праваабаронцай Настай Лойка. Працэс зрабілі закрытым
У Мінскім гарадскім судзе сёння, 13 чэрвеня, распачаўся суд на праваабаронцай Настай Лойка. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для крымінальнай справы стаў даклад «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Справу разглядае суддзя Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Вольга Дзіндзелевіч.
Рашэнне зрабіць суд закрытым было прынята судом у адпаведнасці з хадайніцтвам дзяржаўнага абвінаваўцы. Ён матываваў хадайніцтва «мэтай выключэння распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці, якая змяшчаецца на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных рашэннем МУС экстрэмісцкімі фарміраваннямі і рашэннем суда экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Наста і яе адвакат пярэчылі супраць закрыцця працэсу. Але суддзя ўсё роўна задаволіла заяўленае дзяржабвінаваўцам хадайніцтва.
Стала вядома, што ў Круглым па крымінальнай справе затрыманыя яшчэ два чалавекі
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у дачыненні да мясцовых жыхароў Алесі Фрыгінай і Паўла Талантова распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК. Верагодна, ім ставяць у віну ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Пра Алесю Фрыгіну вядома, што яна шматдзетная маці, выхоўвае чатырох непаўналетніх дзяцей.
Збітай за сцяжкі трансгендэрнай дзяўчыне прызначылі 15 сутак арышту
Сябры дзяўчыны паведамілі, што адміністрацыйная справа была разгледжаная сёння,13 чэрпвеня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Мінску, папярэдне, украінец напаў на трансгендэрную дзяўчыну за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТ+ — ён абразіў яе, нанёс некалькі ўдараў і паваліў на зямлю.
«БАЖ», «Посмотри, брехня?», «Гомельская Вясна» — чарговае папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты: «Посмотри, брехня?», «ИБИС — Инвалиды Беларуси за Свободу!», «Белые Халаты. News», «Kłub Lićviny» «ПРАЎДА»;
- YouTube-каналы «bierasciejskajaviasna», «PravaVic»;
- Facebook-старонкі «Палеская вясна», «Гомельская Весна»;
- Сайт, сацсеткі і лагатып Беларускай асацыяцыі журналістаў.
У Круглым зноў затрымана былая
палітзняволеная Аліна Горава — 30 траўня ёй прызначылі адзін год «хатняй хіміі»
Папярэдне, Аліне ставяць у віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Вядома, што Аліну павезлі ў мясцовы аддзел Следчага камітэта і адтуль яна ўжо не выйшла.
Гэта ўжо другі выпадак крымінальнага пераследу 21-гадовай дзяўчыны. Нагадаем, першы раз яе затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года па ўсё тым жа артыкуле 342 КК, пасля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА.
У зняволенні ў Горавай абвастрыўся шэраг хранічных захворванняў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамагу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і гаспіталізаваць.
Жонку палітзняволенага Аляксандра Шарабайкі аштрафавалі на 2 590 рублёў
30 траўня суддзя Глыбоцкага суда Аляксандр Аляксеенка аштафаваў Алену Шарабайку на 70 базавых велічыняў (2590 беларускіх рублёў) паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Судзілі жанчыну за тое, што ў сеціве сілавікі знайшлі яе фота разам з мужам ля свайго дома на рагу якога вісіць нацыянальны сцяг. А лайкнуў гэта фота яшчэ ў 2017 годзе яе муж Аляксандр, які сядзіць у Віцебскім СІЗА.
Перад гэтым у доме Алены сілавікі правялі ператрус. Ён быў звязаны з тым, што каля возера Кагальнае ў цэнтры Глыбокага быў знойдзены БЧБ-сцяг.
Як адзначае «Віцебская Вясна», сёлета гэта ўжо другі вялікі штраф жанчыне — і ён з’яўляецца для яе непамернай сумай, улічваючы тое, што цяпер матэрыяльнае становішча ў сям’і вельмі складанае.
Зноў затрымалі хворую на эпілепсію Людмілу Паўлоўскую
Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія». З пачатку 2020 года Людмілу затрымлівалі як мінімум чатыры разы — падчас аднаго з затрыманняў у яе здарыўся прыступ, але міліцыянты не выклікалі ёй хуткую. Тады суддзя Крэпская прысудзіла Людміле 25 сутак арышту.
Як мінімум чатыры сілавікі ў поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць дырэктара аўтакрамы за налепку «Я/МЫ 97%»
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання дырэктара СТА і аўтакрамы ў Салігорску. Нагодай для затрымання стала налепка «Я/МЫ 97%», якая вісела на дзвярах крамы. На «пакаяльным» відэа затрыманы кажа, што не ведае, адкуль з'явілася налепка.
Супрацоўнікоў светлагорскага «Ранка» асудзілі да арыштаў і штрафаў
У пятніцу затрымалі 9 супрацоўнікаў «Ранак — медыя» і «Ранак — рэклама». Сярод іх Андрэй Ліпскі — журналіст, Павел Рабко — аператар, Вадзім Вежнавец — галоўны рэдактар медыякампаніі, Уладзімір Папоў — аператар, Марына Бычкоўская — маркетолаг, Алена Кісялёва — галоўная бухгалтарка, Крысціна Казялькова — сакратарка, Ганна Згурская (цяжарная жанчына, на якую склалі пратакол і адпусцілі, суду над ёй пакуль не было), Елізавета Шэвяленка (яе таксама адпусцілі пасля складання пратакола, бо яна мае інваліднасць, суду таксама пакуль не было).
Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасля працоўнага дня. Адну з жанчын нават затрымалі ў іншым горадзе. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Бычкоўскай, Кісялёвай і Казяльковай — штраф у памеры 25 базавых.
У Салігорску мужчыну затрымалі за «публічную дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі» — сілавікі пахваліліся тым, што дома ў затрыманага знайшлі сцягі Канады і Польшчы
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з жыхаром Салігорску. Паводле яго, мужчына на сваёй машыне размясціў налепку з гербам «Пагоня».
Сілавікі таксама паказалі фотаздымкі таго, што затрыманы нібыта захоўваў дома — сярод іншага, гэта сцяг Канады і Польшчы.