«Падтрымліваем імкненне беларускага народа да дэмакратыі»: Дзярждэп выказаўся пра палітвязняў
Напярэдадні Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен згадаў беларускіх палітвязняў.
У Вашынгтоне асудзілі ўтрыманне пад вартай больш за 1500 зняволеных у Беларусі і заклікалі да іх «неадкладнага і безумоўнага вызвалення», паведамляе «Люстэрка». Пра гэта напісаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у Twitter.
«Мы асуджаем затрыманне больш за 1500 зняволеных, якія ўтрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі. Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і падтрымліваем імкненне беларускага народа да дэмакратычнай будучыні», — напісаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
У сваім выступе напярэдадні Дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі Блінкен падкрэсліў, што многія судовыя працэсы праходзілі за закрытымі дзвярыма, і гэтым суды бароняцца «ад грамадскага кантролю або адказнасці».
Сем'і, сябры, калегі палітвязняў і іншыя людзі «кожны дзень жывуць з думкай пра тое, што іх блізкія пакутуюць у турме», — адзначыў ён.
«Гэтыя мужчыны і жанчыны былі арыштаваныя і заключаны ў турму за рэалізацыю сваіх правоў чалавека і асноўных свабод у імкненні да дэмакратыі, за пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў ці за супрацьдзеянне вайне Расіі супраць Украіны», — працягнуў дзяржсакратар ЗША.
Блінкен таксама заявіў, што ў Вашынгтоне выступаюць за прыцягненне да адказнасці асоб, вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і «павелічэнне платы» за гэтыя парушэнні, у тым ліку шляхам увядзення візавых абмежаванняў і санкцый.
Нагадаем, паводле звестак праваабаронцаў на 20 траўня, у Беларусі налічваецца 1525 палітвязняў, хоць на самай справе зняволеных з-за палітычных падстаў значна больш.
Цяпер адсутнічае сувязь з многімі вядомымі палітвязнямі ў Беларусі. Так, няма дакладных звестак пра стан і месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі, з лютага няма вестак ад Максіма Знака, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча.