Полк Каліноўскага прызнае Ціханоўскую як прадстаўніка Беларусі, але заклікае пераадолець крызіс у апазіцыі
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве прадстаўнік падраздзялення Павел Кухта заявіў, што Полк Каліноўскага прызнае ролю Святланы Ціханоўскай як міжнародна прызнанага прадстаўніка Беларусі. Але разам з тым канстатаваў наяўнасць сістэмнага крызісу ў беларускім дэмакратычным руху.
На думку прадстаўніка палка, форма арганізацыі палітычнага жыцця апазіцыі ў эміграцыі, якая склалася, не адпавядае мэтам. Іх Кухта назваў тры:
- вызваленне Беларусі;
- ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі;
- стварэнне перадумоў для дэмакратыі.
«Стварэнне палітычных партый, рухаў і бессэнсоўных ініцыятыў, заклапочанасць рэйтынгамі, папулісцкія спробы спадабацца ўсім, пусты піяр за кошт лаяльных медыя і таму падобныя працэсы не маюць сэнсу ва ўмовах акупацыі, пры якой проста немагчымыя ніякія выбары, а тым больш — за мяжой», — заявіў прадстаўнік палка.
Ён прапанаваў заняцца «стратэгіяй дзеяння».
«Спачатку дэакупацыя, знос рэжыму і падрыхтоўка мінімальна неабходных умоў для правядзення выбараў. Прычым менавіта ў такой паслядоўнасці і прыярытэтах», — сказаў Кухта.
На думку падраздзялення, гэтыя задачы можна ажыццявіць пры арганізацыі «адзінага моцнага нацыянальна-вызвольнага руху», які складаецца з наступных кампанентаў, што працуюць у рамках адной стратэгіі:
- вайсковы складнік, які ўяўляе сабой полк Каліноўскага, ягоны рэзерв за межамі Беларусі і падпольны рух унутры яе;
- палітычна-дыпламатычны кампанент, які працуе ў цеснай каардынацыі з вайскоўцамі;
- кампанент, які забяспечвае рэсурсы.
Ён таксама заявіў, што Аляксандр Азараў і Валерый Сахашчык «не справіліся з дасягненнем мэт, пастаўленых перад імі на жнівеньскай канферэнцыі мінулага года».
Па словах прадстаўніка падраздзялення, полк гатовы садзейнічаць стварэнню руху і стаць яго «ваенным цэнтрам».
«Мы адкрыты да перамоў з абсалютна ўсімі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, якія падзяляюць стратэгію вызвалення краіны, пра што сведчаць апошнія сустрэчы ў Кіеве», — запэўніў ён.
«Для дасягнення гэтай мэты полк анансуе шырокую канферэнцыю ў Кіеве ўжо гэтай восенню і запрашае ўсіх зацікаўленых прыняць у ёй удзел», — дадаў Кухта.
Полк імя Кастуся Каліноўскага (да 21 траўня 2022 года — батальён Кастуся Каліноўскага) — вайсковае фарміраванне ў складзе Узброеных сіл Украіны, створанае ў сакавіку 2022 года для абароны Украіны ад расійскага ўварвання. У яго склад уваходзяць беларускія добраахвотнікі.
Полк Каліноўскага складаецца з батальёнаў «Волат» і «Літвін».
Добраахвотнікі палка Каліноўскага лічаць Расію агульным ворагам Беларусі і Украіны. На іх думку, вызваленне Украіны ад расійскіх акупантаў непазбежна прывядзе да паслаблення і пачатку краху пуцінскага рэжыму. Гэта дазволіць паставіць кропку ў гісторыі існавання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. У гэтым заключаецца місія палка Каліноўскага: «Вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны».