Каго абараняе Міністэрства абароны? Можа народ?

У межах гэтага журналісцкага расследавання былі вывучаныя кадры сотняў відэаматэрыялаў, безліч фотаздымкаў, зробленых падчас масавых вулічных пратэстаў па ўсёй Беларусі ў жніўні і верасні 2020 года.





Даследаваныя дзясяткі сведчанняў наўпроставых відавочцаў. У выніку можна з упэўненасцю сцвярджаць: апроч супрацоўнікаў органаў Унутраных спраў, у тым ліку байцоў спецпадраздзяленняў, унутраных войскаў, у жорсткім задушэнні масавых пратэстаў непасрэдна ўжываюцца сілы і сродкі Узброеных сіл (УС) Беларусі.

Варта асабліва зазначыць, што Узброеныя сілы Беларусі цалкам інтэграваныя з фарміраваннямі 20-й агульнавайсковай арміі і, меркавана, 1-й танкавай арміі УС Расійскай Федэрацыі ў расійска-беларускую Адзіную рэгіянальную групоўку войскаў (сілаў). Разам з Расіяй створаная адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, Беларусь уваходзіць з РФ ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя хаўрусы, супольная абарона тэрыторыі так званага «Союзного Государства» ўхваленая ў адзінай вайсковай дактрыне.

Шматлікія прадстаўнікі вышэйшага камандавання УС РБ фігуруюць у матэрыялах па вызначэнні патэнцыйных агентаў уплыву Расіі як выпускнікі расійскіх вайсковых ВНУ. Шмат хто з іх скончыў, перадусім, Вайсковую акадэмію Генштаба УС РФ. Сярод іх і начальнік Генштабу УС РБ — першы намеснік міністра абароны Беларусі Аляксандр Вальфовіч і камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый Вадзім Дзенісенка.

Відавочна, задзейнічанне сілаў і сродкаў беларускіх Узброеных сіл для задушэння мірных пратэстаў не было аднабаковай ініцыятывай рэжыму Лукашэнкі. У гэтым кантэксце рэгулярныя рэйсы расійскіх спецбортаў у жніўні і верасні, у тым ліку Міністэрства абароны Расіі ў Беларусь, могуць быць сведчаннем скаардынаваных дзеянняў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расіі. Пацвярджэнне Пуціным гатоўнасці выкарыстаць на просьбу Лукашэнкі сфарміраваны рэзерв расійскіх сілавікоў толькі дадаткова павялічвае верагоднасць гэтага.

Першым пра выкарыстанне Узброеных сілаў у межах забеспячэння праваахоўных дзеянняў заявіў 12 жніўня начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Астрэйка. Ён пацвердзіў факт выкарыстання ў Брэсце 10 жніўня падраздзяленняў 38-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады, якая структурна ўваходзіць у Сілы спецыяльных аперацый УС РБ. Вайскоўцы гэтага армейскага фарміравання былі задзейнічаныя нібыта толькі ў межах ачаплення той тэрыторыі, на якой, цытуем словы Астрэйкі, «ужо быў адноўлены парадак, а таксама для фізічнага кантролю, каб не даць іншым правапарушальнікам туды вярнуцца і наноў праводзіць нейкія дзеянні».

Цікава, што, паводле сведчанняў Астрэйкі, рашэнне пра мабілізацыю байцоў 38-й брыгады ён ухваляў асабіста. Аднак вядома, што Узброеныя сілы РБ падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны, але не МУС. Гэта цалкам розныя ведамствы са сваёй іерархіяй і структурай камандавання.

17 жніўня ўжо начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскізаявіў, што зафіксаваная ў Гродне падчас пратэстаў вайсковая машына з кулямётам на даху выкарыстоўвалася ў якасці прыкрыцця, а сама зброя была заладаваная нібыта халастымі патронамі. Як і ў выпадку з Астрэйкам, міліцэйскі чыноўнік даў тлумачэнні за дзеянні абароннага ведамства, да якога не мае аніякага дачынення.

Базавай інфармацыяй, на якой грунтуецца гэтае расследаванне, з’яўляюцца факты выкарыстання сілаў і сродкаў УС РБ у Гродна. Нягледзячы на намаганні дзяржслужбоўцаў схаваць праўду, гэтыя факты цалкам раскрываюць мэтанакіраванае задзейнічанне сілаў і сродкаў беларускай арміі для задушэння мірных пратэстаў.

Ідэнтыфікацыя і выяўленне

У межах гэтага расследавання сілавікоў, якія арганізоўвалі гвалтоўныя затрыманні з дапамогай транспартных сродкаў, сярод якіх былі бронеаўтамабілі, — называем байцамі зводнай групы. Паводле сведчанняў відавочцаў, часта яны былі апранутыя ў чорную форму з балаклавамі, без знакаў адрозненняў і пазнакаў. Аднак нават нягледзячы на надпісы прыналежнасці да атраду міліцыі асаблівага прызначэння, гэта не абавязкова маглі быць байцы АМАПу.

Выкарыстанне зводных групаў для задушэння мірных акцый пратэстаў стала асабліва характэрнай праявай карнай дзейнасці сілавікоў перадусім у Гродна. У першыя дні пратэстаў, калі адбываліся найбольш жорсткія катаванні пратэстоўцаў, досыць часта ў зводных групах фіксаваліся адразу па два бронеаўтамабілі.

Фота зводнай групы з двума бронеаўтамабілямі «Цмок» на скрыжаванні вуліц Гарнавых і Гагарына, 11 жніўня 2020 года. Фота autogrodno.by

Фота зводнай групы з двума бронеаўтамабілямі «Цмок» на скрыжаванні вуліц Гарнавых і Гагарына, 11 жніўня 2020 года. Фота autogrodno.by


Было вырашана здзейсніць іх ідэнтыфікацыю і вызначэнне прыналежнасці да пэўнага сілавога ведамства. Варта зазначыць, што шмат хто блытае іх з расійскімі браневікамі «Тыгр» ці расійска-беларускімі «Ліс-ПМ», якія маюцца на ўзбраенні Унутраных войск МУС РБ, і якія таксама застасоўваюцца для разгону пратэставых акцый.

Вызначана, што ў складзе зводных групаў у Гродна выкарыстоўваюцца кітайскія бронеаўтамабілі CS/VN3 Dajiang (大江, кіт. «Вялікая Рака»).

CS/VN3 Dajiang («Цмок»)

Упершыню лёгкабраняваныя машыны CS/VN3 Dajiang былі прадэманстраваныя на кітайскай выставе ўзбраенняў Zhuhai Air Show у 2014 годзе. Яны серыйна вырабляюцца з 2013 года прадпрыемствам Chongqing Tiema Industries Group Co. (Завод №256, г. Чунцын у цэнтральнай частцы Кітая), якое ўваходзіць у кампанію China North Industries Group Corporation (CNGC, больш вядомая з скаротам Norinco). Пэўная колькасць гэтых бронеаўтамабіляў маецца на ўзбраенні Народнай арміі абароны Кітая і Народнай збройнай паліцыі КНР.

На ўзбраенне беларускай арміі яны паступілі ў 2017 годзе, ім надалі ўласную назву «Цмок» (па-руску «Дракон»). Выяўленыя не менш за дзве партыі паставак гэтых браневікоў, якія ў Беларусь з Кітая былі дастаўленыя кітайскім транспартным самалётам кампаніі Air China Cargo ў чэрвені 2017 года, а таксама ў студзені 2018 года.

Пастаўка першай партыі «Цмокаў» з Кітаю, чэрвень 2017 г. 

Пастаўка першай партыі «Цмокаў» з Кітаю, чэрвень 2017 г. 


Характэрна, што Беларусь стала першай краінай, у якую Кітай распачаў экспарт гэтага бронеаўтамабіля. Пастаўкі ажыццяўляліся паводле пагаднення паміж Міністэрствам абароны Беларусі і Міністэрствам нацыянальнай абароны Кітая па наданні бескаштоўнай вайскова-тэхнічнай дапамогі.

Для патрэбаў Узброеных сілаў РБ яны былі значна дапрацаваныя. У Беларусь быў пастаўлены перадусім штурмавы варыянт гэтых бронеаўтамабіляў, прызначаных у тым ліку для выканання задачаў у гарадскіх умовах. Яны прызначаныя для хуткага разгортвання і правядзення спецаперацый.

03_rolja_armii_u_zaduszennjah.jpg

Браневікі «Цмок» у парадных разліках беларускай арміі падчас рэпетыцыі вайсковага параду. Фота ВІА УС РБ “Ваяр”

Паводле слоў намесніка міністра абароны па ўзбраенні Сяргея Сіманенкі, агулам з Кітая планавалася паставіць у Беларусь да 30 гэтых машын.

«Цмокі» маюць браню 4-га класа, якая вытрымлівае кулю калібрам 7,62 мм і траплянне аскепкаў. Кузаў выраблены ў выглядзе бронякапсулы, яна можа абараніць ад падрыву фугасу ў некалькі кілаграм у тратылавым эквіваленце. Броняшкло вытрымлівае траплянне кулі калібрам 5,45 мм. У браневіку могуць размясціцца да 9 чалавек у поўным баявым экіпіраванні. Маса «Цмока» складае 8700 кг, ён абсталяваны рухавіком з магутнасцю 245 л.с. і аб’ёмам 7 л, здольны разганяцца да 120 км на гадзіну, пры гэтым на 100 км спажывае прыблізна да 30 літраў паліва.

На даху бронеаўтамабіля размешчаная адмысловая паваротная платформа для 12,7-мм буйнакалібернага кулямёта НСВТ.

Спачатку «Цмокі» паступілі ў батальён аховы 361-й базы аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў вайсковага кіравання (ЦОВК) для праходжання даследніцкіх выпрабаванняў па вызначэнні тэхнічных характарыстык, заяўленых заводам-вытворцам, і для тэставання машыны ў палявых і гарадскіх умовах. Упершыню выкарыстанне гэтых браневікоў беларускай арміяй было зафіксавана падчас расійска-беларускіх супольных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017», а таксама супольных аператыўных вучэнняў «Шчыт Саюза – 2019».

Падчас вучэнняў «Шчыт Саюза – 2019». Фота mil.ru

Падчас вучэнняў «Шчыт Саюза – 2019». Фота mil.ru

У першую чаргу гэтыя бронеаўтамабілі выкарыстоўваюць Сілы спецыяльных аперацый, а таксама вайсковыя часткі ЦОВК. Вызначана, што ў гродзенскі гарнізон браневікі «Цмок» паступілі на ўзбраенне адной з частак ЦОВК, а менавіта ў 250-ы асобны батальён аховы і абслугоўвання (250-ы АБАА, в/ч 97035) камандавання і кіравання Заходняга аператыўнага камандавання (ЗАК). Таксама пэўная іх колькасць можа знаходзіцца і ва ўзбраенні 22-й асобнай роты спецыяльнага прызначэння, якая дыслакуецца ў тым жа вайсковым гарадку, што і 250-ы АБАА (пункт сталай дыслакацыі — Гродна, вул. Славінскага, 2).

Прыналежнасць бронеаўтамабіляў да МА РБ

Як правіла, усе аўто зводнай групы разам з армейскімі браневікамі «Цмок» не маюць нумароў дзяржрэгістрацыі. Зроблена гэта, на думку аўтара, наўмысна, дзеля ўскладнення вызначэння прыналежнасці аўто да пэўных падраздзяленняў сілавых ведамстваў. Відавочна, паводле задумы, для сярэднестатыстычнага грамадзяніна зводная група павінна выглядаць у якасці сілаў і сродкаў адной сілавой структуры, а не адразу некалькіх. Да таго ж яўнае выкарыстанне вайсковай тэхнікі з нумарамі абароннага ведамства для, па-сутнасці, правядзення карных аперацый супраць мірнага насельніцтва можа значна падарваць давер да арміі, асноўная функцыя якой — абарона дзяржавы ад знешніх ворагаў.

Каб адкінуць усе сумневы, што ў тэроры супраць сваіх жа суграмадзянаў былі выкарыстаныя сілы і сродкі беларускай арміі, было здзейсненае выяўленне знакаў дзяржрэгістрацыі зафіксаваных у зводных групах бронеаўтамабіляў.

Кожны бронеаўтамабіль зводнай групы мае ўнікальную камуфляжную афарбоўку з выкарыстаннем трохколернай схемы. З дапамогай параўнальнага аналізу гэтага вайсковага маскавання ў фота зафіксаваных машынаў зводнай групы з фотаздымкамі і відэа адкрытага доступу, перадусім з параду войскаў гродзенскага гарнізону з 2018 і 2019 гадах, былі дакладна вызначаны нумары дзяржрэгістрацыі бронеаўтамабіляў: МК 0717-0 і МК 0719-0.

Параўнальны аналіз фотаздымкаў і кадраў відэа, з дапамогаю якога былі выяўлены нумар дзяржрэгістрацыі аднаго з «Цмокаў» у складзе зводнай групы — МК 0719-0. Аналагічным чынам быў вызначаны нумар і іншага бронеаўтамабіля

Параўнальны аналіз фотаздымкаў і кадраў відэа, з дапамогаю якога былі выяўлены нумар дзяржрэгістрацыі аднаго з «Цмокаў» у складзе зводнай групы — МК 0719-0. Аналагічным чынам быў вызначаны нумар і іншага бронеаўтамабіля

Паводле дзяржстандарту РБ СТБ 914-99 «Знакі рэгістрацыйныя і знак адметны транспартных сродкаў», код рэгістрацыйнага знаку «0» замацаваны за наступнымі ведамствамі: Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства абароны, Унутраныя войскі МУС, транспартныя сродкі КДБ РБ, замацаваныя на праве аператыўнага кіравання за в/ч 04152, а таксама тыя, што знаходзяцца ў штаце вайсковага часу. Серыя МК і МО — гэта Міністэрства абароны Беларусі.

30 жніўня два бронеаўтамабілі «Цмок» былі непасрэдна зафіксаваныя ля штабу ЗАК у Гродна, а праз тыдзень, 6 верасня, бранявік зводнай групы быў зафіксаваны ў выставе вайсковай тэхнікі і ўзбраення, прымеркаванай да гадавога свята Заходняга аператыўнага камандавання.

Бронеаўтамабіль “Цмок” (МК 0719-0) з ужо нанесенымі перад выставай на бакавыя дзверы чырвона-зялёнымі сцягамі й перафарбаванай цалкам на зялёны колер верхняй планкай, якая закрывае радыятарныя краткі, 06.09.2020 Гродна. Фота аўтара

Бронеаўтамабіль “Цмок” (МК 0719-0) з ужо нанесенымі перад выставай на бакавыя дзверы чырвона-зялёнымі сцягамі й перафарбаванай цалкам на зялёны колер верхняй планкай, якая закрывае радыятарныя краткі, 06.09.2020 Гродна. Фота аўтара

Паляванне «Цмокаў» на людзей

Пасля ідэнтыфікацыі і вызначэння прыналежнасці бронеаўтамабіляў зводных групаў пяройдзем да не менш важнага пытання. Ці адпавядаюць рэчаіснасці заявы прадстаўнікоў МУС, а таксама вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі, што падчас «пацыфікацыі» пратэставай актыўнасці армейскія падраздзяленні выкарыстоўваліся выключна для прыкрыцця, а таксама фізічнага кантролю ачэпленай тэрыторыі?

Разгледзім наступную факталагічную і верыфікаваную базу доказаў, якая гэта цалкам абвяргае.

Выкарыстанне армейскага бронеаўтамабіля «Цмок», што засведчыў начальнік абласной гродзенскай міліцыі Вадзім Сіняўскі, было зафіксавана ў Гродне на другі дзень пратэстаў, 10 жніўня.

Аўтар гэтага расследавання асабіста атрымаў фотадоказы выкарыстання браневіка ў складзе зводнай групы, у якую ўваходзіў таксама мікрааўтобус Ford Transit і аўтобус МАЗ-256.

Фотафіксацыя зводнай групы аўтатранспарту сілавікоў на вул. Дарвіна ў Гродна. Фота10.08.2020 г. Нумар дзяржрэгістрацыі бронеўтамабіля «Цмок» МК 0717-0

Фотафіксацыя зводнай групы аўтатранспарту сілавікоў на вул. Дарвіна ў Гродна. Фота10.08.2020 г. Нумар дзяржрэгістрацыі бронеўтамабіля «Цмок» МК 0717-0


Увечары 10 жніўня, паводле сведчання аднаго з відавочцаў, які разам з сябрам знаходзіўся на паркоўцы ў сваім аўтамабілі непадалёк ад абласной філармоніі, проста на ходнікі заехаў бранявік і аўтазак. Байцы спецпадраздзяленняў намагаліся затрымаць людзей, якія там шпацыравалі. Людзі хутка разбегліся, і пляцоўка стала пустой, тады некалькі сілавікоў падбеглі да аўтамабіля відавочцы, пачалі тузаць за ручкі, аднак дзверы паспелі своечасова заблакаваць. Па аўтамабілі пачаліся ўдары дручкамі, ад аднаго з якіх было разбітае ветравое шкло і пашкоджана крыло. Відавочцу з сябрам удалося з’ехаць, яны не былі затрыманыя.

07_rolja_armii_u_zaduszennjah.jpg

Значна менш пашанцавала гродзенскаму таксісту Аляксею Лапу. 11 жніўня ён скончыў сваю працу і прыехаў да сяброў да гіпермаркета «Алмі» на вул. Савецкіх памежнікаў. Раптоўна з бронеаўтамабіля і мікрааўтобуса, што праязджалі побач, выбеглі людзі ў чорным — і аналагічным чынам напалі на яго аўтамабіль Škoda Rapid.

Выкадраванне відэафіксацыі нападу байцоў зводнай групы на аўто Аляксея Лапы (леваруч уверсе). Побач з ім — армейскі бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0717-0). Фота t.me/autogrodnoby

Выкадраванне відэафіксацыі нападу байцоў зводнай групы на аўто Аляксея Лапы (леваруч уверсе). Побач з ім — армейскі бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0717-0). Фота t.me/autogrodnoby

Аляксею разам з сябрамі таксама ўдалося тады з’ехаць, аднак у выніку спецаперацыі з удзелам другога браневіка, у межах якой была перакрытая цэлая вуліца, машына была спыненая. Усіх людзей, хто быў унутры, груба дасталі, паклалі на асфальт і пачалі гвалтоўна збіваць. Енкі, крыкі і катаванні людзей зафіксавананыя ў відэа, якія зрабілі відавочцы. Аляксею зламалі нос і верхнюю сківіцу, у выніку катаванняў ён атрымаў і іншыя цяжкія цялесныя пашкоджанні. Працяглы час усіх затрыманых трымалі проста на праезнай частцы, а Аляксею, які згубіў шмат крыві, нават не аказалі медычную дапамогу.

Фота гвалтоўных дзеянняў байцоў зводнай групы ў межах спецаперацыі блакавання праезнай часткі на вул. Паповіча ў Гродна. Бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0719-0) зафіксаваны ў другім фотаздымку праваруч, 11.08.2020. Фота hrodna.life

Фота гвалтоўных дзеянняў байцоў зводнай групы ў межах спецаперацыі блакавання праезнай часткі на вул. Паповіча ў Гродна. Бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0719-0) зафіксаваны ў другім фотаздымку праваруч, 11.08.2020. Фота hrodna.life

У выніку Аляксея ўсё ж даставілі пад канвоем у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, адкуль перавялі ў рэанімацыю Гродзенскай універсітэцкай клінікі, дзе ён быў праапераваны. Паказальна, што падчас аперацыі ён быў прыкуты кайданкамі да аперацыйнага стала. З траўмамі галавы былі шпіталізаваныя і два іншыя пасажыры яго аўто.

Брутальна збіты байцамі зводнай групы Аляксей Лапа. Фота hrodna.life

Брутальна збіты байцамі зводнай групы Аляксей Лапа. Фота hrodna.life

Цынізмам ёсць тое, што ў дачыненні да Аляксея Лапы распачалі крымінальную справу па арт. 364 КК РБ нібыта за ўчыненне гвалту ў дачыненні да міліцыянта.

З правядзеннем гэтай спецаперацыі звязаны яшчэ адзін інцыдэнт, які стаў шокам для ўсёй Беларусі.

Падчас гвалтоўнага затрымання Аляксея Лапы байцы зводнай групы таксама здзейснілі напад на легкавік VW Passat, у якім ехала маладая сям’я Ула­дзіміра і Іны Чараухаў з дачкой. Сям’я вярталася дахаты і на вул. Паповіча патрапіла ў калону машынаў. Перад імі было некалькі аўтамабіляў і адзін армейскі бранявік. Яшчэ адзін бронеаўтамабіль знаходзіўся за імі. Яны пабачылі, што першы бранявік пачаў падразаць мікрааўтобус, які стаў паварочвацца бокам. Паводле словаў Уладзіміра, раптам на таксі Škoda Rapid (аўто Аляксея Лапы. — Заўв. аўт.), што стаяла наперадзе, выбеглі каля 6 чалавек у чорнай форме без пазнакаў і пачалі дручкамі біць шыбы.

Уладзімір вырашыў іх аб’ехаць і выехаў на сустрэчную паласу. Праз імгненне на іх машыну накінуліся байцы зводнай групы і пачалі біць таксама дручкамі па машыне, разбілі ветравое шкло, бакавая шыбы і люстэркі. Пасля гэтага ззаду адбыўся моцны ўдар — іх машыну пратараніў другі бранявік. Нагадаем, што маса бронеаўтамабіля «Цмок» — амаль 9 тонаў.

Выкадраванне відэа з Telegram-каналаў, бронеаўтамабіль «Цмок» МК 0719-0 і пратаранены ім VW Passat

Выкадраванне відэа з Telegram-каналаў, бронеаўтамабіль «Цмок» МК 0719-0 і пратаранены ім VW Passat


Юля Чарауха, 5-гадовая дачка Уладзіміра і Іны, знаходзілася на заднім сядзенні і была вельмі блізка да шыбы, якую разбілі сілавікі. У выніку яна атрымала сур’ёзнае раненне галавы, увесь яе твар быў заліты крывёю.

Фота параненай Юлі Чарауха. Фота Instagram

Фота параненай Юлі Чарауха. Фота Instagram

Яе бацька выйшаў з машыны, каб дастаць параненае дзіця, і атрымаў ад байца зводнай групы ўдар дручком па галаве, які рассек яму лоб. Апроч гэтага супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго для разбіральніцтва.

Аўто сям’і Чараўхаў, пашкоджанае байцамі зводнай групы. Фота svaboda.org

Аўто сям’і Чараўхаў, пашкоджанае байцамі зводнай групы. Фота svaboda.org


Траўму галавы атрымала і Іна Чарауха, пазней яна разам з дачкой была шпіталізаваная. У бальніцы яе дачцэ наклалі на рану чатыры швы і дыягнаставалі рассячэнне правай скроневай частцы і ЧМТ.

У першыя дні пратэстаў зводная група была задзейнічаная ў аперацыях па затрыманнях людзей па ўсім горадзе. Непасрэдныя сведкі падзеяў фіксавалі гэтую групу ў шматлікіх лакацыях Гродна. Падаем кадр з відэафіксацыі транспартных сродкаў групы, уключна з бронеаўтамабілем «Цмок» (МК 0719-0), на пешаходнай зоне ў гарадскім парку Жылібера.

Выкадраванне з відэа t.me/autogrodnoby

Выкадраванне з відэа t.me/autogrodnoby

У відэа можна пабачыць, як байцы зводнай групы дэсантуюцца з браневіка «Цмок» (МК 0719-0) на прыпынку грамадскага транспарту на вул. Перамогі і пачынаюць затрымліваць людзей.


Адна з асноўных мэтаў і задачаў зводнай групы, апроч удзелу ў аперацыях «пацыфікацыі» мірнага насельніцтва, — безумоўна, спрыянне максімальнаму застрашванню людзей. Менавіта гэтым і можна патлумачыць наяўнасць армейскага бронеаўтамабіля ў яе складзе.

Менавіта дзеля запалохвання людзей на паваротную платформу на даху «Цмока» байцы групы ўсталёўваюць буйнакаліберны кулямёт НСВТ.

15_rolja_armii_u_zaduszennjah.jpg

Зводная група з бронеаўтамабілем «Цмок» (МК 0719-0) падчас рэйдаў у межах «пацыфікацыі» мірных пратэстаў. Фота social media

Зводная група з бронеаўтамабілем «Цмок» (МК 0719-0) падчас рэйдаў у межах «пацыфікацыі» мірных пратэстаў. Фота social media

На фоне адкрытага тэрору сілавікоў супраць мірнага насельніцтва Беларусі пытанне, ці мог ён быць выкарыстаны для агню на паражэнне, цалкам рытарычнае.

17_rolja_armii_u_zaduszennjah.jpg


119595961_367272854441438_3818642073457068682_n.jpg

Бронеаўтамабіль “Цмок” (МК 0719-0) з стралком і ўсталяваным кулямётам НСВТ ля гандлёвага цэнтру “Карона” на пр. Я.Купалы ў Гродне, 11.08.2020

Падрыў нацыянальнай бяспекі

23 жніўня, 30 жніўня і 6 верасня вакол стэлы «Мінск — горад-герой» Мінабароны выставіла ачапленне нібы дзеля аховы Музея Вялікай Айчыннай вайны. Дадаткова жаўнеры абнеслі калючым дротам досыць вялікую тэрыторыю вакол. Таксама 6 верасня адзнакі ваеннага становішча з’явіліся на цэнтральнай, Кастрычніцкай плошчы Мінска. Прастору перад Палацам Рэспублікі атачыла таксама вайсковае ачапленне з калючым дротам, цалкам давяршаючы гэты адзін з самых знакамітых сімвалаў архітэктурнай таталітарнай эстэтыкі Беларусі.

19_28.jpg



Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін падчас закрытай нарады з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў МА, ГШ і ЗС не выключыў мажлівасць пачатку грамадзянскай вайны і ваеннага канфлікту. Цытаты з яго прамовы апублікавала «Наша Ніва». Ён звярнуў увагу прысутных, што «можа, некаторыя гэтага хочуць, каб потым нас, мяне, абвінавацілі ў генацыдзе супраць уласнага народа, таму што калі ўжываецца зброя, гінуць мірныя людзі».

Усё гэта сведчыць, што рэжым Лукашэнкі імкліва набліжаецца да тыповай вайсковай хунты, што ўтрымлівае ўладу з дапамогай гвалту і тэрору сілавога блоку ў дачыненні да сваіх жа грамадзян.

Неправамоцнае выкарыстанне сілаў і сродкаў вайскоўцамі Мінабароны Беларусі супраць уласнага народа павінна стаць падставай да належнага расследавання і асуджэння ў дэмакратычнай Беларусі. Факты прымянення арміі супраць мірнага насельніцтва не толькі значна змяншаюць прэстыж службы ў ёй, але і катастрафічна падрываюць давер да яе. У выпадку ж скаардынаванасці сілавых дзеянняў у дачыненні да беларускага народа паміж рэжымам Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыяй, для апошняй адкрываецца вельмі шырокі калідор мажлівасцяў для гібрыднай ваеннай агрэсіі і акупацыі нашай краіны.