Палітвязень Дзяніс Івашын: Ні расійскі народ, ні ягонае кіраўніцтва на сваіх памылках не вучацца

Крэмль прызнаннем «незалежнасці» Данбасу сам адчыніў скрыню Пандоры. Так палітвязень Дзяніс Івашын, які за кратамі знаходзіцца ўжо 347-ты дзень, выказаўся з нагоды ўчорашняга прызнання Расіяй ДНР і ЛНР. Ці разумее Крэмль, што прызнанне ДНР і ЛНР небяспечна найперш для самой Расіі, дзе пытанне аддзялення ад Масквы разглядалі ў розныя часы ледзь не палова яе рэгіёнаў?

274277144_4837648009647101_7546726746161490619_n.jpg

Агулам Дзяніс Івашын невысока ацаніў аналітычныя здольнасці, дзеянні і рашэнні крамлёўскай адміністрацыі, адзначае на сваёй старонцы ў фэйсбуку яго жонка Вольга Івашына. Маўляў, дарма зроблены крок, які да таго ж перакрэслівае ўсе папярэднія дыпламатычныя намаганні.

Фактычна Расія проста замацавала тое, што і так было і пра што ўсе ведалі. Але зафіксавала публічна і на паперы, за што абавязкова атрымае заслужаную “ўзнагароду” ў выглядзе новых санкцыяў.

На паўнамаштабныя баявыя дзеянні, як мы бачым, РФ пакуль не адважылася. А хутка разуменне гэтай баязлівасці пачне даходзіць і да шараговых расійцаў — адзначае палітвязень, — прычым разам з апусцелымі праз санкцыі гаманцамі і лядоўнямі. Нават калі цяпер яны гучна з феерверкамі вітаюць “законны” ўвод сваіх войскаў на ўкраінскія землі.

Ні расійскі народ, ні ягонае кіраўніцтва на сваіх памылках не вучацца. Тым лепш для паняволеных і акупаваных Расіяй народаў і краінаў.

Скрыню Пандоры з прызнаннем “незалежнасці” квазідзяржутварэнняў Крэмль ужо адчыніў, ці разумеюць у тамтэйшых вежах, што небяспечна гэта найперш для самой Расіі, дзе пытанне аддзялення ад Масквы разглядалі ў розныя часы ледзь не палова яе рэгіёнаў?