Сёння ў Беларусі і па ўсім свеце — Дзень салідарнасці з палітвязнямі
Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.
Беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітвязнямі больш за 1500 чалавек. Беларускія ініцыятывы падрыхтавалі актыўнасці і мерапрыемствы да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі 21 траўня. Задзіночанне беларускіх студэнтаў, РАДА і «Вясна», ByProsvet і Razam, Б*ларуская Р*да Культуры, медыцынскія ініцыятывы, Экадом і іншыя праекты правядуць стрымы, зборы сродкаў, пакажуць фільмы і многае іншае.
Беларусы і беларускі замежжа арганізавалі акцыі па ўсім свеце, куды можа прыйсці кожны жадаючы. Месцы правядзення акцый можна знайсці на сайце «Вясны» і тут. Выходзьце на акцыі ў сваіх гарадах. Бярыце сцягі, плакаты і сімвал гэтага дня — жоўтую бірку, якой адзначаюць палітвязняў у турмах.
Каманда Офіса Ціханоўскай таксама падрыхтавала спіс актыўнасцяў у падтрымку палітвязняў. Напрыклад, вы можаце замяніць аватарку ў сацсетках на фота палітвязня, зрабіць данат у фонды дапамогі або расказаць мясцовым СМІ пра нашых герояў.
«Голасам усіх беларусаў будзем мы. Мы — тыя, хто знаходзіцца за мяжой, тыя, хто ў бяспецы. І каму неабыякава, што будзе з Беларуссю і людзьмі там. Калі не будзем казаць мы, то нашу гісторыю не раскажа ніхто. Таму я прашу кожнага і кожную з вас далучыцца да Дня салідарнасці з палітвязнямі, які пройдзе 21 траўня», — сказала Святлана Ціханоўская.
Падрабязнасці пра Дзень салідарнасці з палітвязнямі можна таксама знайсці на сайце standwithbelarus.org/by.
Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.
Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ты дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым, хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі.
Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?
Можна арганізаваць ці далучыцца да акцыі салідарнасці 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і да акцыі памяці Вітольда Ашурка. Гэта асабліва актуальна для тых, хто цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі ў адноснай бяспецы.
- Арганізаваць мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці.
- Начапіць 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфавацца і выкласці ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў.
- Зачытаць на відэа ліст ад палітвязня і выкласці ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў.
- Напісаць ліст палітвязню, апублікаваць яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз «Майстэрню паштовак салідарнасці»).
- Падтрымаць палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і.
- Прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне ў знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.
Дзяліцца навінамі пра акцыі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll.