Псіхолаг: Беларускае грамадства на мачызм не адклікаецца

«Пуцін на кані з голым торсам — гэта проста смак. А наш выйшаў з аўтаматам — і большасць успрыняла гэта са здзіўленнем: што гэта?» Псіхолаг Лілія Ахрэмчык на прыкладзе гендарнага стаўлення тлумачыць, што Беларусь — не Расія.

original__1__2.jpg


Як атрымалася, што, нягледзячы на падабенства рэжымаў, беларускія жанчыны апынуліся зусім не падобныя на расійскіх, і чаму наш народ хоча бачыць у руля зусім іншы тып лідара?

На думку Ліліі Ахрэмчык, міф пра рускіх жанчын, якія «каня на скаку спыняюць», зусім не адпавядае рэчаіснасці.

— Дык не спыняюць жа. Рэальнасць гэтага не пацвярджае. А беларускія жанчыны зрабілі гэта, — адзначае Лілія Ахрэмчык на канале «Вольныя». — І я адчуваю вялікі гонар за нашых жанчын. Яны вельмі стромкія.

Тое, што беларускі выйшлі змагацца за свабоду і супраць дыктатуры і фальсіфікацый, кажа не толькі пра раўнапраўе, але і пра еўрапейскасць.

Гэта запыт на еўрапейскую будучыню Беларусі, — лічыць Ахрэмчык. — Як і тое, што Ціханоўская перамагла (нават нягледзячы на тое, што шмат хто кажа, што гэта адбылося праз тое, што яна пратэсны кандыдат). Гістарычныя працэсы справядлівыя па-свойму. У гэтым была нават нейкая пэўная міфалогія: жаночы рух — і прэзідэнтка. Гэта нездарма. Беларусь абрала жанчыну.

Псіхолаг таксама лічыць, што ў беларускім грамадстве, у адрозненне ад расійскага, зусім па-іншаму ўспрымаецца і вобраз мужчыны.

Успомніце, калі Лукашэнка каля палаца з аўтаматам без ражка бегаў? І па ідэі ён павінен быў выклікаць нейкую павагу, трапятанне, ён жа мачызм дэманстраваў. Як Пуцін на конях скакаў — гэта ўсё таксама дэманстрацыя мачызму, — адзначае Лілія Ахрэмчык. — І ў грамадствах, якія жорстка патрыярхальныя, гэта адклікаецца. У Расіі гэта адклікаецца. Пуцін на кані з голым торсам — гэта проста смак. А наш выйшаў — і большасць успрыняла гэта са здзіўленнем: у сэнсе? што гэта?


Прычына, на думку псіхолага, у тым, што беларускае грамадства на мачызм не адклікаецца.

У нас жанчыны любяць мужчын мяккіх, з якімі можна жыць, з якімі можна камунікаваць. І гэта трэнд, які ёсць у Еўропе. Эмацыйныя, спагадлівыя, якія адклікаюцца на жаночы запыт. Нам — пра «пагаварыць». Усё беларускае грамадства крыху з жаночым пачаткам.

Таму нам не зайшоў мачызм Лукашэнкі, ён не актуальны, не сучасны, ён выбіваецца па многіх паказчыках.

І мы таго ж Бабарыку выбіралі як мужчыну, які ўмее размаўляць, які ўмее тлумачыць, слухаць, які з павагай ставіцца да людзей. У нас у грамадстве такі запыт, — упэўненая Лілія Ахрэмчык.