Што робяць у Беларусі вайскоўцы, якія акупавалі Крым і Данбас?
Пад прыкрыццём чарговых вайсковых манеўраў і спаборніцтваў на тэрыторыю Беларусі перакінутыя вайскоўцы аднаго з асноўных фарміраванняў са значным баявым досведам, атрыманым падчас акупацыі Крыму і баёў у Данбасе, а таксама спецпадраздзяленні «Росгвардии».
![Зводная група 15-й АМСБр УС РФ на палігоне «Лосвіда», кастрычнік 2020 года Зводная група 15-й АМСБр УС РФ на палігоне «Лосвіда», кастрычнік 2020 года](/img/v1/images/02_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Супольныя вучэнні Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ) «Нерушимое братство 2020» праходзілі ў Беларусі з 12 па 16 кастрычніка. Месцам іх правядзення быў навучальна-тактычны палігон у Віцебскай вобласці «Лосвіда» 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады (103-я АПДБр) Сіл спецыяльных аперацый УС РБ. У вайсковых манеўрах прынялі ўдзел больш за 900 чалавек асабовага складу. Былі задзейнічаныя больш за 120 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі (УСВТ).
Вучэнні «Нерушимое братство» адбываюцца з 2012 года на тэрыторыі кожнай з краінаў-удзельніц АДКБ. Першы раз на тэрыторыі Беларусі гэтыя манеўры праходзілі ў 2016 годзе на 230-м агульнавайсковым палігоне «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі.
Камандаванне і склад удзельнікаў
Непасрэднае кіраўніцтва вучэннямі здзяйсняў начальнік Аб’яднанага штабу АДКБ генерал-палкоўнік Анатоль Сідараў.
![Анатоль Сідараў падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020» на палігоне «Лосвіда» ў Віцебскай вобласці Анатоль Сідараў падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020» на палігоне «Лосвіда» ў Віцебскай вобласці](/img/v1/images/01_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Анатоль Сідараў падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020» на палігоне «Лосвіда» ў Віцебскай вобласці
Паводле інфармацыі Цэнтру «Міратворац», Анатоль Сідараў з’яўляецца кіраўніком распрацоўкі плану поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, які вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ збіралася рэалізаваць увесну-ўлетку 2015 года. Са снежня 2012 года камандуючы войскамі Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) УС РФ. Непасрэдна датычны да прыцягнення злучэнняў і фарміраванняў ЗВА ў ваенную агрэсію супраць Украіны. Мае наўпроставую датычнасць да перакідвання на акупаваную тэрыторыю Украіны ЗРК «Бук-М1» 53-й зенітна-ракетнай брыгады ЗВА, з дапамогай якога ў ліпені 2014 года быў збіты пасажырскі самалёт рэйсу MH17. У верасні 2015 года ўключаны ў санкцыйны спіс Украіны, а ўжо лістападзе гэтага года прызначаны на пасаду начальніка Аб’яднанага штабу АДКБ.
Ад расійскага боку ў вучэннях удзельнічалі звыш за 140 чалавек асабовага складу: вайскоўцы 15-й асобнай мотастралковай брыгады Міратворчых сілаў (15-я АМСБр) УС РФ, прадстаўнікі зводнага атраду вайсковай паліцыі Цэнтральнай вайсковай акругі, байцы спецназу «Росгвардии» і ратаўнікі МНС РФ. Авіяцыйную кампаненту прадстаўляла вайскова-транспартная авіяцыя (ВТА) і, меркавана, 562-я авіяцыйная база армейскай авіяцыі. Былі задзейнічаныя прыкладна 40 адзінак УСВТ.
![Зводная група 15-й АМСБр УС РФ на палігоне «Лосвіда», кастрычнік 2020 года Зводная група 15-й АМСБр УС РФ на палігоне «Лосвіда», кастрычнік 2020 года](/img/v1/images/02_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зводная група 15-й АМСБр УС РФ на палігоне «Лосвіда», кастрычнік 2020 года
На тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваныя 4 верталёты ПКС РФ: 2 дэсантна-транспартныя Мі-8АМТШ «Тэрмінатар» і 2 ударныя Мі-24. Падчас правядзення вучэнняў яны выкарыстоўвалі вайсковы аэрадром «Бараўцы» ў Полацкім раёне. Характэрна, што баявыя машыны 562-й авіябазы прымалі актыўны ўдзел у расійскай агрэсіі ў Сірыі.
![Мі-8АМТШ «Тэрмінатар» ПКС РФ, RF-04528, б/н 255 жоўты, аэрадром «Бараўцы» Мі-8АМТШ «Тэрмінатар» ПКС РФ, RF-04528, б/н 255 жоўты, аэрадром «Бараўцы»](/img/v1/images/03_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мі-8АМТШ «Тэрмінатар» ПКС РФ, RF-04528, б/н 255 жоўты, аэрадром «Бараўцы»
Вызначана, што расійскі вайсковы кантынгент быў перакінуты самалётам Іл-76МД ВТА з Самары на аэрадром «Віцебск». Задзейнічаныя ў вучэннях УСВТ, у тым ліку БТРы, бронеаўтамабілі «Тыгр» і «Тайфун», былі перакінутыя чыгуначным спосабам і пераадолелі агулам амаль паўтары тысячы кіламетраў.
Ад Беларусі ўдзельнічалі вайскоўцы 103-й АПДБр Сіл спецыяльных аперацый УС РБ, у тым ліку адзіная ў краіне міратворчая рота гэтага злучэння, 50-й змяшанай авіябазы, пантонна-маставых батальёнаў 188-й і 557-й інжынерных брыгадаў. Удзел прымалі таксама супрацоўнікі МНС і Унутраныя войскі МУС, у тым ліку вайскоўцы 3-й асобнай брыгады спецназу (в/ч 3214), спецпадраздзяленне якой у жніўні 2020 года было зафіксавана падчас брутальнага задушэння адной з пратэставых акцый у Мінску.
![Ідэнтыфікацыя 3-й АБрСПН (в/ч 3214) паводле ідэнтыфікацыйнага пазначэння яе падраздзялення, якое шмат хто ўспрымаў за трыкалор расійскага сцягу. Першы фотаздымак зроблены падчас пратэставай акцыі ў Мінску, другі і трэці — падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020» Ідэнтыфікацыя 3-й АБрСПН (в/ч 3214) паводле ідэнтыфікацыйнага пазначэння яе падраздзялення, якое шмат хто ўспрымаў за трыкалор расійскага сцягу. Першы фотаздымак зроблены падчас пратэставай акцыі ў Мінску, другі і трэці — падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020»](/img/v1/images/04_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ідэнтыфікацыя 3-й АБрСПН (в/ч 3214) паводле ідэнтыфікацыйнага пазначэння яе падраздзялення, якое шмат хто ўспрымаў за трыкалор расійскага сцягу. Першы фотаздымак зроблены падчас пратэставай акцыі ў Мінску, другі і трэці — падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020»
Грунтоўная змена фармату манеўраў
У АДКБ уваходзяць шэсць дзяржаў — Расія, Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан. Як правіла, у штогадовых супольных вучэннях удзельнічаць падраздзяленні ад усіх гэтых дзяржаў.
Сёлета ад удзелу адмовілася Арменія, чый дэмарш можа быць растлумачаны ненаданнем ёй належнай падтрымкі з боку АДКБ падчас абвастрэння ваеннага канфлікту з Азербайджанам. Свой вайсковы кантынгент вырашыў не дасылаць сёлета і Кыргызстан, абцяжараны ўласнай унутрыпалітычнай сітуацыяй. Прадстаўнікі Казахстану ўдзельнічалі толькі ў якасці наглядальнікаў. У інфармацыйнай прасторы Таджыкістану згадкі пра гэтыя вучэнні практычна адсутнічаюць, не было заўважанае і зводнае падраздзяленне гэтай краіны падчас афіцыйнага адкрыцця вучэнняў.Паводле словаў начальніка Генштабу УС РБ Аляксандра Вальфовіча, самыя буйныя кантынгенты на сёлетніх вучэннях былі ад Расіі і Беларусі. Па сутнасці, гэтыя вайсковыя манеўры, як і расійска-сербска-беларускае «Славянское братство», ператварыліся на тэрыторыі Беларусі ў расійска-беларускія.
Характар правядзення манеўраў «Нерушимое братство», як і месяц таму вучэнняў «Славянское братство», быў кардынальна зменены.
Паводле словаў міністра абароны РБ Віктара Хрэніна, манеўры «Нерушимое братство» ўпершыню праводзіліся ў фармаце камандна-штабных вучэнняў.
Галоўнай жа асаблівасцю стала тое, што ў межах гэтых манеўраў упершыню была сфарміраваная міратворчая місія з супрацоўнікаў Сакратарыяту і Аб’яднанага штабу АДКБ, якая здзейсніла аналіз і адпрацавала ўвесь комплекс захадаў палітычнага, вайсковага, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага характару па стабілізацыі сітуацыі ў крызісным раёне. Не выключана, што аб’ектам гэтай місіі перадусім была ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі.
Падчас манеўраў адпрацоўвалася сярод іншага дэсантаванне з верталётаў, блакаванне, штурм і зачыстка населенага пункту, пераадоленне воднай перашкоды з дапамогай 150-метровай пантоннай пераправы.
![Расійскія вайскоўцы фарсіруюць водную перашкоду ў Беларусі, кастрычнік 2020 года Расійскія вайскоўцы фарсіруюць водную перашкоду ў Беларусі, кастрычнік 2020 года](/img/v1/images/05_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Расійскія вайскоўцы фарсіруюць водную перашкоду ў Беларусі, кастрычнік 2020 года
Усё гэта з улікам высоўвання расійскіх падраздзяленняў з пунктаў сталай дыслакацыі і перакідваннем амаль на паўтары тысячы кіламетраў на патэнцыйны еўрапейскі тэатр ваенных дзеянняў відавочна сведчыць пра наступальны характар вучэнняў.
«Росгвардия» ў Беларусі
Непасрэдны ўдзел у КШВ «Нерушимое братство 2020» прынялі спецпадраздзяленні Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі МУС РФ («Росвардия»). На фоне працягу масавых пратэстаў у Беларусь для ўдзелу ў вучэннях прыбылі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення падраздзяленняў паліцыі спецыяльнага прызначэння і Цэнтру спецыяльнага прызначэння сіл аператыўнага рэагавання і авіяцыі «Росвардии».
Цікава, што перад правядзеннем вучэнняў спецназ «Росгвардии» ўдзельнічаў у кастрычніку на тэрыторыі Беларусі ў міжведамасным турніры па стральбе з баявой зброі. Спаборніцтвы праводзіліся сярод падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння РБ і РФ. Нагодай для іх правядзення было 30-годдзе спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам (СПБТ) МУС РБ «Алмаз».
Вызначана, што «Росгвардию» ў спаборніцтвах прадстаўлялі спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР) «Рысь» і 604-ы цэнтр спецыяльнага прызначэння «Витязь».
Менавіта атрад «Рысь» кіраўніцтва расійскага МУС часта называе элітай паліцэйскага спецназу РФ.
![Байцы і эмблема спецназу «Рысь» «Росгвардии» Байцы і эмблема спецназу «Рысь» «Росгвардии»](/img/v1/images/06_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Байцы і эмблема спецназу «Рысь» «Росгвардии»
У межах турніру пераважна адпрацоўвалася праца снайперскіх параў, блакаванне і знішчэнне незаконных збройных фарміраванняў, стральба ў цёмны час.
![Міністр МУС Юрый Караеў уручае ганаровую грамату байцу спецпадраздзялення «Рысь», кастрычнік 2020 г. Фота rg.ru Міністр МУС Юрый Караеў уручае ганаровую грамату байцу спецпадраздзялення «Рысь», кастрычнік 2020 г. Фота rg.ru](/img/v1/images/07_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міністр МУС Юрый Караеў уручае ганаровую грамату байцу спецпадраздзялення «Рысь», кастрычнік 2020 г. Фота rg.ru
Варта асабліва зазначыць, што сілавыя ведамствы РБ праводзяць шчыльнае ўзаемадзеянне з расійскімі фарміраваннямі «Росгвардии», якія непасрэдна ўдзельнічаюць у ваеннай агрэсіі супраць Украіны і прыцягваюцца для ўзмацнення расійскай вайсковай прысутнасці на акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.
Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Мінабароны Украіны, спецатрад «Рысь» павінен быў прыбыць у траўні 2016 года на акупаваную тэрыторыю Луганскай вобласці дзеля ўзмацнення ціску на крымінальнае атачэнне кіраўніка «ЛНР» Ігара Платніцкага і для спынення дзейнасці бандыцкіх груповак і захавання кантролю за дзеяннямі падкантрольных Крамлю кіраўнікоў.
Таксама, паводле даных выведкі ГУВ Украіны, у межах чарговай ратацыі ў верасні 2016 года ў раён акупаванага н.п. Ясінаватая Данецкай вобласці з падмаскоўнай Балашыхі прыбылі падраздзяленні ЦСН «Витязь».
![Вайскоўцы ЦСН «Витязь» «Росгвардии». Фота zarodinu.net Вайскоўцы ЦСН «Витязь» «Росгвардии». Фота zarodinu.net](/img/v1/images/08_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вайскоўцы ЦСН «Витязь» «Росгвардии». Фота zarodinu.net
Актыўна ўдзельнічалі байцы ЦСН «Витязь» таксама і ў спецаперацыі захопу ўкраінскага Крыма.
Вядома, што САХР «Рысь» актыўна прымае ўдзел у вучэннях АДКБ. Абодва гэтыя спецпадраздзяленні «Росгвардии» з вялікай доляй верагоднасці засталіся на тэрыторыі Беларусі і для ўдзелу ў манеўрах «Нерушимое братство».
Характэрна, што пра гатоўнасць задзейнічаць на тэрыторыі Беларусі сфарміраваны рэзерв байцоў «Росгвардии» Пуцін заявіў яшчэ ў жніўні, пасля таемных перамоваў з Лукашэнкам у першы тыдзень масавых пратэстаў.
Як мы бачым, на фоне працягу пратэстаў у Беларусі прысутнасць байцоў «Росгвардии» пад прыкрыццём удзелу ў спаборніцтвах і вайсковых вучэннях мае на тэрыторыі Беларусі рэгулярны характар і забяспечваецца на ратацыйнай аснове.
15-я асобная мотастралковая брыгада Міратворчых сіл
Як заявіў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, большая частка падраздзяленняў міратворчых сіл («МС») АДКБ, агульная колькасць якіх складае 3600 чалавек, маюць рэальны досвед удзелу ў міратворчых аперацыях.
Аднак гэтая «міратворчасць» у расійскім разуменні — вельмі своеасаблівая. Замест сваёй дэкларатыўнай функцыі — падтрымання міру, — яна пакідае пасля сябе ваенныя папялішчы і павялічвае жыццёвую прастору дзяржавы-агрэсара РФ.
Касцяком расійскіх «МС» з’яўляецца 15-я асобная мотастралковая брыгада (в/ч 90600) — адзінае злучэнне са статусам Міратворчых сіл у УС РФ і адно з асноўных ва ўдарнай групоўцы войскаў УС РФ, з дапамогай якой здзяйсняецца ваенная агрэсія супраць Украіны. Як мінімум дзве батальённа-тактычныя групы гэтай брыгады знаходзіліся ў авангардзе расійскіх сіл уварвання ва Украіну на пачатковым этапе бягучай расійска-ўкраінскай вайны.
15-я АМСБр была сфарміраваная 1 лютага 2005 года на базе 589-га асобнага мотастралковага палка УС РФ, які ўжо меў досвед удзелу ў так званых «міратворчых» аперацыях на тэрыторыі грузінскай Абхазіі і малдоўскага Прыднястроўя. Пунктам яе сталай дыслакацыі з’яўляецца Рошчынскі вайсковы гарнізон у Волжскім раёне Самарскай вобласці, усяго ў 35 кіламетрах ад Самары.
![Вайскоўцы 15-й АМСБр УС РФ, побач з расійскім на флагштоку лунае сцяг «Міратворчых сіл». Фота InformNapalm) Вайскоўцы 15-й АМСБр УС РФ, побач з расійскім на флагштоку лунае сцяг «Міратворчых сіл». Фота InformNapalm)](/img/v1/images/09_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вайскоўцы 15-й АМСБр УС РФ, побач з расійскім на флагштоку лунае сцяг «Міратворчых сіл». Фота InformNapalm)
Асабовы склад брыгады налічвае больш за дзве тысячы вайскоўцаў. У яе склад уваходзяць 3 мотастралковыя і адзін выведавальны батальёны, спецыяльныя падраздзяленні баявога, матэрыяльна-тэхнічага і тылавога забеспячэння. Укамплектаваная пераважна кантрактнікамі, якія маюць значны досвед у баявой падрыхтоўцы. Цягам апошніх гадоў гэтае злучэнне атрымлівае найноўшыя адзінкі вайсковай тэхнікі і ўзбраення.
Удзел «міратворчай» брыгады ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны
Вайскоўцы 15-й АМСБр напачатку сакавіка 2014 года непасрэдна ўдзельнічалі ў спецаперацыі захопу ўкраінскага Крыму. Пасля падступнага крымскага «бліцкрыгу» падраздзяленні брыгады былі перадыслакаваныя ў памежныя з Украінай раёны Белгародскай і Варонежскай вобласці з прыцэлам на Харкаўскі напрамак.
Увесну 2014 года агентура расійскіх спецслужб, байцы дыверсійна-выведавальных груп і адэпты «русского мира» ў кантэксце гібрыднай вайны рэалізоўвалі праект па стварэнні на тэрыторыі Харкаўскай вобласці так званай «ХНР». Самарскія «міратворцы» чакалі загаду для ўварвання ва Украіну. Аднак у выніку паспяховага правядзення ў красавіку 2014 года ўкраінскімі ўладамі антытэрарыстычнай аперацыі, планы дзяржавы-агрэсара РФ на Харкаўшчыне былі сарваныя. Увесь цяжар ваеннага супрацьстаяння з РФ прыняла на сябе данбаская зямля.
![Кантрактнік 15-й АМСБр Мікалай Туманаў у сваім акаўнце не толькі выклаў свае фота з медалём за акупацыю Крыма ці фотаздымкі з палявога лагеру ля мяжы з Украінай, але нават фота забітых абаронцаў Украіны на зямлі з зоны баявых дзеянняў. Фота InformNapalm Кантрактнік 15-й АМСБр Мікалай Туманаў у сваім акаўнце не толькі выклаў свае фота з медалём за акупацыю Крыма ці фотаздымкі з палявога лагеру ля мяжы з Украінай, але нават фота забітых абаронцаў Украіны на зямлі з зоны баявых дзеянняў. Фота InformNapalm](/img/v1/images/10_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кантрактнік 15-й АМСБр Мікалай Туманаў у сваім акаўнце не толькі выклаў свае фота з медалём за акупацыю Крыма ці фотаздымкі з палявога лагеру ля мяжы з Украінай, але нават фота забітых абаронцаў Украіны на зямлі з зоны баявых дзеянняў. Фота InformNapalm
Падчас актыўнай фазы баёў у Данбасе напрыканцы жніўня — пачатку верасня 2014 года тактычныя групы 15-й АМСБр тэрмінова перакінулі ў памежныя з Украінай раёны ўжо Растоўскай вобласці. Адтуль, з базавых лагераў расійскай групоўкі сілаў уварвання, «міратворцы» прыцягваліся для аператыўнага выканання баявых задач на тэрыторыі Украіны.
![Вайскоўцы 15-й АМСБр у палявым лагеры ў Каменскім раёне Растоўскай вобласці ля мяжы з Украінай. Фота InformNapalm Вайскоўцы 15-й АМСБр у палявым лагеры ў Каменскім раёне Растоўскай вобласці ля мяжы з Украінай. Фота InformNapalm](/img/v1/images/11_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вайскоўцы 15-й АМСБр у палявым лагеры ў Каменскім раёне Растоўскай вобласці ля мяжы з Украінай. Фота InformNapalm
Пасля ўдзелу ў баявых дзеяннях асабовы склад праходзіў ратацыю, замянялася і вайсковая тэхніка. Паводле даных супольнасці InformNapalm, пераўзбраенне брыгады на новыя бронетранспарцёры БТР-82А замест старых БТР-80 адбывалася практычна ў палявых умовах, набліжаных да баявых.
Паказальна, што замена і дастаўка новай вайсковай тэхнікі і ўзбраення здзяйснялася чыгуначным спосабам, а вось ратацыя асабовага складу — вайскова-транспартнымі самалётамі Іл-76МД праз аэрадромы Растова, Мілерава і Таганрога. Такім жа чынам тактычная група самарскіх «міратворцаў» была перакінутая ў кастрычніку 2020 года ў Беларусь.Станам на сёння супольнасць InformNapalm выявіла і ідэнтыфікавала агулам больш за 30 кадравых вайскоўцаў 15-й АМСБр, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Дакументальна пацверджана наданне Мінабароны РФ дванаццаці з іх медалёў за акупацыю Крыма і ўдзел у баявых дзеяннях у Данбасе.
![Інфаграфіка ідэнтыфікацыі некаторых кадравых вайскоўцаў са складу 15-й АМСБр УС РФ, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях ва Украіне. Фота InformNapalm Інфаграфіка ідэнтыфікацыі некаторых кадравых вайскоўцаў са складу 15-й АМСБр УС РФ, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях ва Украіне. Фота InformNapalm](/img/v1/images/12_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інфаграфіка ідэнтыфікацыі некаторых кадравых вайскоўцаў са складу 15-й АМСБр УС РФ, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях ва Украіне. Фота InformNapalm
У звычайных штатных умовах вайскоўцы 15-й АМСБр маюць статутны выгляд, на форме можна пабачыць шаўроны «міратворчых сілаў», у некаторых на шаломах маюцца блакітныя пасы з пазначэннем «МС».
![Фота InformNapalm Фота InformNapalm](/img/v1/images/13_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота InformNapalm
Аднак усё змяняецца, калі перад вайскоўцамі брыгады ставяць задачу выканаць баявое заданне на тэрыторыі суседняй суверэннай дзяржавы. Выкарыстанне арсеналу сілаў і сродкаў гібрыднай вайны надае Расіі неабмежаваныя мажлівасці па здзяйсненні схаванай ваеннай агрэсіі з дапамогай ударных тактычных падраздзяленняў сваёй рэгулярнай арміі.
Чыннік схаванага правядзення баявых аперацый прадугледжвае перадусім правядзенне комплексу захадаў па ўскладненні ідэнтыфікацыі і прыналежнасці падраздзялення да УС РФ. Дзеля гэтага з вайсковай тэхнікі і узбраення прыбіраюць нумары і тактычныя знакі, а жаўнеры набываюць выгляд мясцовых баевікоў незаконных збройных фарміраванняў, якія маюць нестатутную форму адзення.
![«Міратворцы» і па сумяшчальніцтве баявікі тэрарыстычнага ўтварэння «Л/ДНР». Фота InformNapalm «Міратворцы» і па сумяшчальніцтве баявікі тэрарыстычнага ўтварэння «Л/ДНР». Фота InformNapalm](/img/v1/images/14_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Міратворцы» і па сумяшчальніцтве баявікі тэрарыстычнага ўтварэння «Л/ДНР». Фота InformNapalm
Падобныя паказальныя пераўтварэнні самарскіх «міратворцаў» на баевікоў «Л/ДНР» адбывалася досыць часта цягам лета і восені 2014 года.
![«Міратворцы» 15-й АМСБр ва Украіне маюць нестатутны выгляд «баевікоў НЗФ», на некаторых можна пабачыць белыя ідэнтыфікацыйныя павязкі расійскіх акупацыйных войскаў. Фота InformNapalm «Міратворцы» 15-й АМСБр ва Украіне маюць нестатутны выгляд «баевікоў НЗФ», на некаторых можна пабачыць белыя ідэнтыфікацыйныя павязкі расійскіх акупацыйных войскаў. Фота InformNapalm](/img/v1/images/15_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Міратворцы» 15-й АМСБр ва Украіне маюць нестатутны выгляд «баевікоў НЗФ», на некаторых можна пабачыць белыя ідэнтыфікацыйныя павязкі расійскіх акупацыйных войскаў. Фота InformNapalm
Перад уварваннем ва Украіну тактычная група 15-й АМСБр, як зазначана вышэй, прыбірае з аўтамабільнай тэхнікі знакі дзяржрэгістрацыі і зафарбоўвае ідэнтыфікацыйныя знакі «МС». Дзякуючы фотасведчанням кадравага вайскоўца «міратворчай» брыгады Яўгена Іванова, гэта можна вывучыць наглядна. На фота ніжэй ён — прадстаўнік міратворчых сіл, галоўнаю задачай якіх ёсць падтрыманне міру і развязанне вайсковых канфліктаў.
![16_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg 16_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg](/img/v1/images/16_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аднак рэаліі гібрыднай вайны прымушаюць такіх, як ён, па-тэатральнаму бездакорна пераўвасабляцца ў не зусім звычайны вобраз «данбаскіх сепаратыстаў», ганебна хаваючы пры гэтым прыналежнасць да расійскай арміі.
![17_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg 17_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg](/img/v1/images/17_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Драматургія баявых дзеянняў мае ўсё ж свае рэаліі, у якіх задзейнічаныя акцёры і рэквізіт гінуць насамрэч. Расійскія акупанты на ўкраінскай зямлі зазнаюць досыць істотныя страты, іх калоны вайсковай тэхнікі ўкраінскія вайскоўцы паспяхова знішчаюць.
![Кадр з відэа, у якім зафіксавана знішчэнне вайсковага грузавіка «Урал-4320» са складу калоны расійскіх акупацыйных войскаў. Яе знішчылі 23.08.2014 г. вайскоўцы 19-га палка НГУ ў раёне пас. Лісічча Данецкай вобласці Кадр з відэа, у якім зафіксавана знішчэнне вайсковага грузавіка «Урал-4320» са складу калоны расійскіх акупацыйных войскаў. Яе знішчылі 23.08.2014 г. вайскоўцы 19-га палка НГУ ў раёне пас. Лісічча Данецкай вобласці](/img/v1/images/18_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з відэа, у якім зафіксавана знішчэнне вайсковага грузавіка «Урал-4320» са складу калоны расійскіх акупацыйных войскаў. Яе знішчылі 23.08.2014 г. вайскоўцы 19-га палка НГУ ў раёне пас. Лісічча Данецкай вобласці
Падчас выканання баявога задання самарскія «міратворцы» хаваюць знакі адрознення, шаўроны, маюць нестатутную форму адзення, жгуты на прыкладах аўтаматаў і звязаныя ізаляцыйнай стужкай магазіны набояў да АК.
![Яўген Іваноў пазначаны чырвонай стрэлкай. Фота InformNapalm Яўген Іваноў пазначаны чырвонай стрэлкай. Фота InformNapalm](/img/v1/images/19_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўген Іваноў пазначаны чырвонай стрэлкай. Фота InformNapalm
Яўген Іваноў падчас выканання баявой задачы здолеў выжыць. У 2014 годзе Мінабароны РФ узнагародзіла яго і яго таварышаў па службе з тактычнай групы 15-й АМСБр медалямі «За вайсковую доблесць».
![20_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg 20_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg](/img/v1/images/20_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ніжэй падаем відэа з назвай «Как я провел лето 2014» кадравага вайскоўца 15-й АМСБрМікалая Плотнікава, у якім зафіксаваная вайсковая калона «міратворчай» брыгады падчас маршу ў зоне баявых дзеянняў на Усходзе Украіны, у н.п. Навасветлаўка Краснадонскага раёна Луганскай вобласці. У гэтым відэасведчанні можна пабачыць, што пакідаюць пасля сябе расійскія «міратворцы»: разбураныя будынкі, знішчаную тэхніку і выпаленую зямлю.
Відавочна, што чыннік палітычнага рэжыму оруэлаўскай Акеаніі «Вайна — гэта мір» ёсць сёння (дый раней) вельмі блізкім для Расійскай Федэрацыі.
Характэрна, што, паводле словаў генсека АДКБ Станіслава Зася, апарат арганізацыі плануе сёлета скончыць юрыдычна-прававую працу па карэктаванні заканадаўства, прававой базы пад стандарты ААН, унясення зменаў у базавае пагадненне па міратворчасці і ў наступным годзе мае намер пачаць перамовы па ўключэнні ў міратворчую місію ААН. Гэта сведчыць пра планы Крамля надаць сваім «міратворцам» легальны статус, што можа стаць нагодай для пашырэння эскалацыі канфлікту не толькі ў Данбасе, але стаць чыннікам і для пашырэння геаграфіі баявых дзеянняў у новых рэгіёнах свету.
Задушэнне мірных пратэстаў
У інфармацыйным фільме па набору на кантрактную службу 15-й АМСБр маюцца кадры адпрацоўкі вайскоўцамі гэтага злучэння прыёмаў супрацьстаяння пратэстоўцам.
![Кадр з інфармацыйнага фільма 15-й АМСБр Кадр з інфармацыйнага фільма 15-й АМСБр](/img/v1/images/21_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з інфармацыйнага фільма 15-й АМСБр
Вайскоўцы «міратворчай» брыгады маюць таксама патэнцыял для задзейнічання і ў паліцэйскіх аперацыях па задушэнні пратэставай актыўнасці насельніцтва. Паказальна, што падчас вучэнняў «Нерушимое братство 2020» расійскія і беларускія падраздзяленні адпрацоўвалі задачы супрацьдзеяння ўдзельнікам масавых беспарадкаў.
![22_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg 22_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg](/img/v1/images/22_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![Супольныя з Расіяй КШВ «Нерушимое братство», кастрычнік 2020 г. Фота csto.org Супольныя з Расіяй КШВ «Нерушимое братство», кастрычнік 2020 г. Фота csto.org](/img/v1/images/24_vajskoucy_jakija_akupavali_krym.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Супольныя з Расіяй КШВ «Нерушимое братство», кастрычнік 2020 г. Фота csto.org
Дадаткова насцярожвае, што практычна цягам усяго часу трывання масавых акцый пратэсту з расійскімі падраздзяленнямі праводзяць баявое зладжванне армейскія Сілы спецыяльных аперацый РБ, сілы і сродкі якіх ужо прыцягваліся для пацыфікацыі пратэставай актыўнасці беларусаў у жніўні 2020 года.
Безумоўна, усё гэта можа сведчыць пра скаардынаваныя дзеянні вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РБ і Расіі па намерах задушыць мірныя пратэсты ў нашай краіне сілавым чынам.
Не выключана, што расійскія «міратворцы» і спецпадраздзяленні «Росгвардии» могуць у выпадку неабходнасці прыцягвацца ў Беларусі і для ўдзелу ў супольных аперацыях супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Ёсць верагоднасць, што яны могуць выступіць трэцім бокам для правядзення спланаваных правакацый і дыверсій для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі, а таксама эскалацыі супрацьстаяння ў Беларусі. Дзяржава-агрэсар РФ мае для гэтага неабходны й вельмі значны практычны досвед.