Дзяніс Івашын: Папярэджанні пра «рускі свет» і Беларусь, якія спраўдзіліся
Ці мажліва было прадказаць напад Расіі на Украіну ў тым ліку з боку Беларусі? Так, мажліва, і гэта зрабілі нават не буйныя аналітыкі і даследчыя цэнтры, а адзін чалавек. Журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага часу» Дзяніс Івашын, які быў затрыманы роўна тры гады таму пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.
13 гадоў і 1 месяц яму прысудзілі за «Здраду дзяржаве» і «Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці». Канечне, абвінавачанні, асабліва ў незаконным распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці, даволі абсурдныя. Тым не менш тое, пра што пісаў і папярэджваў Івашын, шмат у чым здзейснілася.
Напад Расіі на Украіну
Дзяніс Івашын шматкроць казаў пра тое, што новы напад Расіі на Украіну — ледзьве не непазбежны, і гэта павінна было адбыцца рана ці позна. Ён увесь час зазначаў тое, што на мяжы з Украінай і Расіяй апошняя стварае наступальны ўзброены кулак.
«Расія актыўна мілітарызуецца, нарошчвае сваю вайсковую сілу: наноў створаная 1-я танкавая армія, перафармаваная 20-я агульнавайсковая армія, гэтыя фармаванні валодаюць значным патэнцыялам аперавання менавіта на беларускім стратэгічным напрамку. Апроч гэтага сфармаваная новая 8-я агульнавайсковая армія, перафармоўваюцца злучэнні 58-й арміі.
Уздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю, ад Новачаркаска Растоўскай вобласці да Ельні Смаленскай вобласці сфармаваная паўнавартасная наступальная лінія Збройных Сілаў РФ. Усё гэта ёсць наўпроставым увасабленнем рэалізацыі расійскага цывілізацыйнага праекта, фундаментам якога ёсць супрацьстаянне Заходняй цывілізацыі, якую расійская імперыякратыя разглядае ў якасці экзістэнцыяльнага ворага. Беларусь у гэтай светагляднай парадыгме выступае толькі ў ролі расійскага стратэгічнага вайсковага плацдарму, вайскова-тэхнічнай базы і патэнцыйнага тэатру ваенных дзеянняў. Пры гэтым посткаланіяльная палітычная эліта не толькі ўцягнула нашу краіну ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя хаўрусы з Расіяй, але і працягвае рэалізацыю з ёй неаімперскага праекту ў выглядзе так званага «Союзного Государства», — пісаў Івашын у 2019 годзе, за тры гады да пачатку новай фазы вайны Расіі ва Украіне.
Роля Беларусі ў вайне была перадвызначаная
Адзін з артыкулаў Івашына так і называўся: «Ствараецца аператыўная прастора для дыверсій на мяжы Беларусі». Увогуле, калі пачытаць артыкулы Івашына, прысвечаныя расійскім вучэнням у Беларусі, становіцца зразумела, што гэтая вайна рыхтавалася даўно. І выкарыстанне тэрыторыі РБ для нападу на Украіну, і размяшчэнне расійскіх войскаў на тэрыторыі нашай краіны пад выглядам вучэнняў пачалося задоўга да фазы актыўных дзеянняў.
Прыкладам, у 2020 годзе, ужо ў час актыўных пратэстаў у Беларусі, Івашын аналізаваў два прайшоўшыя вучэнні: «Славянскае братэрства — 2020» і «Непарушнае братэрства — 2020». Што мы тады пабачылі?
Першае, на што звярнуў увагу Івашын — выкарыстанне на вучэннях «Славянскае братэрства — 2020» стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі з ядзернай зброяй на борце: «У межах вучэнняў двойчы — 22 і 24 верасня — два стратэгічныя бамбоўцы-ракетаносьбіты Ту-160 з 6950-й авіяцыйнай базы (Энгельс, Саратаўская вобласць) Паветрана-касмічных сіл РФ здзейснілі спецпалёт уздоўж дзяржаўнай мяжы РБ з краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны. Падчас першага палёту, паводле інфармацыі дзяржаўных прапагандыстаў РБ, бамбоўцы мелі на борце ядзерныя боегалоўкі».
І другі момант: «Агулам на 2020 год запланавана правядзенне прыкладна 130 супольных вайсковых мерапрыемстваў. Гэта надае Расіі мажлівасць без стварэння на тэрыторыі Беларусі вайсковых базаў размяшчаць у нашай краіне вайсковы кантынгент на ратацыйнай падставе», — зазначаў Івашын.
Гэтае «ратацыйнае» размяшчэнне і адпрацоўка паветраных удараў з тэрыторыі Беларусі і ўвасобіліся ў расійскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года.
«З улікам усяго масіву факталагічнай інфармацыі павінна быць выразнае разуменне, што любыя вайсковыя вучэнні з дзяржавай-агрэсарам могуць быць падрыхтоўкай да наступальных ваенных дзеянняў», — папярэджваў Дзяніс.
Ці сапраўды Пуцін выратаваў Лукашэнку?
«Ператварэнне рэжыму Лукашэнкі ў вайсковую хунту робіць яго цалкам ручным і залежным ад Расіі», — напісаў Івашын у жніўні 2020-га.
Шмат хто ўскладае віну ў задушэнні беларускіх пратэстаў на Уладзіміра Пуціна, які стварыў пад Смаленскам «рэзерв Расгвардыі» і паабяцаў Лукашэнку яго ўжыць, калі пратэстоўцы пяройдуць нейкія «чырвоныя лініі». Як гэта робіць Расія, беларусы выдатна ведалі на прыкладзе Украіны, і не ў малой ступені таму пратэст захоўваўся ў мірных рамках.
Але той, хто чытаў артыкулы Івашына, ведае, што «Расгвардыя» на той момант ужо была ў Беларусі. У часе вучэнняў «Непарушнае братэрства» ў Беларусь былі ўведзеныя вайскоўцы расійскай 15-й асобнай мотастралковай брыгады Міратворчых сілаў (15-я АМСБр), прадстаўнікі зводнага атраду вайсковай паліцыі Цэнтральнай вайсковай акругі, байцы спецназу «Росгвардии» і ратаўнікі МНС РФ. Ад Беларусі з імі «вучыліся» сярод іншых супрацоўнікі МНС і Унутраныя войскі МУС, у тым ліку вайскоўцы 3-й асобнай брыгады спецназу (в/ч 3214), спецпадраздзяленне якой у жніўні 2020 года было зафіксавана падчас брутальнага задушэння адной з пратэставых акцый у Мінску.
«На фоне працягу пратэстаў у Беларусі прысутнасць байцоў «Росгвардии» пад прыкрыццём удзелу ў спаборніцтвах і вайсковых вучэннях мае на тэрыторыі Беларусі рэгулярны характар і забяспечваецца на ратацыйнай аснове… Дадаткова насцярожвае, што практычна цягам усяго часу трывання масавых акцый пратэсту з расійскімі падраздзяленнямі праводзяць баявое зладжванне армейскія Сілы спецыяльных аперацый РБ, сілы і сродкі якіх ужо прыцягваліся для пацыфікацыі пратэставай актыўнасці беларусаў у жніўні 2020 года», — пісаў Івашын.
Ці Беларусь акупаваная Расіяй?
Вакол гэтага пытання было шмат спрэчак і аргументаў, калі некаторыя дзеячы апазіцыі пачалі казаць пра тое, што Расія захапіла Беларусь, і пра тое, што Лукашэнка фактычна не кантралюе тэрыторыю краіны, бо расійцы пачуваюцца ў ёй як у сябе дома.
Пытанне тут у тым, хто прымае рашэнні ў Беларусі, альбо хто ўплывае на прыняццё гэтых рашэнняў. Відавочна, што цяпер у краіне мае перавагу «сілавы блок» — МУС, КДБ і вайскоўцы. Яшчэ ў 2015 годзе Дзяніс Івашын прааналізаваў кадравы склад вышэйшага кіраўніцтва гэтых структур і прыйшоў да высновы, што «ў вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве фатальна не стае ўраджэнцаў Беларусі, а тыя адзінкі, якія ёсць, практычна ўсе прайшлі праз ідэалагічна-навучальны апарат Расійскай Федэрацыі. Маем вельмі шмат прыкметаў таго, што Беларусь мае каланіяльную вонкавую сістэму кіравання».
«Завяршальным этапам аперацыі прымушэння да інтэграцыі можа быць усталяванне поўнага кантролю Расійскай Федэрацыі над сістэмай дзяржкіравання, а таксама сілавога блоку Беларусі. Праз наяўнасць вялікай колькасці наўпроставых агентаў уплыву РФ на ўсіх ўзроўнях сістэмы дзяржкіравання Беларусі выкананне гэтай задачы не падаецца складанай. Адным з вынікаў гэтага стане атрыманне Расіяй поўнага доступу да ключавых сектараў беларускай эканомікі», — адзначыў Івашын.
«Войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі»
Што будзе далей? У тых нешматлікіх вестках, якія Дзяніс Івашын перадаваў на волю з турмы, няма нічога добрага для Расіі.
«Войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі. Як мне падаецца, вядзецца выключна зараз пра «захаванне аблічча» сатрапа Персіі. Моц жа Скіфіі ўвесь час толькі будзе ўзмацняцца. Скіфія сцвердзілася ўжо як палітычная нацыя, усяму свету давяла моц сваёй дзяржавы, арміі, вялікі ўзровень абароназдатнасці. З ёю вымушаныя будуць весці перамовіны, да таго ж, шмат у чым зыходзячы з ейных інтарэсаў. Гэтыя перамовіны могуць адбыцца ўжо пасля ключавых падзеяў», — мяркуе Івашын.
Аднак ён не чакае хуткага канца супрацьстаяння ва Украіне. «Працэс абменных аперацыяў і гэтак далей — можа расцягнуцца на гады, таму назапашваемся цярпеннем, трымаем зубы сцятымі, маральна-баявы дух — высокім, захоўваем спакой і верым у Скіфію!» — зазначыў Дзяніс.
Верагодны распад Расіі Івашын таксама прадказвае: гэта, на яго думку, вызначана тым, што Пуцін прызнаў захопленыя нават не да канца тэрыторыі Украіны расійскімі. І калі гэтыя рэгіёны зноўку «аддзеляцца» ад Расіі, што перашкодзіць зрабіць тое ж самае астатнім? «Пытанне аддзялення ад Масквы разглядалі ў розныя часы ледзь не палова яе рэгіёнаў», — адзначыў ён.
Артыкулы Дзяніса Івашына ў «Новым Часе»
Яшчэ ў 2019-м Івашын напісаў:
«Разбіць планы як рэжыму Лукашэнкі, гэтак і яго пратэктара Расійскай Федэрацыі, можа і мае сталёвая воля, мужнасць, пакліканне і самаахвяраванне беларускага народа. Толькі праз барацьбу можна вярнуць сабе сваю краіну, абараніць гонар і годнасць, адплаціць за смерці і катаванні шматлікіх пакаленняў беларусаў. Вызначальнай жа зброяй у барацьбе за сваю зямлю маюць быць перадусім беларускія нацыянальныя прыярытэты і каштоўнасці.
Беларусь ужо неаднойчы ставала месцам гібелі расійскіх імперскіх праектаў. Не выключана, што чарговая спроба Расіі аднавіць сваю імперскую веліч коштам беларускай і ўкраінскай зямлі стане чыннікам яе дэмантажу і канчатковай ліквідацыі. Усё зараз залежыць ад цывілізацыйнага выбару беларускага народа, яго імкнення рэалізаваць свой уласны геапалітычны сцэнар і неспатоленай прагі да Волі».
Адрас для лістоў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Івашын Дзяніс Яўгенавіч.