«Рэйдарскі захоп»: ці паўстане грамадзянскі супраціў інтэграцыі з Расіяй?

Напярэдадні падпісання дарожных картаў інтэграцыі Беларусі і Расіі «Новы Час» спытаў грамадскіх і палітычных дзеячаў пра пагрозы, якія гэта нясе нашай незалежнасці, а таксама пра тое, як на іх мусіць рэагаваць грамадзянская супольнасць.

3296101_original_1.jpg

Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог», экс-старшыня АГП:

— Фізічная прысутнасць Расійскай Федэрацыі побач з Беларуссю ўжо з’яўляецца пагрозай. Не гаворачы пра пагрозы эканамічнай інтэграцыі і яе палітычную падаплёку. На самай справе, усе гэтыя рызыкі і выклікі — рэч перманентная, мы бачым перыяды, калі іх інтэнсіўнасць узрастае, а ёсць часы, калі яна лакалізуецца і змяншаецца. Цяпер мы бачым новы пік выклікаў. Мы жывём у вулканічнай мясцовасці, толькі замест шкалы Рыхтара ў нас палітычная шкала Лукашэнкі — Пуціна. І цяпер памаранчавы ўзровень пагрозы, я б сказаў, у 7–8 балаў, паколькі Пуціну патрэбна рэалізацыя сцэнару транзіту ўлады, і Беларусь вельмі прывабная для гэтага.

Я не належу да тых, хто лічыць, што 8 снежня мы станем часткай Расійскай Федэрацыі. Але нават калі дарожныя карты будуць падпісаныя не ў поўным аб’ёме і гаворка ў іх будзе ісці пра нешта «траваеднае» — той жа Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, — гэта ўсё роўна ёсць пагрозай. Бо мы разумеем, што ў гэтых перамовах ёсць вядучы і той, каго вядуць, і мы ведаем, хто ёсць хто. Мы цяпер у той сітуацыі, што лепей дзьмуць на халодную ваду. І многае залежыць не толькі ад беларускіх уладаў, але і ад грамадзянскай супольнасці, ад нашай здольнасці дэманстраваць, што ніякі аншлюс тут не пройдзе.

pikiet_kamarouka_liava_7_logo_1_logo_1.jpg

Патрэбна яснае пасланне для Крамля, што, калі адбудзецца сцэнар нейкага захопу, то тут людзі возьмуць зброю і будуць абараняць сваю зямлю. Усе перадавіцы газет і сайтаў павінны казаць пра тое, што пэўныя людзі і супольнасці гатовыя да абароны незалежнасці ўсімі магчымымі спосабамі. Гэта павінна быць паўсюль — у СМІ, у сацыяльных сетках, у абмеркаваннях. Бо тая ж Расія робіць зрэз грамадскай думкі, і вельмі важна, каб гэты пасыл зафіксавалі. Што, пры пэўных умовах, пасля першага ўкраінскага фронту можа з’явіцца першы беларускі фронт. Таксама павінна быць дэманстрацыя вулічная — гэта будзе ціск на беларускія ўлады, бо без гэтага яны атрымаюць поўны карт-бланш.

Што тычыцца ўладаў, тут больш складана. Для Лукашэнкі суверэнітэт не ёсць каштоўнасцю, для яго каштоўнасць — яго асабістая ўлада. Але цяпер такі час, што інтарэсы Беларусі і асабістая ўлада Лукашэнкі супадаюць. Галоўнае дасягненне Лукашэнкі за 25 гадоў — прыхватызацыя ўлады, бюджэту і пазабюджэтных рэсурсаў, а Пуцін прапануе яму дэпрыватызацыю і перадачу часткі ўлады. Натуральна, гэта не ў інтарэсах Лукашэнкі. Але за 25 гадоў ён не імкнуўся ствараць інстытуты абароны незалежнасці — эфектыўную эканоміку, моцную грамадзянскую супольнасць. Таму [уся гэтая сітуацыя] будзе працягваць вельмі моцна смярдзець.


Ганна Севярынец, настаўніца, літаратуразнаўца, пісьменніца:

hanna_sevjarynec.jpg

— Якімі б ні былі дарожныя карты, анансаваныя ўладамі дзвюх краін, і сам факт іх распрацоўкі, і любыя прапановы ды мерапрыемствы, у іх адлюстраваныя, уяўляюць сабой прамую пагрозу незалежнасці Беларусі, бо падпарадкоўваюць нашы ўласныя інтарэсы інтарэсам чужой краіны. Зразумела, што дэ-факта і эканоміка Беларусі, і палітыка, і масавая культура ўжо і без таго па вушы інтэграваныя, але з усяго гэтага з цягам часу можна выблытацца, калі мы будзем самастойнай дзяржавай. З любых паглыбленняў выблытвацца нам будзе значна цяжэй. Відавочна, што 8 снежня не будзе нічога гэтакага «ў лоб», але кожны крок у напрамку інтэграцыі ёсць крокам у дрыгву, і невядома, калі будзе пройдзеная кропка незвароту. Таму асабіста для мяне як для грамадзянкі суверэннай краіны любыя інтэграцыйныя рухі — гэта прамая пагроза.

Я не бачу для нас, людзей без улады, іншага шляху акрамя грамадзянскага супраціву — культурніцкага, асветніцкага, сацыяльнага, а хто ўмее і можа — то і палітычнага. Актыўна, на мяжы сіл і магчымасцяў, пераходзіць на беларускую мову на вуліцы, дома, у сям’і. Падтрымліваць нашы культурныя і грамадскія ініцыятывы. Спакойна, без абразаў (гэта надзвычай важна!) тлумачыць сваю пазіцыю тым, хто яшчэ вагаецца. Далучацца да асветніцкіх і сацыяльных праектаў, і не толькі ў абарону незалежнасці, але і наогул — у абарону свайго. Выказвацца. Не баяцца. Выключыць для сябе ўдзел у фальсіфікацыях любога ўзроўню і кірунку. Рабіць усё, каб нас чулі.

Адносна прапановы абараняць незалежнасць на плошчы я хутчэй не ведаю, а адчуваю. Для мяне вулічныя пратэсты і вулічнае змаганне — не метад. Але калі няма іншай магчымасці быць пачутымі — значыць, застаецца гэты метад як апошні. Не мая і не наша агульная віна, што нас не чуюць без плошчаў.


Віктар Карняенка, палітычны эксперт:

— Відавочна, з кожным годам пагрозы паглынання Беларусі Расіяй павялічваюцца. За ўсю гісторыю прэзідэнцтва Лукашэнкі можна вылучыць тры перыяды так званай «інтэграцыі», альбо «саюзнага будаўніцтва». Першы, калі Лукашэнка, умоўна кажучы, аблізваючыся на «шапку Манамаха» пры старэючым Ельцыне, лічу, быў згодны на ўваход Беларусі ў склад Расіі, і нават прыспешваў працэс. Аблом здарыўся, калі Ельцын фактычна перадаў гэтую шапку Пуціну. Памятаю навагодняе віншаванне Лукашэнкі, якое адбылося якраз у той час. Больш разгубленым яго да гэтага часу не бачыў.

vitka_karnjaenka.jpg

Другі можна назваць дэмагагічным, альбо «нафта ў абмен на пацалункі». Лукашэнка, разумеючы, чым для яго асабіста можа скончыцца гэтая «інтэграцыя», пераводзіў яднанне ў чыста эканамічныя стасункі. Новаму расійскаму кіраўніцтву пэўны час, па вялікім рахунку, было не да Беларусі, яно вырашала свае ўласныя праблемы, што называлася «ўставаннем з кален». Канешне, увесь час Крэмль павялічваў залежнасць ад сябе аўтарытарнага правіцеля Беларусі. Канцом дэмагогіі былі славутыя «мухі з катлетамі», калі Пуцін наўпрост запатрабаваў увайсці Беларусі ў склад Расіі.

З таго часу пачаўся трэці перыяд — прымус Лукашэнкі вярнуцца да ягоных абяцанак эпохі Ельцына, калі былі прынятыя неразумныя рашэнні кшталту агульнай Канстытуцыі, наднацыянальных органаў і г.д. Сёння карціна выглядае так, што Лукашэнку будзе вельмі цяжка выкруціцца і вылезці з той пасткі, у якую ён улез сам і ўцягнуў народ Беларусі. Відаць, ён гэта і сам разумее, але жыўца заглынуў ужо вельмі глыбока. Мяркую, шантаж з боку Расіі можа быць не толькі эканамічным, але і заснаваным на кампрамаце, звязаным з асобай Лукашэнкі, пагрозамі адмовы ў палітычнай падтрымцы, без якой, дарэчы, імпічмент адбыўся б яшчэ ў 1996 годзе. Сітуацыя сёння больш чым сур’ёзная, але, нягледзячы на гэта, «гарант» нават і не спрабуе кансалідаваць грамадства на абарону суверэнітэту, а сам працэс «інтэграцыі» ідзе ў кулуарным міжсабойчыку.

Перадусім палітыкам трэба аб’яднаць свае высілкі і дзейнічаць калектыўна. Насамрэч, інструментаў уздзеяння на сітуацыю ў іх няшмат. Гэта толькі апеляцыя да грамадства з тлумачэннем магчымых наступстваў «інтэграцыі» і звароты да міжнароднай супольнасці выканаць свае абяцанні, напрыклад, па Будапешцкім мемарандуме. Тут ёсць нагода ўзгадаць толькі што прайшоўшыя «выбары», зафіксаваныя парушэнні і высновы місіі міжнародных назіральнікаў. Усё гэта ставіць пад сумнеў легітымнасць улады ў краіне з усімі выбягаючымі адсюль наступствамі.

Што да грамадства, я нават і не ведаю, ці большасць грамадзян разумее рызыкі, пагрозы і наступствы паглынання Беларусі? Пра гэта сведчаць некаторыя мінулыя сацыялагічныя апытанні незалежных даследчых цэнтраў, дзе большасць, напрыклад, была і за ўступленне ў Еўрасаюз, і адначасова за саюз з Расіяй. Спадзяюся, грамадзян насцярожылі, а то і напалохалі дзеянні Расіі ў суседняй Украіне, сацыяльна-эканамічны спад з-за санкцый і карупцыі, гонкі ўзбраенняў, вайна ў Сірыі і іншыя праблемы, якіх мы сёння не маем.

З аднаго боку, канешне, толькі публічныя акцыі могуць звярнуць увагу той жа міжнароднай супольнасці на фактычную анексію нашай краіны агрэсіўным суседам пры нелегітымнай уладзе ў Беларусі. Але эфект ад публічных акцый можа быць не ў нейкім крэатыве, а толькі ў масавасці. Калі пратэставаць выйдзе толькі некалькі соцень грамадзян з 9,5 мільёнаў, прычым толькі ў сталіцы, гэта будзе выглядаць непераканаўча.

Праблема Плошчы істотна ўскладняецца тым, што сёння ў краіне няма відавочнага аўтарытэтнага лідара, здольнага заклікаць і павесці людзей за сабой, як гэта было ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў, калі Зянон Пазьняк быў дзеючым палітыкам.

Прыйшла квітанцыя на аплату за мінулае, і надыходзіць расплата за гульні ў самадастатковасць розных палітычных груповак. Дай Бог, каб я памыляўся. У любым выпадку, перакананы, што абавязкова знойдуцца патрыёты, якія паспрабуюць пратэставаць. Наколькі пратэст будзе магутным, надзею дае, хіба, нядаўні чынны ўдзел беларусаў у перапахаванні свайго нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.


Зміцер Дашкевіч, цясляр, экс-старшыня «Маладога фронту»:

— Расія як знешнепалітычны выклік была, ёсць і, на жаль, яшчэ доўга будзе для Беларусі. Некаторыя людзі ў сувязі з гэтым выдаюць вельмі шмат эмоцый, хаця дыскусія не новая. Ужо гадоў дзесяць чуюцца заклікі падтрымліваць Лукашэнку, бо ён — гарант незалежнасці. Я лічу гэта вар’яцтвам. Ёсць рэчы, якія нам па сілах — напрыклад, размаўляць па-беларуску, а ёсць рэчы, якія нам не па сілах — напрыклад, супрацьстаяць расійскім танкам. І чамусьці тысячы людзей збіраюцца паўстаць супраць расійскіх танкаў, не маючы на тое сіл, але не размаўляюць па-беларуску, маючы на тое сілы. Пра тое, што такое беларуская мова для абароны беларускай незалежнасці, сказаў сам Пуцін: «рускі мір» там, дзе руская мова.

Я думаю, канфлікт паміж Лукашэнкам і Пуціным будзе працягвацца, больш за тое, у ім — наша адзінае выратаванне. Бо, калі яны дамовяцца паміж сабой, — каго пасадзяць, каго вышлюць, каго закапаюць у Курапатах.

daszkevicz_6.jpg

Улады не будуць чыніць перашкодаў грамадзянскаму пратэсту, пакуль ён малалікі. Калі б ён пачаў набываць маштаб, як гэта было ў 1996 годзе, гэта ўжо ўспрымалася б — і так і ёсць — як персанальны выклік для Лукашэнкі. Пасля 1995 года з’явіўся выразны падзел на дабро і зло. Сумленны чалавек не можа стаць пад савецкія сімвалы, якія ўводзілі ў парламенце са спецназам.

Праблема выхаду на плошчу палягае ў тым, што апазіцыя дасюль не можа ацаніць рэальнасць, у якой мы знаходзімся. Калі былі «дармаедскія» маршы, я разважаў, удзельнічаць у іх ці не. Для мяне было незразумела, чаму людзі выходзяць толькі «за сасіску». З іншага боку, яны выходзяць, праяўляюць грамадзянскую пазіцыю, нечага дабіваюцца. Але пасля таго, як я прачытаў на адным змагарскім сайце фармулёўку «заўтра вырашальны дзень у гісторыі беларускага супраціву», зразумеў, што не буду ў гэтым удзельнічаць. Бо людзі, якія заклікаюць да гэтага, 25 гадоў кажуць пра «вырашальны дзень», што выйдзе «ўвесь беларускі народ». Але рэальнасць такая, што, у лепшым выпадку, 500–1000 чалавек могуць у гэтым паўдзельнічаць. Акцыя ў абарону незалежнасці, у якой бяруць удзел пара соцень чалавек, — гэта акцыя супраць незалежнасці. І я ў іх цяпер не ўдзельнічаю. Калі Саветы ўвялі ў Чэхаславакію танкі, і некалькі чалавек выйшлі на Красную плошчу, яны не крычалі, што за імі савецкі народ. Яны сказалі, што ёсць людзі, якія супраць.

Таму апазіцыі трэба цяпер думаць пра тое, як натхніць і ўмацаваць тую невялікую колькасць прыхільнікаў зменаў, якая ёсць. А яна сваімі акцыямі працягвае расчароўваць.

Раней я разважаў, што лепш рабіць хоць нешта, чым нічога. Апошнія пару гадоў я зразумеў, што лепш не рабіць нічога, чым тое, што расчароўвае і дэмаралізуе людзей. Падзеямі, якія натхнялі, былі БНР-100, перапахаванне Каліноўскага і Курапаты. Кожны можа сёння прыйсці ў Курапаты і там стаць. Калі б заўтра туды прыйшлі б 50 000 чалавек, гэта ўмацавала б незалежнасць.

Наша найноўшая гісторыя сведчыць пра тое, што мы ўвогуле — парадокс, бо мы ёсць. Лукашэнка 20 гадоў будуе «саюзную дзяржаву», а мы ўсё роўна ёсць.


Алесь Лагвінец, палітолаг:

— Пагрозы для незалежнасці і суверэнітэту Беларусі ёсць, і яны вельмі істотныя. Пагрозы менавіта з боку Расіі, бо яна, як былая метраполія, адназначна глядзіць на нашу незалежнасць як на выпадковасць і цудоўна разумее, што калі не цяпер, дык інкарпарацыя можа ніколі не адбыцца. Зеніт моцы Лукашэнкі, якога яна спансавала і абараняла, прайшоў, «восень патрыярха» стварае новыя магчымасці, каб канчаткова прывязаць «заходні фарпост» да сябе. Тым больш, што Лукашэнка нечакана для Крамля наважыўся бараніць сваю ўладу ды ўладу сваёй сям’і-дынастыі і не хоча рабіць даўно абяцанае.

lahvinec_3.jpg


Мы бачым, што Расія дзейнічае паводле «Мемарандума-ўльтыматума» Мядзведзева. Усім зразумела, што калі рэалізаваць цяперашнія расійскія планы ці тое, што прапісана ў дамове 1999 года, Беларусі як незалежнай палітычнай адзінкі не стане. Бо гэта не выпадак еўрапейскай інтэграцыі, на якую ківае Масква, гэта выпадак рэйдарскага захопу таго, што, у разуменні Крамля, яму належыць, але несправядліва было адасоблена. І пасля 8 снежня Расія будзе працягваць ціск, карыстаючыся слабымі бакамі Лукашэнкі і структурнай залежнасцю нашай эканомікі ад усходняга суседа. Тут усё цыклічна; перадышка, часовая, будзе толькі напярэдадні сама-пера-выбараў Лукашэнкі, але перад гэтым будзе гульня на падвышэнне ставак. Лукашэнкаўцы ж будуць спа­дзявацца зноў усё забалбатаць ды пера-аднесці.

Грамадства і палітыкі мусяць будаваць агульнанацыянальны давер і згоду па ключавых пытаннях развіцця краіны, мацаваць нашу саматоеснасць праз супольную гісторыю, мову і будучыню і, зразумела, рэфармаваць эканоміку, каб злезці з расійскіх нафтагазавых падачак-кручкоў ды абаперці незалежнасць на свабодную волю грамадзянаў-уласнікаў. Таксама важнае збліжэнне з заходнім светам, каб збудаваць кааліцыю зацікаўленых у беларускай незалежнасці дзяржаваў-сябраў.

Сітуацыя крытычная, таму любыя сродкі, а найперш — масавы мірны пратэст, павінны быць на парадку дня. Мы маем прыклад 1996 года, калі масавы выхад людзей на мінскія вуліцы паказаў, што беларусы так проста не пагодзяцца на рэінкарпарацыю.