«У галаве дзве гематомы, а саджаюць у турму». Мужчына, які ўпаў з аўтазаку, затрыманы па справе аб масавых беспарадках

Мужчыну, які ў першы дзень пратэстаў у Мінску заскочыў на міліцэйскі аўтазак і ўпаў адтуль на поўнай хуткасьці, пасля выпіскі з лякарні затрымалі і змясцілі ў СІЗА № 1, паведамляе «Свабода».

Момант наезду на Ягора Сугойдзя

Момант наезду на Ягора Сугойдзя

30-гадовы Ягор Сугойдзь трапіў на шматлікія фота і відэа ўвечары 9 жніўня. Тады дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі ў цэнтры сталіцы супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання, сілавікі ўпершыню ўжылі спецсродкі — святлашумавыя гранаты, гумавыя кулі, слезацечны газ, вадамёты. Гэта не лічачы жорсткіх затрыманняў і здзекаў.

«З лякарні адпусцілі дадому на бальнічны, а міліцыя адвезла як злачынцу ў СІЗА»

У нейкі момант група дэманстрантаў паспрабавала блакаваць аўтазак, які ехаў «загружацца» да стэлы «Менск — горад-герой». Але кіроўца спецтранспарту, набіраючы хуткасць, паехаў проста ў натоўп. Адзін з пратэстоўцаў заскочыў на бампер і так нейкі час рухаўся разам з машынай. А потым упаў — здавалася, пад колы. Пасля хадзілі чуткі, што мужчына загінуў\

Толькі днямі прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў допісе на сваім тэлеграм-канале давяла «канапавым экспертам», што 30-гадовы мінчук —жывы і здаровы, у лякарню быў дастаўлены ў «п’яным выглядзе».

Ягор Сугойдзь — пляменнік вядомага майстра вырабаў з керамікі, дрэва, гліны, скуры, аднаго з заснавальнікаў этна-крамы «Рагна» Вадзіма Сугойдзя.

Свабода папрасіла яго падзяліцца апошнімі навінамі з сям’і. Выявілася, што днямі сваяка арыштавалі супрацоўнікі МУС і ГУБАЗіК, і цяпер ён — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

«Ягор і сястра раслі без бацькі — мой брат-разгільдзяй іх даўно кінуў, — прызнаецца Вадзім Сугойдзь. — Ягоная маці далёкая ад усяго гэтага руху, не ведае нават, што ў такой сітуацыі рабіць. Калі ён яшчэ ляжаў у лякарні, наняла за грошы нейкага адваката, ад праваабаронцаў адмахваецца, “каб сыну горш не было”. Але ж трэба, каб быў уцямны юрыст, які разбірацца ў такіх нюансах».

Паводле суразмоўцы, спачатку Ягор знаходзіўся ў аддзяленні нейрахірургіі 5-й клінічнай лякарні, бо паступіў з цяжкай траўмай галавы, а затым яго перавялі ў шпіталь хуткай дапамогі.

«У галаве дзве гематомы, фактычна гэта пухліны, якія неабходна тэрмінова выдаляць, — працягвае Вадзім Сугойдзь. — Лекары так і сказалі: трэба рабіць аперацыю. Паставілі ў чаргу, аформілі бальнічны і на нейкі час адпусцілі дахаты. Але ў панядзелак прыйшла міліцыя: учынілі ператрус, забралі цвёрды дыск з кампутара. Ну і яго самога, натуральна, пацягнулі. Цяпер вось сядзіць на Валадарскага. Пры тым, што чалавек хворы, пухліны пагражаюць мозгу!» 

«Парваная бубенная балона вуха, пашкоджана шыйная хрыбетка і зламаныя 6 рэбраў»

Спадар Сугойдзь дапускае, што пляменнік не быў узорам для пераймання — таксама і выпіваў, і пападаўся міліцыянтам. Але тое, што прыпісваюць цяпер яму праваахоўнікі — маўляў, беспрабудны п’яніца, наркаман і сталы наведнік бардэляў — гэта перабор.

«Як ён сам расказваў, з сябрамі ўдзень, яшчэ задоўга перад мітынгам, выпілі па літры піва. Але калі пасля здарэння яго забралі ў лякарню, то там узялі на аналізы кроў і адразу ж выпісалі бальнічны з аплатай. Каб быў п’яны, нават і гаворкі пра тое не было б. Таму думаю, што міліцыя на яго націснула, каб усё падпісаў — і што п’яны, і што сам ва ўсім вінаваты. Робяць усё, каб заадно навешаць усіх магчымых сабак: вёў на барыкады ў п’яным выглядзе», — кажа ягоны дзядзька.

Паводле спадара Вадзіма, іншых сяброў пляменніка ў той вечар затрымалі і адвезлі ў Жодзіна. Таксама правяралі на алкаголь, вынік быў гэткі ж — адмоўны. А гэта значыць, піўная доза была мінімальнай і хутка выветрылася.

На відэакадрах бачна, што падзенне мужчыны з аўтазаку было надзвычай жорсткім. Нават здавалася, што машына пераехала нагу. Што насамрэч?

«У яго моцнае страсенне мозгу, парваная бубенная балона — правым вухам не чуе. Таксама пашкоджана шыйная хрыбетка, якая трымае чэрап. І зламана шэсць рэбраў. Што тычыцца нагі, не скардзіўся. Я да яго прыязджаў, дык ён прынамсі хадзіў нармальна, не кульгаў. Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта проста неймаверна вялікія гузакі на ілбе. Відаць, падаў галавой і грудзьмі, калі рэбры павыломваныя», — расказвае Вадзім Сугойдзь.

 

Момант наезду на Ягора Сугойдзя

Момант наезду на Ягора Сугойдзя

Ён кажа, што бачыў паведамленне прадстаўніцы МУС, у якім яна спрабавала скласці партрэт «тыповага пратэстоўца» — вечна п’яны, неаднойчы прыцягвалі да адказнасці, не ўладкаваны ў жыцці.

«Не магу ўявіць, чым так на яго націснулі, што ён прызнаўся, нібыта быў п’яны, але гэта няпраўда. Плюс вінаваціла, маўляў, да гэтага ўзросту не завёў сям’ю, значыць, няварты прадстаўнік грамадства. Паслухайце, некаторыя да 30 гадоў пяць жонак мяняюць, дык яны, вынікае, малайцы?» — падсумоўвае Вадзім Сугойдзь.

Ягор Сугойдзь працуе аўтаслесарам. У маладосці сімпатызаваў «Маладому фронту», быў неабыякавым да таго, што адбываецца ў краіне.