Памятаць тых, хто за кратамі. Як дапамагчы палітвязням?

Дзень гібелі ў шклоўскай калоніі палітзняволенага Вітольда Ашурка, 21 траўня, праваабаронцы абвясцілі Днём палітвязня ў Беларусі. Праваабаронца Дзіяна Пінчук у стрыме намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага распавяла, дзе ў гэты дзень пройдуць акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі і як падтрымаць тых, хто цяпер за кратамі.

ashurak_2701_1.jpg

Не маўчаць

— Вітольд Ашурак застанецца палітвязнем назаўсёды. Гэта чалавек, які памёр з жоўтай біркай на грудзях, — тлумачыць Дзіяна Пінчук выбар менавіта гэтага дня для праявы салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі.
Праваабаронца зазначае, што ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны галасы аб патрабаванні вызвалення палітвязняў у свеце сталі не такімі гучнымі. Але гэта не значыць, што трэба маўчаць. Таму ў многіх гарадах і краінах 21 траўня адбудуцца акцыі і мерапрыемствы, прысвечаныя беларускім палітвязням. Акцыі салідарнасці пройдуць у Вільні, Варшаве, Празе, Батумі, Тэль-Авіве. На іх можна прыйсці, узяўшы з сабой партрэты палітзняволеных ці прычапіўшы на адзенне жоўтую бірку.
Палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца ў Беларусі ні на дзень. Дзіяна Пінчук гаворыць, што да вядомых праваабаронцам рэпрэсаваных яшчэ можна дадаць каля сотні людзей, якія трапілі пад палітычны пераслед і пра якіх ніхто не ведае.
Аднак нельга страчваць увагу і да тых, чые імёны гучаць у публічнай прасторы. Так, за кратамі працягвае заставацца Дзмітрый Гопта — жыхар Жлобіна з псіхічным разладам, асуджаны за тое, што падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў кінуў камень. Яму абяцалі памілаванне, але так і не вызвалілі.

«Спіс палітычных вязняў ва ўладаў большы, чым у нас»

Усе зняволеныя па палітычных матывах праходзяць спачатку праз ізалятары часовага ўтрымання, дзе ў іх забіраюць усе асабістыя рэчы, не выдаюць пасцельныя прылады, не прымаюць перадачы. Часам іх могуць закідваць у халодны карцар. Потым вязні трапляюць у СІЗА. Стаўленне да ўсіх «палітычных» аднолькавае, незалежна ад таго, прызнаюць іх палітзняволенымі ці не (часам сваякі просяць гэтага не рабіць у спадзеве, што тады на іх роднага не будуць аказваць ціск, але гэта не так).
— Спіс палітычных вязняў ва ўладаў большы, чым у нас, — зазначае праваабаронца.
Усіх іх ставяць на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмізму. Што да ўмоваў утрымання палітвязняў, то яны могуць адрознівацца ў розных СІЗА і нават у розных камерах. На той жа «Валадарцы» ёсць так званы «Шанхай» — камера, дзе могуць утрымліваць адначасова 20 чалавек. Раней «палітычных» стараліся не трымаць разам. Але цяпер іх настолькі шмат, што ў камерах яны складаюць палову, а часам і большасць насельнікаў.
У некаторых ізалятарах і ў калоніях палітвязняў прымушаюць прышываць на адзенне жоўтыя біркі, ім ладзяць дадатковыя праверкі.
— Гэта такая дыскрымінацыйная практыка яшчэ з часоў канцлагераў, — гаворыць Дзіяна Пінчук.
Па словах праваабаронцы, яшчэ да Новага года на палітзняволеных ціснулі, прымушаючы пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Але цяпер гэтая практыка спынілася.
У калоніях палітвязняў часта адпраўляюць у штрафныя ізалятары і памяшканні камернага тыпу за самыя розныя парушэнні.
— Для мяне самы яркі выпадак — гісторыя Арцёма Анішчука, які трапіў у магілёўскую турму. Яго там катавалі, збівалі, і на знак пратэсту ён праглынуў металічныя прадметы. Але дзякуючы таму, што яго жонка не маўчала і змагалася за яго свабоду, Арцёма перавялі ў бабруйскую калонію, дзе ён цяпер і ўтрымліваецца.
Адным з самых слушных спосабаў змагання за палітвязняў праваабаронца называе галоснасць: асабліва цяпер гэта тычыцца беларусаў, якія раз’ехаліся па свеце, ратуючыся ад рэпрэсій. Усюды трэба казаць пра беларускіх палітзняволеных і патрабаваць іх вызвалення.
— Мы, тыя, хто з’ехаў, — «паслы добрай волі». Мы галасы тых, хто застаўся за кратамі, — гаворыць Дзіяна Пінчук.

«Прызнаныя» і «непрызнаныя»

Таксама яна патлумачыла, чаму ў праваабарончай супольнасці існуе падзел на «прызнаных» і «непрызнаных» палітвязнямі людзей. Прызнаючы чалавека палітзняволеным, праваабарончая супольнасць — а гэта цэлы шэраг арганізацый — прымае адносна яго адпаведную заяву, кіруючыся адмыслова распрацаванымі для гэтага крытэрамі. Так, па стане на 19 траўня палітвязнямі ў Беларусі былі прызнаныя 1202 чалавекі.


Аднак з такім падыходам не пагаджаецца частка праваабарончай супольнасці. Тая ж ініцыятыва d*ssidentby гаворыць пра 1463 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні. Прадстаўнікі ініцыятывы гавораць, што гэтыя людзі — палітвязні, бо яны трапілі за краты па палітычных матывах, і адносна іх варта ўжываць прэзумпцыю невінаватасці (паколькі ў краіне адсутнічае справядлівае правасуддзе). Справа ў тым, што база для прызнання людзей палітзняволенымі — крытэрыі ПАРЕ 2012 года, заснаваныя на Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека. Аднак шэраг праваабарончых арганізацый у 2013 годзе перагледзеў гэтыя крытэры, звузіўшы іх і звярнуўшы ўвагу на тое, што палітвязнем можа быць прызнаны чалавек, у дзеяннях якога не было ніякага гвалту.
— Тое, што чалавек не прызнаны палітвязнем, не значыць, што яму не дапамагаюць, мы сочым за лёсамі гэтых людзей, — працягвае Дзіяна Пінчук. — З часам, калі зменіцца сітуацыя і будзе пераразгляд палітычных справаў, будуць пераглядацца справы ўсіх зняволеных, якія пераследуюцца па палітычных матывах. Калі чалавек не прызнаны палітычным вязнем, гэта не выключае яго палітычны пераслед.  

Як падтрымаць палітзняволеных

Калі ў Беларусі ладзіць наўпроставыя акцыі салідарнасці з палітзняволенымі небяспечна, усё ж ёсць спосабы іх падтрымаць. Можна напісаць ім лісты і паштоўкі, адправіць бандэролі і пасылкі, зрабіць грашовыя пераводы. А яшчэ можна падтрымаць іх сем’і. Дзіяна Пінчук прывяла ў прыклад палітвязня Андрэя Новікава, валанцёра штаба Ціханоўскай. Ён марыў пасадзіць сад, набыў саджанцы, але не паспеў — яго затрымалі. Жонка адна не дае рады пасадзіць іх, але любы ахвотны можа іх у яе набыць і пасадзіць у сябе на ўчастку.Таксама цяпер судзяць фігурантку справы Аўтуховіча Галіну Дзербыш. На волі яе чакаюць 15 котак, якіх яна ратавала з вуліцы. Дачцэ вельмі цяжка іх утрымліваць, і можна дапамагчы і замовіць для іх корм. Кантакты родных палітвязняў для дапамогі можна знайсці ў суполцы «Письма солидарности» ў Фэйсбуку. Але Дзіяна Пінчук звяртае ўвагу: аказваць дапамогу таксама трэба асцярожна, бо, напрыклад, за дапамогу з аплатай штрафаў цяпер у Беларусі ўвялі адказнасць.
— Таксама ў гэты дзень, 21 траўня, запаліце знічку і проста падумайце пра Вітольда Ашурка. Не абавязкова выстаўляць гэта ў сацсеткі. Галоўнае, каб мы памяталі пра тых, хто за кратамі.