Ствараецца аператыўная прастора для дыверсій на мяжы Беларусі
Лукашэнка ўцягвае Беларусь у расійскія ваенныя авантуры, скіраваныя на далейшае супрацьстаянне з дзяржавамі блоку NATO і Украінай. Супольныя вучэнні не толькі прадэманстравалі, што РБ знаходзіцца ў антызаходнім фарватары знешняй палітыкі Расіі, але і зменшылі міжнародную суб’ектнасць Беларусі, падарвалі усю сістэму нацбяспекі.
Супольныя тактычныя вучэнні «Славянскае братэрства» пачалі праводзіць на наступны год пасля акупацыі Крыму і расійскага ўварвання ў Данбас. Адной з асноўных задач было паказаць свету, што, нягледзячы на ваенны канфлікт з Украінай, Расію надалей падтрымліваюць іншыя «братэрскія» славянскія дзяржавы, перадусім Беларусь і Сербія. Першыя вучэнні адбыліся ў 2015 годзе ў Расіі, праз год — у Сербіі, а з 6 па 15 чэрвеня 2017 года супольныя вайсковыя манеўры прымала на сваёй тэрыторыі Беларусь.
Згодна з вызначанай чарговасцю наступныя трохбаковыя расійска-беларуска-сербскія вучэнні меліся адбыцца сёлета з 10 па 15 верасня ў Беларусі, аднак Сербія за дзень да іх старту адмовілася ад удзелу. Паказальна, што не адбыліся таксама і запланаваныя на верасень у Сербіі супольныя беларуска-сербскія вайсковыя вучэнні «Совместный удар». Відавочна, рашэнні гэтай балканскай краіны, апошняга аскепка «славянскага братэрства», прадыктаваныя цывілізацыйным выбарам, які ўжо не палягае ў парадыгме «русского мира».
Кардынальная і раптоўная змена фармату вучэнняў
Першапачатковы фармат вучэнняў прадугледжваў удзел толькі дэсантных падраздзяленняў Узброеных сіл (УС) Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) РФ, Сілаў спецыяльных аперацый УС РБ і сербскага спецназу, а таксама выкарыстанне толькі аднаго палігону «Брэсцкі» («Сахара»). У 2017 годзе на гэтым палігоне ў вучэннях удзельнічалі агулам каля тысячы вайскоўцаў з 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (АДШБр) УС РБ, 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі (ДШД) ПДВ РФ і 63-га парашутнага батальёну Спецыяльнай брыгады УС Сербіі. Былі задзейнічаныя агулам больш за 150 адзінак вайсковай тэхнікі.
Асноўнымі мэтамі вучэнняў былі адпрацоўка навучальна-баявых задач па контрдыверсійнай дзейнасці і барацьба з незаконнымі збройнымі фарміраваннямі.
Поўнае змяненне фармату вучэнняў пасля дэмаршу Сербіі відавочна сталася вынікам таемных дамоўленасцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным, дасягнутым 14 верасня ў Сочы. У гэты ж дзень вучэнні «Славянскае братэрства–2020» былі афіцыйна распачатыя і трывалі аж да 25 верасня. Тэрмін іх правядзення быў павялічаны ўдвая — з запланаваных раней 6 да 12 дзён.
У шэсць разоў была павялічаная і колькасць удзельнікаў. У вучэннях удзельнічалі агулам ля 6000 чалавек асабовага складу, з іх прыкладна 1000 — вайскоўцы УС РФ. Апроч палігону «Брэсцкі» былі задзейнічаныя таксама «Гожскі», 230-ы агульнавайсковы Абуз-Лясноўскі і 210-ы авіяцыйны Ружанскі палігоны.
У некалькі разоў павялічылася агульная колькасць задзейнічаных падчас вучэнняў асноўных сістэмаў узбраення. Яна склала больш за 500 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ), у тым ліку каля 120 адзінак баявой тэхнікі УС РФ. Былі задзейнічаныя каля 90 танкаў, 350 баявых браняваных машынаў, звыш 130 артылерыйскіх установак, РСЗВ і мінамётаў.
Апроч першапачатковага заяўленага ўдзелу толькі 38-й АДШБр, да іх далучыліся таксама падраздзяленні 6-й і 11-й асобных механізаваных брыгадаў (АМБр), 116-й штурмавой і 50-й змяшанай авіябазаў, 51-й артылерыйскай і 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгадаў.
Відавочна, адной з таемных дамоўленасцяў у Сочы сталася і выкарыстанне выкарыстанне на вучэннях стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі з ядзернай зброяй на борце. Пэўна, у расійскім Генштабе гэта разглядаюць цяпер як адзін з мажлівых спосабаў барацьбы з незаконнымі збройнымі фарміраваннямі.
У межах вучэнняў двойчы — 22 і 24 верасня — два стратэгічныя бамбоўцы-ракетаносьбіты Ту-160 з 6950-й авіяцыйнай базы (Энгельс, Саратаўская вобласць) Паветрана-касмічных сіл РФ здзейснілі спецпалёт уздоўж дзяржаўнай мяжы РБ з краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны. Падчас першага палёту, паводле інфармацыі дзяржаўных прапагандыстаў РБ, бамбоўцы мелі на борце ядзерныя боегалоўкі.
23 верасня 6 далёкасяжных гіпергукавых бамбоўцаў-ракетаносьбітаў Ту-22М3 адпрацавалі бамбаванне па аб’ектах умоўнага праціўніка на палігоне Ружанскі. Самалёты ўзляталі з аэрадрома Шайкаўка ў Калужскай вобласці, на якім дыслакуецца 52-і цяжкі бамбавальны авіяполк.
Не выключана, што, як і ў кастрычніку 2016 года, далёкасяжная бамбавальная авіяцыя ПКС РФ адпрацоўвала таксама нанясенне з паветранай прасторы Беларусі ракетных удараў па стратэгічных аб’ектах на тэрыторыі Украіны.
Тактычныя вучэнні «Славянскае братэрства–2020» паводле маштабу і значэння можна смела параўноўваць з супольнымі расійска-беларускімі стратэгічнымі вучэннямі «Захад–2017», у якіх прымалі ўдзел каля 12 700 чалавек, у тым ліку з боку РФ каля 3000 вайскоўцаў. Яны праходзілі на тэрыторыі Беларусі на 6 палігонах і прадугледжвалі выкарыстанне практычна ўсіх родаў войскаў, апроч, вядома ж, марской кампаненты.
Радыкальнае змяненне фармату вучэнняў «Славянскае братэрства–2020» адбылося на тле трывання маштабнага пратэстнага руху ў Беларусі. Відавочна, ён стаў асноўнай прычынай і перадумовай гэтага змянення.
Калі мажлівасць задзейнічання сфарміраванага рэзерву байцоў «Росгвардии» і паліцыі РФ адыграла сваю выключную ролю для кансалідацыі сілаў і сродкаў, прадухілення пратэстных настрояў, сабатажу ў структуры перадусім МУС РБ, то правядзенне вайсковых вучэнняў, якія можна параўноўваць са стратэгічнымі, візіты вышэйшага вайсковага кіраўніцтва РФ у Беларусь закліканыя ўзмацніць маналіт вайсковага падпарадкавання Міністэрства абароны РБ. Гэта чарговае наданне з боку Крамля гарантыі захавання рэжыму Лукашэнкі.
На фоне масавых пратэстаў у Беларусь пад прыкрыццём правядзення аператыўнай і баявой падрыхтоўкі былі перадыслакаваныя падраздзяленні расійскай арміі. Адной з першых на палігон «Брэсцкі» чыгуначным транспартам прыбыла батальённа-тактычная група (БТГр) 76-й ДШД.
Тульская 76-я дэсантна-штурмавая дывізія
Паводле ўнікальнай камуфляжнай афарбоўкі, бартавых нумароў і тактычных знакаў на ваеннай тэхніцы вызначана, што першай у Беларусь прыбыла БТГр 234-га дэсантна-штурмавога палка (ДШП, в/ч 74268, пункт сталай дыслакацыі — Пскоў), што паводле арганізацыйна-штатнай структуры ўваходзіць у 76-ю ДШД. Менавіта батальённа-тактычныя групы гэтай дывізіі з’яўляюцца аднымі з асноўных ударных ваенных сілаў у бягучай расійска-ўкраінскай вайне.
У выніку OSINT-расследаванняў міжнароднай выведавальнай супольнасці InformNapalm вызначана, што значная частка вайскоўцаў 234-га ДШП удзельнічала ў спецаперацыі захопу Крыму. У ваеннай агрэсіі супраць Украіны ўдзельнічалі не толькі кантрактнікі, але нават вайскоўцы вайскоўцы тэрміновай службы.
Вайскоўцы УС РФ цалкам свядома ехалі ва Украіну выконваць злачынныя загады, больш за тое, у сваіх акаўнтах сацсетак яны адкрыта выхваляюцца атрыманымі за гэта ўзнагародамі ад Міністэрства абароны РФ.
Напрыклад, адным з такіх з’яўляецца расійскі вайсковец з Варонежа Дзмітрый Ушакоў. У 2013–2014 гадах ён праходзіў тэрміновую службу ў складзе 234-га ДШП, меў пасаду стралка-аператара 1-га парашутна-дэсантнага батальёну. Як і шмат яго таварышаў па службе, удзельнічаў у акупацыі Крыму, за што, паводле ўказу Мінабароны РФ, быў узнагароджаны медалём «За возвращение Крыма».
Дзмітрый Ушакоў (другі леваруч) разам са сваімі таварышамі па службе. Усе маюць медалі за акупацыю Крыма, InformNapalm
Узнагароднае пасведчанне да медаля «За возвращение Крыма» Дзмітрыя Ушакова, якое ён выклаў у сваім акаўнце сацсеціва, архіў InformNapalm
Дакументальна пацверджана, што вайскоўцы 234-га ДШП Дзяніс Лаугін, Андрэй Болатаў і Аляксандр Рахманін за ўдзел у спецаперацыі акупацыі Крыму паводле загаду МА РФ з 29 траўня 2014 года №315 былі таксама ўзнагароджаныя медалямі «За возвращение Крыма».
Валанцёры супольнасці InformNapalm выявілі яшчэ не менш за 20 вайскоўцаў 234-га ДШП, якія былі ўзнагароджаныя медалямі за акупацыю Крыма.
Узнагародныя пасведчанні да гэтых медалёў падпісваў асабіста падпалкоўнік Алег Грыцаеў. Ён камандаваў 234-м ДШП (в/ч 74268) са студзеня 2014 і па кастрычнік 2015 года, а таксама непасрэдна падчас правядзення спецаперацыі захопу Крымскага паўвострава.
Алег Грыцаеў удзельнічаў таксама і ў ваеннай агрэсіі РФ супраць Грузіі ў жніўні 2008 года. Паводле звестак Пскоўскага агенцтва інфармацыі, за гэтую кампанію ён быў узнагароджаны ордэнам Мужнасці.
Характэрна, што Грыцаева ўзгадвае ў сваіх упамінах пра грузінскую кампанію расійскі палкоўнік Генадзь Анашкін: «Утром нам уточнили задачу: выйти на господствующие высоты на окраине Гори и захватить телецентр. Одну нашу роту мы усилили танковым взводом. Командовал этой группой командир батальона гвардии майор Олег Грицаев. Они совершили бросок к телецентру, но не по шоссе (десантники вообще не любят двигаться по дорогам), а через гору».
У кастрычніку 2015 года Грыцаеў стаў намеснікам камандзіра 76-й ДШД, а на яго месца быў прызначаны падпалкоўнік Іван Велікоцкі. Дзякуючы расійскім дзяржаўным прапагандыстам тэлеканала «Россия 1», якія зафіксавалі ўзнагароды Велікоцкага ў відэа, удалося вызначыць, што ён таксама прымаў непасрэдны ўдзел у акупацыі Крыму. Адна з яго ўзнагародаў, што патрапіла ў відэасюжэт, гэта медаль Жукава, якую ён, меркавана, мог атрымаць за ўдзел у баявых дзеяннях у Данбасе.
Падчас правядзення спецаперацыі акупацыі Крыма 76-й ДШД камандаваў палкоўнік Аляксей Наумец, прызначаны на гэтую пасаду яшчэ ў лютым 2013 года. Увосень 2014 года Наумец быў уключаны ў санкцыйны спіс Еўрасаюза за ўдзел пскоўскіх дэсантнікаў у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Падчас яго камандавання вайскоўцы 76-й ДШД удзельнічалі ў баявых дзеяннях у Данбасе і нават у рэйдарскім захопе ўкраінскіх установак для свідравання «Чарнаморнафтагазу».
У лютым 2018 года Наумец пайшоў на павышэнне — згодна з указам Пуціна, ён быў прызначаны на пасаду намесніка начальніка штабу ПДВ РФ.
Месца камандзіра 76-й ДШД заняў палкоўнік Ігар Каплій. Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення выведкі МА Украіны, з 2015 па 2017 гады Ігар Каплій на тэрыторыі акупаванага Данбасу з’яўляўся камандзірам 5-й асобнай мотастралковай брыгады (Макееўка) 1-га акупацыйнага армейскага корпусу Цэнтра тэрытарыяльных войскаў Паўднёвай ваеннай акругі УС РФ. Зараз гэты данецкі корпус уваходзіць у склад 8-й агульнавайсковай арміі УС РФ.
На акупаванай тэрыторыі Украіны ён выкарыстоўваў дакументы прыкрыцця на імя «Игорь Григорьевич Кремень». Наноў на тэрыторыі Данбасу Каплій апынуўся ў лютым 2019 года. Туды яго накіравалі нібыта пасля скандалу з прымусовым зборам сярод падначаленых вайскоўцаў на храм Мінабароны РФ. Характэрна, што колішні палкоўнік ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў) таксама заявіў пра схільнасць Каплія да пабораў падчас знаходжання апошняга ў акупаваным Данбасе.
У 2020 годзе Каплій стаў слухачом Вайсковай акадэміі Генштабу УС РФ. На яго месца паводле загаду Пуціна з 19 ліпеня 2020 года быў прызначаны палкоўнік Сяргей Чубарыкін.
Станам на вясну 2014 года Чубарыкін быў намеснікам камандзіра 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі (ПДД), а з ліпеня 2015 года часова выконваў абавязкі камандзіра гэтай дывізіі. Мае непасрэднае дачыненне да фарміравання батальённа-тактычных груп 106-й ПДД, якія прыцягваліся для выканання баявых задач на Усходзе Украіны. Паказальна, што сярод сваіх узнагародаў ён мае і баявыя: ордэн «За ваенныя заслугі» і медаль «За баявыя адрозненні», якімі Мінабароны РФ магло ўзнагародзіць яго ў тым ліку і за ваенную агрэсію супраць Украіны. Мае ён і медаль і за ўдзел у сірыйскай кампаніі УС РФ.
Біяграфія камандзіраў 76-й ДШД і яе структурных фарміраванняў наглядна сведчыць пра экспансіянісцкі і агрэсіўны характар расійскай арміі. Баявое зладжванне вайскоўцаў гэтага злучэння з падраздзяленнямі беларускай арміі стварае вялізны патэнцыял для правядзення супольных наступальных ваенных дзеянняў у будучыні — не выключана, што і з тэрыторыі Беларусі. Аднак 76-я ДШД — далёка не адзінае злучэнне, якое выдатна ведае беларускі тэатр ваенных дзеянняў.
106-я паветрана-дэсантная Тульская дывізія
Колькасць расійскага вайсковага кантынгенту ў Беларусі для ўдзелу ў супольных вучэннях «Славянскае братэрства–2020» мэтанакіравана нарошчвалася. Яшчэ 13 верасня інфармацыйны рэсурс Мінабароны РФ паведамляў пра ўдзел у вучэннях толькі каля 300 расійскіх пскоўскіх вайскоўцаў.
Аднак ужо 20 верасня было зафіксавана, што на чыгуначную станцыю Парэчча Гродзенскага раёна прыбылі не менш за два вайсковыя эшалоны з падраздзяленнямі 137-га разанскага парашутна-дэсантнага палку (ПДП) 106-й ПДД УС РФ.
Гэтае павелічэнне расійскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі, пэўна, стала вынікам візіту 16 верасня ў Мінск міністра абароны РФ Сяргея Шайгу.
Характэрна, што батальённа-тактычная група разанскіх дэсантнікаў была ўзмоцненая танкавым падраздзяленнем 6-й АМБр з Гродна. Менавіта падчас уварвання ва Украіну ўлетку 2014 года Узброеныя сілы РФ надавалі сваім БТГр як мінімум адну танкавую роту.
У лістападзе 2014 года вайскоўцы 137-га разанскага палка былі зафіксаваныя ў адным з палявых лагераў групоўкі сілаў уварвання ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці каля мяжы з Украінай. Яны ўваходзілі ў склад БТГр, укамплектаванай кантрактнікамі 137-га і 51-га ПДП, а таксама асабовым складам выведпадраздзяленняў 106-й ПДД.
Зводная тактычная група была ўзмоцненая артылерыяй і адной танкавай ротай Т-80 са складу 4-й танкавай Кантэміраўскай дывізіі. Значная частка гэтых вайскоўцаў удзельнічала ў летняй кампаніі таго года ў баявых дзеяннях у Данбасе.
Дэміургі спецаперацыі захопу Крыму
21 верасня для праверкі ходу вучэнняў у Беларусь прылятаў камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі УС РФ Андрэй Сердзюкоў. Напачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны ён ачольваў штаб і быў першым намеснікам камандуючага Паўднёвай ваеннай акругі УС РФ. Менавіта паводле яго ўказання і з яго непасрэдным удзелам здзяйснялася планаванне ваеннай агрэсіі супраць Украіны, перакідванне сілаў уварвання на тэрыторыю Украіны і іх забеспячэнне.
Падчас крымскай кампаніі намеснікам Андрэя Сердзюкова быў генерал-лейтэнант Андрэй Халзакоў, які прадстаўляў расійскае вайсковае камандаванне падчас вучэнняў «Славянскае братэрства–2020».
Цікава, што паводле супольнага расследавання выдання «Проект» з цэнтрам «Досье» і амерыканскім выданнем «The Daily Beast», Андрэй Халзакоў да нядаўняга часу ачольваў расійскую групоўку вайсковую сілаў у Лівіі, якая дзейнічае на баку мяцежнага генерала Халіфы Хафтара.
23 верасня Сердзюкоў і Халзакоў непасрэдна кантралявалі ход дэсантавання на палігон «Брэсцкі» батальённа-тактычнай групы 98-й ДШД, якое стала кульмінацыйным пунктам вучэнняў.
98-я паветрана-дэсантная Свірская дывізія
Прыблізна 20 самалётаў Іл-76МД ваенна-транспартнай авіяцыі ПКС РФ дэсантавалі парашутным спосабам 265 чалавек асабовага складу 217-га ПДП 98-й ДШД і 40 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі. Варта асабліва зазначыць, што гэты палігон «Брэсцкі» знаходзіцца ўсяго за 2 кіламетры ад Польшчы і за 30 кіламетраў ад Украіны.
Падобнае маштабнае дэсантаванне непадалёк ад дзяржаўнай мяжы з Польшчай і Украінай расійскай БТГр адбылося ўпершыню і можа быць расцэненае як выразная дэманстрацыя цалкам агрэсіўных намераў ваеннага характару ў дачыненні да гэтых дзяржаў.
Паказальна, што гэтая правакацыя супраць суседзяў Беларусі адбылася ў дзень так званай інаўгурацыі Лукашэнкі. Гэтым Расія засведчыла не толькі сваю персанальную пратэкцыю рэжыму Лукашэнкі, але і дадаткова зрабіла яго яшчэ больш залежным ад сваёй волі ў вачах сусветнай супольнасці.
У выніку на тэрыторыі Беларусі адначасова аказаліся адразу тры (!) расійскія батальённа-тактычныя групы злучэнняў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супраць суседніх з РФ дзяржаў.
Менавіта БТГр выкарыстоўвала Расія падчас актыўнай фазы баёў у Данбасе. Аднак, калі выкарыстанне сваіх Узброеных сілаў у акупацыі Крыма вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расіі ўрэшце прызнала, то ў дачыненні да ўдзелу расійскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях у Данбасе яно дагэтуль ужывае міфалагему «ихтамнет». Разам з тым яе цалкам нівелююць факты трапляння кадравых вайскоўцаў УС РФ у палон да ўкраінскай арміі. Так, 24 жніўня 2014 года падчас актыўнай фазы баёў у Данбасе непадалёк ад населенага пункту Дзэркальнэ Амвросіеўскага раёна Данецкай вобласці былі захопленыя адразу 10 вайскоўцаў менавіта 98-й ПДД.
Праз некалькі дзён пасля гэтага ў палон патрапілі яшчэ два дэсантнікі з 76-й ДШД. За ўвесь час расійска-ўкраінскай вайны колькасць вядомых выпадкаў трапляння вайскоўцаў расійскай арміі ў палон УС Украіны дасягнула ўжо некалькіх дзясяткаў чалавек.
Апроч гэтага прапагандысцкая міфалагема «ихтамнет» дашчэнту руйнуецца рэгулярнымі пастаўкамі «грузу-200» з Украіны ў РФ. Рэзанансны матэрыял з расшыфраваннем перамоваў расійскіх вайскоўцаў пра ліквідацыю ў жніўні 2014 года падчас баявых дзеянняў у Данбасе значнай колькасці жаўнераў 1-й роты 76-й ДШД публікавалі раней газета «Псковская губерния» і выданне Slon.ru. У гэтай публікацыі асаблівай увагі заслугоўвае апісанне знішчэння кадравага вайскоўца 76-й ДШД Леаніда Кічаткіна, пахаванага на цвінтары ў Выбутах пад Псковам.
Факт яго ліквідацыі і рэальнае месца пахавання стаў адным з першых гучных сведчанняў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Паводле дадзеных супольнасці InformNapalm, у баявых дзеяннях у Данбасе загінулі не менш за 36 вайскоўцаў пскоўскай 76-й ДШД, 4 вайскоўцы 106-й Тульскай ПДД і 4 вайскоўцы кастрамской 98-й ПДД.
Беларускі плацдарм
З улікам усяго масіву факталагічнай інфармацыі павінна быць выразнае разуменне, што любыя вайсковыя вучэнні з дзяржавай-агрэсарам могуць быць падрыхтоўкай да наступальных ваенных дзеянняў.
Падчас вучэнняў «Славянскае братэрства–2020» адпрацоўвалася высоўванне з месцаў сталай дыслакацыі і дэсантаванне батальённа-тактычных групаў, захоп плацдарму, блакаванне населенага пункту, фарсаванне воднай перашкоды цяжкай браняванай тэхнікай, выкарыстанне стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі з ядзернымі боегалоўкамі — усё гэта выразна сведчыць пра навучальна-баявую адпрацоўку наступальных дзеянняў.
Пра тое, што гэтыя вучэнні скіраваныя менавіта на наступальныя дзеянні, заявіў і галоўнакамандуючы УС Літвы Вальдэмарас Рушыс.
Варта асабліва зазначыць, што расійска-беларускія вучэнні «Славянскае братэрства–2020» адбываліся паралельна і відавочна скаардынавана з супольнымі стратэгічнымі камандна-штабнымі вучэннямі «Кавказ–2020», якія праходзілі не толькі на тэрыторыі Расіі, але і ў Абхазіі, і ў акупаваным Крыме. Паказальна, што ў іх удзельнічала і батальённа-тактычная група 19-й АМБр Узброеных сілаў РБ. У гэты ж час трывалі вучэнні расійскіх войскаў у Прыднястроўі і на тэрыторыі «Л/ДНР». Усё гэта дэманструе патэнцыял вядзення Расіяй поўнамаштабнай канвенцыйнай вайны на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў, які ўключае і ваенна-тэхнічныя мажлівасці беларускага плацдарму.
Рэжым Лукашэнкі імкліва ператварае Беларусь з «донара міжрэгіянальнай бяспекі» ў тэрыторыю патэнцыйнай ваеннай пагрозы для краін Балтыі, Польшчы і Украіны. Праблема дадаткова абвастраецца праз сталую прысутнасць падраздзяленняў расійскай арміі ў Беларусі, якая забяспечваецца правядзеннем рэгулярных вайсковых вучэнняў.
З 12 па 16 кастрычніка ў Беларусі павінны адбыцца чарговыя супольныя з РФ вучэнні ў фармаце АДКБ «Нерушимое братство–2020». У жніўні на тэрыторыі Беларусі пад прыкрыццём удзелу ў мерапрыемстве «Армі–2020» знаходзілася зводная група прафесійных ваенных снайпераў УС РФ. Налета запланавана правядзенне супольных стратэгічных вучэнняў «Захад–2021», на тэрыторыі Беларусі будуць адначасова знаходзіцца значныя ўдарныя сілы расійскай арміі.
Агулам на 2020 год запланавана правядзенне прыкладна 130 супольных вайсковых мерапрыемстваў. Гэта надае Расіі мажлівасць без стварэння на тэрыторыі Беларусі вайсковых базаў размяшчаць у нашай краіне вайсковы кантынгент на ратацыйнай падставе.
Наўпроставай пагрозай для нацыянальнай бяспекі Беларусі ёсць і паступовае знікненне самога чынніку суб’ектнасці Рэспублікі Беларусь. Афіцыйна ў кантэксце вучэнняў вайсковым камандаваннем і РФ і РБ адпрацоўваюцца задачы па абароне выключна заходніх рубяжоў так званай «Саюзнай дзяржавы». Ужо згаданы намеснік камандуючага ПДВ РФ Андрэй Халзакоў на тэрыторыі нашай краіны заявіў: «Мы здесь находимся, чтобы вместе плечом к плечу с вами всеми быть одним организмом во имя нашего Союзного Государства, и границы Союзного Государства будут защищены!»
На тле паўнавартаснага разгортвання ў ваенным плане так званай «Саюзнай дзяржавы» ствараецца аператыўная прастора для рэалізацыі дыверсій на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам і Украінай, што надае мажлівасць Расіі істотна павялічыць свой вайсковы кантынгент у Беларусі дзеля ўсталявання поўнага ваенна-палітычнага кантролю над нашай краінай.