Банк «БелВЭБ» трапіў пад санкцыі ЗША
Беларускі банк «БелВЭБ» трапіў пад санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць Расіі за прызнанне самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».
Беларускі «БелВЭБ» уключаны ў санкцыйны спіс як адна з 25 «дочак» расійскага ВЭБ, піша REFORM.by.
У аўторак Злучаныя Штаты абвясцілі аб «першым траншы» фінансавых санкцый супраць Расіі ў сувязі з прызнаннем ёю незалежнасці ДНР і ЛНР. У санкцыйны спіс Мінфіна трапілі ВЭБ.РФ, Прамсувязьбанк і 42 іх дачыных прадпрыемства.
У ліку тых, хто трапіў пад персанальныя санкцыі, апынуліся кіраўнік Прамсувязьбанка Пётр Фрадкоў (сын кіраўніка РІСД Міхаіла Фрадкова), чалец праўлення ВТБ Дзяніс Бортнікаў (сын кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава) і генеральны дырэктар VK Уладзімір Кірыенка (сын першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргея Кірыенкі), паведамляе АФН.
Санкцыі супраць Расіі ўвяла таксама Вялікабрытанія. У спіс трапілі Прамсувязьбанк, банк «Расія», Індустрыяльны Ашчадны банк, Чарнаморскі банк развіцця і Генбанк. Акрамя таго, санкцыі былі ўведзеныя супраць трох расійцаў: Барыса і Ігара Ратэнбергаў і Генадзя Цімчанка.
У санкцыйны спіс Еўрасаюза ўвайшоў 351 дэпутат Дзярждумы, якія падтрымалі зварот да Пуціна аб прызнанні рэспублік Данбаса, і яшчэ 27 фізічных і юрыдычных асоб.
ЗША папярэдзілі, што санкцыі могуць быць больш жорсткімі ў выпадку эскалацыі сітуацыі з боку Расіі. У якасці наступнага кроку, калі Расія не выведзе войскі з Беларусі, яны перакінуць амерыканскія войскі ў балтыйскія краіны.