Інвалід двойчы аштрафаваны за грамадзянскую пазіцыю

11 верасня ў Кобрыне суддзя Аляксандар Бабаскін аштрафаваў на 5 базавых велічынь кобрынца Сяргея Галя за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры горада на пляцы імя Леніна вечарам 15 і 16 ліпеня.

Сяргей Галь

Сяргей Галь


Сяргей Галь — інвалід III групы, які знаходзіцца ў дэкрэце па догляду немаўляці. Усяго ў яго чацвёра дзяцей ва ўзросце ад 2,5 да 20 гадоў. Жонка працуе палатнай медсястрой у Кобрынскай дзіцячай лякарні.
Вечарам 15 і 16 ліпеня разам з іншымі гараджанамі спадар Сяргей выйшаў на цэнтральны пляц Кобрына, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю наконт адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі зарэгістраваць кандадатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.
“Разам ў гэтыя вечары нас на пляцы было каля 30 чалавек. Мы абмяркоўвалі важную палітычную сітуацыю ў краіне, што склалася пасля таго, як ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатамі на пасаду галавы дзяржавы двум найбольш папулярным палітыкам. Мы не трымалі аніякіх транспарантаў і сцягоў, не выгуквалі аніякіх поклічаў. Проста стаялі і размаўлялі. Міліцыянты нас папярэдзілі, што калі мы не будзем парушаць грамадскі парадак, нам за наш выхад на пляц не будзе аніякага пакарання. Але праз месяц участковы, старшы лейтэнант міліцыі Віктар Петрасюк склаў на мяне пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні”, — распавёў на судзе Сяргей Галь

kobryn_sudy_11.9.20_2_logo.jpg


На пытанне суддзі, чаму грамадзяне папярэдне не падалі заяўку на правядзенне санкцыянаванага мерапрыемства, спадар Сяргей адказаў, што названая працэдура вельмі доўгая і “не факт, што нам дазволяць”. На думку падсудзімага, дзеючае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах пазбаўляе грамадзянаўправа хутка рэагаваць на нейкія важныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны. “Таму мы не можам жыць па такіх законах, калі бачым несправядлівасць. Звяртаю ўвагу суда, што ўдзельнікі праўладных мітынгаў пагражаюць нам, лаюцца на нас і нават ужываюць мацюкі, аднак аніякіх прававых наступстваў такія дзеянні не выклікаюць”, — пакрэсліў Сяргей Галь.
Першы раз у гэтым годзе ён быў аштрафаваны 27 жніўня на 10 базавых велічынь суддзёй Вадзімам Здановічам за паведамленне ў тэлеграм-канале аб даце і месцы сустрэчы грамадзянаў для абмеркавання бягучых падзеяў у краіне.  
Цягам 10-11 верасня ў Кобрыне былі аштрафаваныя на 10 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў 10-12 жніўня падчас жорсткіх затрыманняў грамадзян і іх закратавання.
Сярод пакараных — Андрэй Уласенка, які даглядае інваліда I групы па месцы ягонага пражывання (суддзя Таццяна Каберская), рамеснік Андрэй Жыгавец, прадпрымальнік Віктар Гарбачэўскі і 18-гадовы студэнт II курса юрфаку Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Аляксандра Пушкіна Максім Вяршыла (суддзя Ала Богнат).  

kobryn_sudy_11.9.20_3_logo.jpg


Напярэдадні судоў грамадзяне былі затрыманыя ў РАУС пасля складання на іх адпаведных дакументаў аб адміністрацыйных правапарушэннях і знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання.
Дарэчы, за сваю грамадзянскую пазіцыю Віктар Гарбачэўскі пакараны паўторна: 7 верасня суддзя Аляксандар Бабаскін аштрафаваў прадпрымальніка на 10 базавых велічынь.
Сваіх землякоў у суд прыйшлі падтрымаць дзясяткі кобрынцаў, толькі 11 верасня — больш за 50 чалавек.