Шрайбман разважае, якія наступствы будзе мець прызнанне Данбасу для Украіны, Беларусі і свету

Чаму Захад не спыняе Пуціна самымі жорсткімі мерамі да таго, пакуль той не дайшоў да канца ў эскалацыі? Праз надзвычай высокую цану жорсткага адказу. Заходнія палітыкі не гатовыя плаціць вялікую цану, каб караць Расію.

szrajbman.jpg

 Ці будзе Украіна ваяваць за вызваленне ДНР і ЛНР? Ці прызнае Беларусь самаабвешчаныя «рэспублікі», і калі так, дык калі? Калі расійскія войскі выведуць з Беларусі? Чаму рэакцыя Захаду на рашэнне Крамля была не самай жорсткай з магчымых?

На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на канале Св*бода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Незразумела, у чым быў план Пуціна ў гэтай шматмесячнай кампаніі запалохвання. Ён пакідае сабе прастору для манеўру, каб выкарыстаць прызнанне «ДНР» і «ЛНР» як для эскалацыі, гэтак і для дээскалацыі.

Для эскалацыі гэта можна выкарыстоўваць з улікам таго, што «ДНР» і «ЛНР» абвяшчаюць сябе ў межах Данецкай і Луганскай вобласцяў, а гэта прыкладна ўдвая больш, чым тое, што яны цяпер кантралююць. Можна заявіць, што на «нашай тэрыторыі» чамусьці прысутнічае ўкраінская армія і яе трэба адтуль выбіць.

Але мне падаецца больш імаверным, што гэта своеасаблівае ганаровае адступленне Пуціна. Я лічу, што ўся камбінацыя з ультыматумамі, пагрозамі, сцягваннем войскаў была не падрыхтоўкай поўнамаштабнага ўварвання, а спробай налякаць Захад.

Гэтага не ўдалося, Захад не даў гарантыяў непашырэння NATO, Украіна не пагадзілася ісці за расійскай трактоўкай Мінскіх пагадненняў. Да поўнамаштабнай вайны Пуцін не быў гатовы, і «ДНР» і «ЛНР» сталі трафеем, які ён здолеў атрымаць.

Растуць шанцы на тое, што мы ўбачым нейкую дээскалацыю.

Заўсёды карысна заявіць больш сур’ёзную пагрозу, чым тое, што ты гатовы рэальна выконваць. У выніку Захад можа выдыхнуць і не ўводзіць самыя жорсткія санкцыі. Гэта своеасаблівы гандаль. Крэмль кажа — гэтая вашая Украіна наогул не павінна існаваць. Але мы пакуль абмяжуемся кавалкамі дзвюх вобласцяў.

Які можа быць альтэрнатыўны сцэнар такому «ганароваму» адступленню? Вялікая, поўнамаштабная вайна, украінская армія налічвае шмат салдатаў. Такая вялікая вайна можа выйсці з-пад кантролю. Пуцін да такіх сцэнароў не гатовы.

Ён і раней не ішоў на аперацыі, якія неслі сурʼёзныя рызыкі для Расіі. Ён гатовы пагражаць, але не гатовы сурʼёзна рызыкаваць.

Прызнанне Беларуссю зараз не толькі «ДНР» і «ЛНР», але і Абхазіі, і Паўднёвай Асэтыі будзе відавочным «прагінаннем». Лукашэнка не любіць так «прагінацца».

У праўладнай аналітыцы бачныя два падыходы. Адны кажуць, што не трэба спяшацца, што варта спачатку «дапрызнаць» Крым. А іншыя кажуць, што прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» трэба хутка.

Калі б мне давялося ставіць у казіно, я б паставіў на тое, што Лукашэнка прызнае самаабвешчаныя «рэспублікі», папрасіўшы за гэта кампенсацыю санкцыяў за такі крок, у тым ліку і ўкраінскіх санкцыяў.

Расійскія войскі будуць выведзеныя з Беларусі тады, калі Пуцін палічыць гэта палітычна мэтазгодным. Адвод войскаў з Беларусі — гэта дакладны сігнал, што Крэмль выбраў дээскалацыю. І ўсё, што ён будзе рабіць далей, будзе ўспрымацца як блеф.

Я не думаю, што Пуцін прыняў рашэнне, ці паглыбляць эскалацыю далей. Калі рэакцыя Захаду будзе млявая, калі санкцыі будуць смешныя, магчыма, на гэтым інцыдэнт будзе вычарпаны. Калі рэакцыя Захаду будзе больш жорсткай, магчыма, гэтыя войскі затрымаюцца на тыдні і нават месяцы.

Трымаць войскі ў Беларусі доўга — гэта прыніжаць Лукашэнку. Прыніжаць саюзніка, які табе дапамагае і робіць нават больш, чым ты ад яго хочаш, — гэта крыху «не па-пацанску». Магчыма, выведзе, калі будзе прызнанне «ДНР» і «ЛНР» з боку Лукашэнкі.

Пуцін у Расіі дэкамунізацыю не праводзіць. Пакуль Лукашэнка лаяльны, хай ён гуляе ў свой савецкі наратыў. Гэта не сучасны расійскі наратыў, для Крамля Ленін — не герой. Калі б Украіна была камуністычнай дзяржавай, Пуцін бы не выкарыстоўваў антыкамуністычную рыторыку супраць яе.

Заходнія санкцыі за прызнанне «ДНР» і «ЛНР» — прыкладна такія ж, якія былі за далучэнне Крыму. Зараз, напэўна, прыпыняць «Паўночны паток-2». Але ў Захаду абмежаваны набор інструментаў, яны не могуць яго ўвесь скарыстаць, пакуль Расія не скарыстала цалкам свой запас эскалацыі.

Чаму Захад не спыняе Пуціна самымі жорсткімі мерамі да таго, пакуль той не дайшоў да канца ў эскалацыі? Праз надзвычай высокую цану жорсткага адказу.

Без Мюнхенскага пагаднення 1938 году Гітлера можна было спыніць толькі вайной, вайной за Судэты. Тады заходнія лідары да гэтага не былі гатовыя. А цяпер на вайну яны тым больш не гатовыя. Цяпер ніхто не лічыць, што калі ўвесці ўсе санкцыі, то расійскі рэжым разваліцца. Наадварот, тады ў Крамля рукі будуць цалкам развязаныя.

Пра сябе заходнія палітыкі ведаюць, што яны не гатовыя плаціць вялікую цану, каб караць Расію.

Пакуль Захад не пераканаецца, што Пуцін завяршыў гэты этап эскалацыі, павялічваць колькасць вайсковых дарадцаў ва Украіне і колькасць вучэнняў там Захад не будзе. Калі мы прыйдзем да грузінскай сітуацыі — «ні міру, ні вайны», то вайсковае супрацоўніцтва Захаду будзе працягвацца.

Скажу цынічную рэч: калі ўсё спыніцца на цяперашнім узроўні, гэта даволі выгадны вынік для ўкраінскай улады. Гэтыя тэрыторыі ўкраінцы дагэтуль прызнавалі акупаванымі. Яны казалі, што расійскія войскі там з 2014 года былі ўвесь час. Цяпер іх там проста будзе больш.

Цяпер над Украінай не вісіць дамоклавы меч Мінскіх пагадненняў, і не яна іх разарвала. Расія атрымае нейкія санкцыі, Украіна атрымае нейкую падтрымку. Адказнасць за гуманітарнае забеспячэнне насельніцтва на гэтых тэрыторыях Украіна зараз не нясе наогул.

Украіна на доўгія гады развітваецца з гэтымі тэрыторыямі, як з Крымам. Маральна гэта вельмі цяжка прыняць. Я ведаю ўкраінцаў, якія адтуль родам.

У Крамлі можа ўзнікнуць спакуса выкарыстаць гэты новы «балкон» для правакавання новай эскалацыі.