Экс-сілавікі расказалі, хто затрымліваў Паўла Севярынца роўна год таму
Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў, якія звольніліся пасля сфальшаваных выбараў 2020 года і гвалту, таксама раскрыла дэталі і імёны ўдзельнікаў разгонау маршу жанчын, збіцця Мікіты Домрачава і іншых выпадкаў гвалту ў Мінску, перадае «Радыё Свабода».
Прадстаўнік ByPol Мацвей Купрэйчык распавёў падрабязнасці, вядомыя ініцыятыве дэталі затрымання Паўла Севярынца, які ўжо год знаходзіцца ў зняволенні, а нядаўна быў асуджаны Магілёўскім абласным судом да 7 гадоў пазбаўлення волі.
ByPol высветліў, што затрымлівалі Севярынца 7 чэрвеня 2020 года байцы 15-га ўзвода 5-й аператыўнай роты АМАПа, якімі кіраваў маёр Максім Р. Сярод тых, хто затрымліваў палітыка, былі капітан Аляксей І. і старшы сяржант Канстанцін К.
Палітыка Паўла Севярынца, аднаго з сустаршыняў арганізацыйнага камітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК) і прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама ByPol раскрыў імёны тых, хто разганяў марш жанчын у Мінску 19 верасня 2020 года. Паводле звестак ініцыятывы, разгонам і затрыманнямі на вуліцах Сурганава і Якуба Коласа займаўся 14 узвод 5-й аператыўнай роты АМАПа на чале з лейтэнантам Іллём Ш.
Акрамя таго, сталі вядомыя ўдзельнікі прапагандысцкага відэа, якое паказалі па дзяржаўных каналах і на якім супрацоўнікі АМАПа ў масках распавядалі, што нікога не баяцца і не пакінуць вуліцы Мінска. Удалося ByPol выкрыць і ўдзельнікаў гвалтоўнага затрымання брата 3-разовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай — Мікіты.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў тэлеграм-канал ByPol экстрэмісцкім.