«Мікалай Казлоў выйшаў з інфармацыйнай блакады…»

Палітык-палітвязень Мікалай Казлоў, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, даслаў з-за кратаў вестку на волю. Сваякі і паплечнікі нічога не маглі даведацца пра палітзняволенага больш за два месяцы.

mikalaj_kazlou_1_1.jpg

Пра гэта “Народнай Волі” паведамілі паплечнікі палітыка, ад якога амаль два месяцы не было ніякіх вестак з калоніі.

Мікалай Казлоў закончыў Новасібірскае вышэйшае ваеннае агульнавайсковае вучылішча, служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту.

Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, паступіў на службу ў крымінальны вышук. Працаваў на працягу 17 гадоў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Мінска, за гэтыя гады раскрыў сотні злачынстваў.

Ахоўваючы парадак на выбарчым участку ў час парламенцкіх выбараў 2008 года, ён абвінаваціў старшыню ўчастковай камісіі і намесніка старшыні ў здзяйсненні фальсіфікацыі, калі яны ўвайшлі ў апячатаны пакой і ўкінулі ў скрыню для галасавання пачкі бюлетэняў. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб закрыць справу, але ён праявіў прынцыповасць і неўзабаве пайшоў у запас.


4 мая 2021 года быў пазбаўлены спецыяльнага звання падпалкоўніка міліцыі запасу.

3 лістапада 2022 года Мікалай Казлоў быў асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі за ўдзел у масавых беспарадках 2020 г.

Адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15…


“Калі ад Мікалая амаль два месяцы не прыходзіла ніякая інфармацыя, гэта было трывожна, — распавядаюць паплечнікі палітыка. — Зараз весткі ад яго прыйшлі. І, зыходзячы з іх, можна сказаць так: па мерках таго, дзе ён знаходзіцца, сітуацыя больш-менш нармальная.

Трымаецца ён псіхалагічны і маральна добра, усім перадае прывітанні”.

У мінулым месяцы ў Мікалая Казлова памерла маці, але на пахаванне яго не пусцілі.

“Больш за тое — навіну пра смерць маці Мікалаю перадалі з вялікім спазненнем, — дадаюць блізкія палітыка. – Страта роднага чалавека стала для яго вельмі моцным ударам.

Але самае галоўнае, што апошнія два тыдні ад яго пайшла інфармацыя. Мы дакладна не ведаем, чаму да гэтага два месяцы не было ад Мікалая вестак, але такая забарона так проста не здараецца. Або адбываў пакаранне ў ШІЗА, або быў адмысловы загад. Была ж агульная хваля такой інфармацыйнай блакіроўкі палітвязняў. Праўда, Мікалай з гэтай хвалі, як бачым, ужо выйшаў”.