Ваенны ціск? Расійскія войскі на мяжы з Беларуссю

Створаныя фарміраванні расійскай арміі валодаюць значным патэнцыялам для правядзення аперацыяў у межах мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі, калі сілы і сродкі для прымушэння нашай краіны да інтэграцыі будуць вычарпаныя. Безумоўна, гэта — фактар наўпроставага ваенна-палітычнага ціску на кіраўніцтва Беларусі.

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі Узброеных сілаў РФ

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі Узброеных сілаў РФ

Пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны Узброеныя сілы Расіі сталі фарміраваць новыя вайсковыя злучэнні для нарошчвання ўдарнага патэнцыялу і стварэння адзінай наступальнай лініі. Непасрэдна ля мяжы з нашай краінай з 2016 года пачалі фарміравацца новыя расійскія ўдарныя падраздзяленні, пункты дыслакацыі якіх — з улікам мясцовасці, інфраструктуры і наяўных транспартных шляхоў спалучэння — сведчаць пра абсалютную прыярытэтнасць беларускага стратэгічнага напрамку.

З 2018 года ў месцах базавання гэтых падраздзяленняў пачалося істотнае назапашванне ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі, якое на гэты момант з’яўляецца адкрытай пагрозай для Беларусі.

У красавіку 2016 года валанцёры міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm першымі выявілі і раскрылі планы Узброеных сілаў (УС) РФ па перакідванні падраздзяленняў 28-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) з Екацярынбурга да мяжы з Беларуссю і Украінай. Характэрна, што ў траўні таго ж года міністр абароны РФ Сяргей Шойгу заявіў: «Новыя дывізіі будуць створаныя для супрацьдзеяння нарошчванню сілаў NATO ля расійскіх межаў». Аднак Беларусь не з’яўляецца чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу і афіцыйна ніколі не заяўляла пра намеры ўвайсці ў яго. Больш за тое, менавіта з Расіяй яна ўваходзіць ва ўсе мажлівыя ваенныя хаўрусы.

Падобныя заявы разам з пашыранымі расійскімі СМІ паведамленнямі пра стварэнне «звышмагутнага браняванага кулаку» ля беларускай мяжы не вытрымліваюць аніякай крытыкі і спрабуюць насамрэч схаваць асноўныя мэты і задачы разгортвання новых вайсковых аб’ектаў ля мяжы з Беларуссю, якія могуць стаць плацдармам у выпадку далейшай эскалацыі агрэсіўных дзеянняў з боку Расіі.

У траўні 2016 года ў памежныя з Беларуссю і Украінай раёны — у Ельню Смаленскай вобласці і Клінцы Бранскай вобласці — з Екацярынбурга былі перакінутыя першыя падраздзяленні 28-й АМСБр Цэнтральнай вайсковай акругі УС РФ. На іх базе пачалося разгортванне 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі (в/ч 61423, нумар перайшоў ад 28-й АМСБр), якая, паводле арганізацыйна-штатнай структуры, увайшла ў перафарміраваную 20-ю агульнавайсковую армію Заходняй вайсковай акругі.

Эшалон з дывізіёнам самаходных 152-мм гаўбіцаў «Мста-С» (2С19) прыбывае да мяжы з Беларуссю і Украінай

Эшалон з дывізіёнам самаходных 152-мм гаўбіцаў «Мста-С» (2С19) прыбывае да мяжы з Беларуссю і Украінай


На гэты момант у складзе 144-й МСД маюцца наступныя фарміраванні і падраздзяленні: 488-ы мотастралковы полк (МСп), 254-ы МСп, 59-ы танкавы полк, 856-ы самаходны артылерыйскі ракетны полк, 1259-ы зенітны ракетны полк, асобныя зенітна-ракетны і процітанкавы дывізіёны, 5 асобных батальёнаў і 3 асобныя роты. Запланавана разгортванне яшчэ аднаго мотастралковага палка і даўкамплектаванне 59-га Тп і 254-га МСп.

Горад Клінцы, што знаходзіцца ў зоне з падвышаным узроўнем радыяцыі праз аварыю на ЧАЭС і ўсяго за 34 кіламетры ад мяжы з Магілёўскай вобласцю Беларусі, і за 42 кіламетры ад Чарнігаўскай вобласці Украіны, стаў пунктам сталай дыслакацыі адразу двух расійскіх мотастралковых палкоў.

Першым клінцоўскім фарміраваннем стаў наноў створаны 488-ы мотастралковы Сімферопальскі Чырвоназнамённы, ордэна Суворава другой ступені полк імя С. Арджанікідзэ (в/ч 12721). З 2019 года ім камандуе палкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карала.

Камандзір 488-га МСп палкоўнік Уладзімір Карала. Фота klintsy.info

Камандзір 488-га МСп палкоўнік Уладзімір Карала. Фота klintsy.info

З траўня 2016 года перадыслакаваныя ўральскія падраздзяленні 28-й АМСБр знаходзіліся ў мясцовасці на паўночным захадзе Клінцоў непадалёк н.п. Філатаў Хутар, дзе былі створаныя палявыя лагер і парк узбраення і вайсковай тэхнікі (УВТ).

Палявы лагер (унізе леваруч) і палявы парк УВТ 488-га МСп, чэрвень 2016 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Палявы лагер (унізе леваруч) і палявы парк УВТ 488-га МСп, чэрвень 2016 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe


Напрыканцы 2016-га і пачатку 2017 года асабовы склад быў перадыслакаваны на тэрыторыю адноўленага вайсковага мястэчка №2 (каардынаты месца дыслакацыі: 52°44’49.4"N 32°15’02.3"E). У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначана, што жаўнераў размясцілі ў двух рэканструяваных трохпавярховых інтэрнатах агульнага тыпу, разлічаных на 300 вайскоўцаў кожны, і ў трох збудаваных двухпавярховых інтэрнатах блочна-модульнага тыпу на 200 вайскоўцаў кожны. То-бок, у гэтых казармах на тэрыторыі вайсковага мястэчка могуць быць раскватараваныя да 1200 жаўнераў.

Тэрыторыя адноўленага вайсковага мястэчка №2 з месцам дыслакацыі асабовага складу 488-га МСп УС РФ. Фота Google Earth

Тэрыторыя адноўленага вайсковага мястэчка №2 з месцам дыслакацыі асабовага складу 488-га МСп УС РФ. Фота Google Earth


На гэтай тэрыторыі, згодна з зацверджаным генеральным планам, павінны былі збудаваць яшчэ дзве блочна-модульныя казармы і рэканструяваць адзін будынак для размяшчэння да 700 вайскоўцаў. Таксама планавалася пабудаваць не менш за 14 сховішчаў узбраення і вайсковай тэхнікі, разлічаных агулам на 470 машынамесцаў. Аднак станам на кастрычнік 2019 года са значных аб’ектаў гэтага праекту рэалізаваная толькі рэканструкцыя і пабудова пяці інтэрнатаў, збудаваная вялікая сталоўка на 1000 чалавек, здзейсненая рэканструкцыя штабу палка і адноўлены шыхтавы плац.

06_vajskovy_cisk.jpg

Вайскоўцы 488-га МСп на шыхтавым плацы вайсковага мястэчка №2 у г. Клінцы


З канца 2016 і пачатку 2017 года ўзбраенне і васковую тэхніку з парку УВТ непадалёк н.п. Філатаў Хутар пачалі перасоўваць у сяло Займішча — адміністрацыйную частку Клінцоў, якая знаходзіцца на поўдні гэтага горада. Тут у прамежку з канца чэрвеня па верасень 2016 года пачалі разбудоўваць палявы парк узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі (за 41 кіламетр ад мяжы з Беларуссю; каардынаты месца дыслакацыі: 52°43’02.2"N 32°16’18.0"E).

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк у Займішчы арганізаваны паводле батальённага прынцыпу. Яго арганізацыя і абсталяванне забяспечваюць перадусім мажлівасць хуткага вывядзення вайсковай тэхнікі па баявой трывозе. Пры гэтым ахоўныя ўласцівасці мясцовасці практычна не выкарыстоўваюцца, на нізкім узроўні знаходзіцца арганізацыя маскавання і схрону вайсковай тэхнікі.

Было.  Фота Google Earth

Было. Фота Google Earth

Стала. Фота Google Earth

Стала. Фота Google Earth

З аналізу спадарожнікавых здымкаў вынікае, што 488-ы МСп складаецца з трох мотастралковых і аднаго танкавага батальёну, аднаго гаўбічнага і аднаго ракетна-артылерыйскага дывізіёну.

УВТ 488-га МСп, кастрычнік 2019 г.  Фота TerraServer, DigitalGlobe

УВТ 488-га МСп, кастрычнік 2019 г.  Фота TerraServer, DigitalGlobe

Паводле наяўнасці спецыяльнай вайсковай тэхнікі полк мае асобныя роты (інжынерна-сапёрная, рамонтная, сувязі, матэрыяльнага забеспячэння). На спадарожнікавым здымку зафіксаваныя наступныя ўзбраенне і вайсковая тэхніка 488-га МСп: да 30 танкаў Т-72, амаль 90 БМП-2, іншыя баявыя браняваныя машыны (ББМ), дзясяткі разнастайных браняваных машынаў забеспячэння, некалькі дзясяткаў сістэмаў артылерыі, у тым ліку 12 адзінак буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 «Мста-Б», некалькі адзінак БМ-21 «Град». Таксама выяўленыя рухомыя сродкі тэхнічнага абслугоўвання бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі ў палявых умовах.

Палявы парк УСВТ і збудаванае ў 2018 г. вайсковае мястэчка УС РФ, кастрычнік 2019 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Палявы парк УСВТ і збудаванае ў 2018 г. вайсковае мястэчка УС РФ, кастрычнік 2019 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Характэрна, што калі агульная плошча вайсковай базы ў Займішчы яшчэ ў траўні 2018 года складала 25 гектараў, то ўжо станам на кастрычнік 2019 года база займала больш за 60 гектараў зямлі, то-бок, павялічылася больш чым удвая. Меркавана, тэрыторыя гэтага вайсковага аб’екта будзе і далей пашырацца праз даўкамплектаванне і фарміраванне новых падраздзяленняў.

Спадарожнікавыя здымкі для параўнання плошчы вайсковай базы г.Клінцы, с. Займішча, леваруч — травень 2018 года, праваруч — кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Спадарожнікавыя здымкі для параўнання плошчы вайсковай базы г.Клінцы, с. Займішча, леваруч — травень 2018 года, праваруч — кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe


Істотнае павялічэнне плошчы вайсковага аб’екту ў Займішчы адбылося праз разгортванне ў 2018 годзе другога вайсковага фарміравання 144-й МСД, якое з гэтага часу мае тут сталы пункт дыслакацыі. Гэта 254-ы гвардзейскі мотастралковы полк імя Аляксандра Матросава (в/ч 91704, ПСД — г. Клінцы, с. Займішча).

Шаўроны 488-га МСп і 254-га МСп

Шаўроны 488-га МСп і 254-га МСп

На сёння ён па колькасці асабовага складу і наяўнага ўзбраення і вайсковай тэхнікі з’яўляецца батальённай тактычнай групай. Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, яна складаецца з мотастралковага батальёну, узброенага да 40 адзінак ББМ (меркавана, БТР-80 і БТР-82А), і ўзмоцненага танкавай ротай (не менш за 8 адзінак, меркавана, Т-72БА). Апроч гэтага ва ўзбраенні маюцца і некалькі дзясяткаў сродкаў артылерыі, у тым ліку дывізіён буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 «Мста-Б» (зафіксавана 12 адзінак) і некалькі адзінак БМ-21. Працягваецца ўкамплектаванне гэтага фарміравання да паўнавартаснага палка.

Улетку 2018 года на тэрыторыі палявога парку ў Займішчы пачалося будаўніцтва казармаў для вайскоўцаў. За некалькі месяцаў, да кастрычніка 2018 года, былі ўзведзеныя 4 блочна-модульныя збудаванні, разлічаныя агулам на не менш за 800 вайскоўцаў. У іх, меркавана, размешчаны асабовы склад 254-га МСп.

Вайсковыя інтэрнаты блочна-модульнага тыпу і інфраструктура, г. Клінцы, с. Займішча, кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Вайсковыя інтэрнаты блочна-модульнага тыпу і інфраструктура, г. Клінцы, с. Займішча, кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe


Характэрна, што актыўнае перакідванне вайсковай тэхнікі і ўзбраення да мяжы з Беларуссю супадае з пачаткам інтэнсіфікацыі захадаў з боку РФ да паўнавартаснага разгортвання так званага «Союзного Государства». Нягледзячы на тое, што Беларусь з’яўляецца адным з асноўных ваенных хаўруснікаў Расіі, з якой створаная адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, расійскае камандаванне разгортвае ўздоўж беларускай мяжы паўнавартасную ўдарную наступальную лінію, якую ўтвараюць фарміраванні 144-й МСД.

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й МСД УС РФ

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й МСД УС РФ

Вайсковая база ў Клінцах знаходзіцца ўсяго за 90 кіламетрах ад Гомеля, злучаная з горадам чыгуначным спалучэннем і трасай рэгіянальнага значэння. На ёй дыслакуюцца фарміраванні, разгорнутыя на падставе падраздзяленняў 28-й мотастралковай брыгады з Екацярынбурга, якіяатрымалі значны баявы досвед падчас расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Створаныя фарміраванні расійскай арміі валодаюць значным патэнцыялам для правядзення аперацыяў у межах мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі, калі сілы і сродкі для прымушэння нашай краіны да інтэграцыі будуць вычарпаныя. Безумоўна, гэта — фактар наўпроставага ваенна-палітычнага ціску на кіраўніцтва Беларусі.

Адсутнасць з боку Беларусі памежнага кантролю і значных вайсковых сілаў на мяжы з Расіяй у Магілёўскай і Гомельскай абласцях істотна павялічваюць вызначаныя пагрозы.

Разам з тым, нягледзячы на прыярытэтнасць беларускага стратэгічнага напрамку для разгортвання і прасоўвання створаных фарміраванняў 144-й МСД, яны могуць быць выкарыстаныя і супраць Украіны. Рэалізацыя сцэнару поўнамаштабнага ўварвання Узброеных сілаў РФ ва Украіну прадугледжвае і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі ў якасці ваеннага плацдарму, наступальныя стратэгічныя аперацыі з якога могуць праводзіць таксама сілы 1-й танкавай арміі. Элементы гэтых дзеянняў ужо былі адпрацаваныя падчас супольных стратэгічных вучэнняў «Захад–2017».