Хронікі рэпрэсій 14 чэрвеня

Праваабаронцы за кратамі: 700 дзён у няволі Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч і 1000 дзён — Рабкова. Журналіст-палітвязень, расследавальнік НЧ Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА. А ў «тэрарыстычны спіс» КДБ дадалі Паўла Белавуса, Дзмітрыя Семчанку і Яна Рудзіка.

photo_2023_06_14_23_28_46_logo.jpg

 

  • 700 дзён у зняволенні ўтрымліваюць праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

 14 ліпеня 2021 года да іх і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла «вясноўцам» вялікія тэрміны: Уладзю Лабковічу — 7 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі, Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну. 


  • 1000 дзён кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова

 Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016 — 2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.

Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Марфу Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію. 


  • Палітзняволены журналіст, расследавальнік НЧ Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА

Вось ужо 30 дзён у сваякоў палітвязня Дзяніса Івашына няма сувязі з ім. Верагодна, увесь гэты час ён знаходзіцца ў ШІЗА, піша ягоная жонка Вольга Івашына.

Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

 

  • У «тэрарыстычны спіс» дадалі Паўла Белавуса, Дзмітрыя Семчанку і Яна Рудзіка.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» — 1068 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.

Сярод іх Раман Янкоўскі, журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка, юрыстка Наталля Лашч, заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус, блогер Ян Рудзік, а таксама Андрэй Сініцкі, Кірыл Мацюта, Вячаслаў Янюк, Міхаіл Мякека.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1068 чалавек, з іх 317 — беларусы (прычым у спісе КДБ 1075 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней). 

  • Палітзняволенай Вікторыі Кульшы пакінулі прысуд без зменаў

Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў Вікторыі яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.

За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, Вікторыя некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

Гомельскі абласны суд 14 чэрвеня разглядзеў апеляцыйную скаргу Вікторыі. Суддзя Марына Святко пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — у сіле. 

  • У Магілёве затрымалі папулярнага стрымера ARTIKZA — ён хацеў правесці сходку фанатаў

Магілёўская міліцыя каля тыдня таму затрымала гульнявога стрымера і блогера Арцёма Галавача aka ARTIKZA (больш за 250 тысяч падпісантаў у Youtube, каля 10 тысяч — у Telegram).

Хлопец размясціў відэа, дзе паклікаў сваіх фанатаў на фан-сустрэчу ў цэнтры Магілёва 3 чэрвеня. Аднак фан-сустрэчы не адбылося — відэа было выдаленае, а сведкі паведамілі, што Галавача забралі сілавікі.

У сваім апошнім відэа ў TikTok блогер выбачыўся і коратка паведаміў, што «па пэўных прычынах сустрэча адмяняецца», хаця на яе ўжо прыйшлі некаторыя людзі.

Цяпер стала вядома, што ў дачыненні да блогера распачалі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэдне, Арцём атрымаў 15 сутак арышту.

 

  • У Ваўкавыску затрыманы Тадэвуш Міхеенка

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі і за ўступленне ў чат-бот «Плана Перамога».

На скрыншотах, апублікаваных сілавікамі, маюцца кадры перасоўвання ваеннай тэхнікі, адпраўленыя ў бот аднаго з тэлеграм-каналаў. 

  • Гродзенца адправілі на «суткі» за лозунг «Слава Украіне» падчас мерапрыемства да «Дня перамогі»

У судзе Ленінскага раёна Гродна 12 траўня асудзілі мясцовага жыхара — яго абвінавацілі ў «пікетаванні». Згодна з пратаколам, «падчас правядзення святочнага мерапрымства да «Дня перамогі» правёў несанкцыянаванае пікетаванне — выкрыкваў лозунг «Слава Украіне», чым выказваў пратэст супраць падзеяў, якія адбываюцца ва Украіне».

За гэта мужчыну затрымалі супрацоўнікі АМАПу наўпрост падчас мерапрыемства 9 траўня. Суд прызначыў яму 7 сутак арышту. 

  • Суды над затрыманымі на мяжы пасля вяртання з Літвы

У Астраўцы некалькі разоў на месяц разглядаюцца справы затрыманых на беларуска-літоўскай мяжы. Калі супрацоўнікі мытні знаходзяць падпіскі або рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, людзей затрымліваюць і адвозяць у РАУС, дзе супраць іх складаюць пратаколы.

Так, напрыклад, 18 траўня ў судзе Астравецкага раёна асудзілі двух мужчын за падпіскі на некалькі «экстрэмісцкіх» каналаў. Віну на судзе яны прызналі. Вынік — 1 110 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў) кожнаму з канфіскацыяй тэлефонаў. Вядома, што затрымалі мужчын ноччу падчас перасячэння мяжы.

Таксама вядома, што ў гэты ж дзень быў асуджаны беларус, які жыве ў Ізраілі, дзе працуе журналістам. Яго асудзілі да 5 сутак арышту за падпіску на «FreeBelarusWomen», «Беларускі Гаюн» і «Zerkalo.iо». Таксама ў мужчыны канфіскавалі тэлефон. Ці дакладна ён быў затрыманы на мяжы — невядома. 


  • Супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя Дзяніс Паўлаў і Іван Крывіня

Вядома, што ў 2020 годзе Дзяніс Паўлаў і Іван Крывіня працавалі ў рамонтна-механічным цэху ААТ «МТЗ».⠀

На гэты момант Дзяніс і Іван з'яўляюцца работнікамі ваеннага прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» і ёсць падставы меркаваць, што затрыманні звязаныя з дэманстрацыямі і забастоўкамі рабочых у 2020 годзе.

Паведамляецца, што ў Дзяніса прайшоў ператрус, яму ставіцца ў віну арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 

  • Затрыманай жонцы віцебскага палітвязня прад'явілі абвінавачанне па крымінальнай справе — іх гадавалую дачку трымаюць у шпіталі

Жонку віцебскага відэааператра-фрылансера Таццяну Пыцько вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК). Што стала падставай для абвінавачання, пакуль не вядома.

У траўні мінулага году ў Таццяны і Вячаслава Лазарава нарадзілася дачка Ева. Пасля таго, як 6 чэрвеня маці затрымалі, малеча знаходзіцца ў дзіцячым шпіталі пад наглядам лекараў, бо бацька дзяўчынкі таксама ў СІЗА.

Гадавалае дзіця ўзята пад апеку дзяржавы, пакуль прыватную апеку не аформяць сваякі.

У 2020-м годзе Таццяну судзілі і штрафавалі за ўдзел у мірных шэсцях. Праз гэта яна страціла настаўніцкую працу ў школе. Пасля нараджэння малодшай дачкі займалася выхаваннем яе і дваіх старэйшых дзяцей ад першага шлюбу.