Музеі Украіны рыхтуюцца да вайны
Досвед акупацыі Крыма паказвае, што горшае здараецца і ў сферы культуры. Сепаратысты палявалі на супрацоўнікаў музеяў і ўстаноў культуры, прыгадваюць супрацоўнікі музеяў.
Сітуацыя ва Украіне прывяла ў гатоўнасць супрацоўнікаў музеяў, задача якіх – ахова культурнай спадчыны краіны. Установы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы, аказаліся ў надзвычай складанай сітуацыі і хаосе, піша www.polskieradio.pl.
Аляксандра Кавальчук, выканаўца абавязкаў дырэктара Адэскага музею выяўленчых мастацтваў, напісала ў Facebook, як яе ўстанова змагаецца з цяперашняй пагрозай. Дагэтуль у Адэсе пераважала руская мова, але цяпер супрацоўнікі музею пераходзяць на зносіны па-ўкраінску.
«Хто б мог падумаць, што 150 тысяч вайскоўцаў на межах нашай краіны будуць працаваць лепш, чым закон аб мове?» — з лёгкай іроніяй заўважае Аляксандра Кавальчук.
Яна дадала, што музей у супрацоўніцтве з паліцыяй перагледзеў свае сістэмы бяспекі і ліквідаваў «ўсе заўважаныя хібы». На будынку быў вывешаны сцяг Украіны, а да ўсіх музейных выданняў прымацавалі невялікія сцягі.
«Можа быць, хтосьці лічыць, што музеі ці мастацтва павінны быць па-за палітыкай. З улікам усяго вопыту, які ў мяне ёсць, хачу вас запэўніць, што гэта не так. На працягу ўсёй гісторыі мастацтва было і застаецца часткай палітыкі, непарыўна звязанай з грамадскім жыццём», – дадала Аляксандра Кавальчук.
Па нядзелях Адэскі музей будзе бясплатным, каб людзі маглі пабыць з мастацтвам і на хвіліну забыць пра небяспеку.
У сваю чаргу, дырэктар Музея Харкаўскай школы фатаграфіі Сяргей Лебядзінскі напісаў электронны ліст у рэдакцыю «Арт-газеты»: «Мы дагэтуль не верым, што нешта падобнае адбываецца ў Еўропе. Гэта вельмі сумна і трывожна. У музеі, які пачаў працу ў 2018 годзе, прадстаўлены работы выбітных фатографаў савецкіх часоў гэтага рэгіёну, у тым ліку сусветна вядомага Барыса Міхайлава. Харкаў, другі па велічыні горад Украіны, знаходзіцца ўсяго ў 40 км ад мяжы з Расіяй. У выпадку ўварвання шанцаў на хуткую эвакуацыю горада не будзе.
Учора мы завяршылі мантаж сістэмы асвятлення выставачнай прасторы. Неяк дзіўна працаваць над сваімі планамі на будучыню, ведаючы, што ўсё можа абрынуцца ў любы момант», – сказаў Лебядзінскі.
Алеся Астроўска-Люта, генеральны дырэктар Нацыянальнага комплексу культуры, мастацтва і музеяў «Містэцкі арсенал» у Кіеве (ён знаходзіцца ў гістарычным будынку каля Кіева-Пячэрскай лаўры, унесенай у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА) кажа: «Няма пэўнасці. Гэта можа быць проста збой інтэрнэт-сеткі або поўнамаштабнае ўварванне. Таму мы імкнемся падрыхтаваць як мага больш сцэнарыяў».
Сярод украінскіх музеязнаўцаў ходзіць сумны жарт, што «ў гэтай сітуацыі нішто не працуе так тэрапеўтычна, як напісанне заяўкі на грант».
Досвед акупацыі Крыма паказвае, што горшае здараецца і ў сферы культуры. Сепаратысты палявалі на супрацоўнікаў музеяў і ўстаноў культуры. Алена Пех з Музея выяўленчых мастацтваў у Горлаўцы была схопленая на Данбасе ў 2018 годзе і абвінавачаная ў шпіянажы. У снежні мінулага года ўпаўнаважаная ўкраінскага парламента па правах чалавека Людміла Дзянісава абвясціла, што Пех знаходзіцца ў цяжкім стане пасля працяглых катаванняў і зняволення. Музеі Украіны і Польшчы звярнуліся з просьбай аб міжнароднай дапамозе ў вызваленні мастацтвазнаўцы Алены Пех, якая знаходзіцца ў палоне два з паловай гады.