Ціханоўская: пагрозы ад уцечак з BYPOL няма
Аб'яднаны пераходны кабінет выступіў з заяваю наконт сітуацыі ў арганізацыі «Байпол».
Паводле прэс-рэліза, пагроз для канфідэнцыйнай інфармацыі сёння няма.
Спадзяемся, людзі ў Беларусі, што ўдзельнічаюць у плане «Перамога», уздыхнулі з палёгкай пасля гэтых слоў.
«На дадзены момант не выяўлена ўцечкі інфармацыі, якая назапашваецца у рамках плана «Перамога» і іншых ініцыятыў арганізацыі «BYPOL», як не выяўлена і пагроз для захоўваемай інфармацыі.
На сёння прызначана медыяцыя паміж бакамі канфлікту ў прысутнасці кіраўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета».
Што было раней?
Доступ да сацсетак «Байпола» Аляксандр Азараў страціў пяць дзён таму. У аўторак, 6 чэрвеня, свой зварот ён апублікаваў у тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь». Там Азараў сказаў, што не ўсе супрацоўнікі згодны рэгулярна праходзіць паліграф і папрасіў грамадскасць выказацца на гэты конт: ці абавязкова праходзіць палітычным і грамадскім лідарам праверку на дэтэктары хлусні?
У чацвер з'явілася новае відэа ад Азарава. Ён заявіў, што супрацоўнік «Байпола» Мацвей Купрэйчык, які раней разам «з групай асоб» адмовіўся прайсці праверку на паліграфе, быў звольнены, але пакінуў сабе доступ да сацсетак арганізацыі.
Пазней увечары сваю версію ў тэлеграм-канале «Байпола» апублікаваў Купрэйчык. Ён пацвердзіў раскол у арганізацыі, але прычыны назваў іншыя. Паводле версіі Купрэйчыка, у часткі байполаўцаў узніклі пытанні да Азарава наконт празрыстасці фінансавай дзейнасці фонду «Байпол». Азараў нібыта ўхіліўся ад адказаў і чатыры дні хаваўся ад калег. Тыя ў выніку (па словах Купрэйчыка, у апазіцыі да Азарава 80% калектыву) выключылі яго і Станіслава Лупаносава з аб'яднання «Байпол» і заявілі, што ён наогул не стаяў ля вытокаў аб'яднання.
Купрэйчык пазней патлумачыць, што раней двойчы праходзіў паліграф, а цяперашняе патрабаванне Азарава прайсці яго зноў лічыць надуманым і не давярае яму.
Потым з заявай выступіў Аб'яднаны пераходны кабінет, які паведаміў, што пачаў праверку па гэтай сітуацыі. Прыярытэтам у Кабінеце назвалі бяспечнае захаванне ўсёй інфармацыі, атрыманай «Байполам» у працэсе дзейнасці.
У пятніцу, 9 чэрвеня, у тэлеграм-канале «Байпола» з'явіўся зварот спецпадраздзялення «Атам», створанага «Байполам».
«Большая частка падраздзялення цяпер на баявых пазіцыях. Мой пазыўны «Ніл». Мы патрабуем ад ужо былога прадстаўніка «Байпола» Аляксандра Азарава спыніць распаўсюджванне ў СМІ хлусні ў дачыненні да супрацоўнікаў Аб'яднання сілавікоў Беларусі «Байпол», а таксама неадкладна выдаць усю фінансавую дакументацыю аб дзейнасці арганізацыі і кампенсаваць прычыненую шкоду», — гаворыцца ў відэазвароце.