Валерый Сахашчык: «Я казаў, што рэжыму застаецца не больш за тры гады, і застаюся пры сваёй думцы»

Прадстаўнік Палка Каліноўскага на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве заявіў, што Валерый Сахашчык «праваліў» сваю работу па выніках года. Але Сахашчык на яго не пакрыўдзіўся. Сам ён па-ранейшаму лічыць сілавое развязанне беларускага крызісу небяспечным.

Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота «Свабоды»

Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота «Свабоды»

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы расказаў карэспандэнту «Свабоды» пра год у палітыцы і свой удзел у ваенных дзеяннях на баку Украіны. Падаём гутарку ў правапісе арыгінала.

— Спаўняецца год з часу вашага прыходу ў палітыку. Як уражаньне?

— Уражаньне цяжкае. Мне складана адаптавацца ў гэтай атмасфэры. Я не прывык да такой колькасьці дэструктыўных адносінаў паміж людзьмі, інтрыг. Я ў сваім жыцьці ў такой атмасфэры ня быў. Таму складана да гэтага прывыкаць, але спадзяюся, што вытрымаю.

— Ня так даўно вы казалі, што беларускаму рэжыму застаецца ад году да трох. Вы па-ранейшаму такі аптыміст?

— Так, я казаў, што ня больш за тры гады, і застаюся пры сваёй думцы. Я сказаў гэта 2 студзеня ў інтэрвію Мелказёраву. Так што адлік часу ідзе.

— А нейкія падставы для гэтага ёсьць?

— Так, вядома. У любым выпадку палітычная сыстэма расейская і беларуская сябе вычарпала. Яна нежыцьцяздольная, і мы цяпер назіраем агонію гэтай сыстэмы. Я перакананы, што яна памрэ, а з нашай дапамогай памрэ хутчэй.

— Шмат для каго выглядае дысанансам, што вы не выступаеце за сілавое вырашэньне беларускага пытаньня. Чаму?

— Можа таму, што я разумею, што такое вайна.

— Ці проста няма сілаў для гэтага?

— Справа ня ў сілах. Нават калі б у нас тут быў нейкі армейскі корпус і мы б маглі ісьці ваяваць... Самае апошняе, чаго я хачу, гэта вялікага кровапраліцьця ў Беларусі. Я лічу, што яно таго ня вартае. Лепш троху даўжэй пацярпець, прымяніць нейкія іншыя спосабы, але прыйсьці да грамадзянскай згоды і вырашыць праблему такім чынам. А канфлікты збройныя, нават калі яны будуць, павінны быць вельмі абмежаваныя і апраўданыя.

Глядзіце таксама

— Ня так даўно ў інтэрвію «Радыё Свабода» адзін з байцоў 79-й вайсковай часткі УСУ сказаў, што вы таксама бераце ўдзел у баявых дзеяньнях. Гэта сапраўды так?

— Так, гэта праўда. Я браў удзел.

— А маглі б трошку расказаць, што гэта такое, які ваш удзел?

— У мяне быў дзед-франтавік, які ваяваў з 1 верасьня 1939 году ў складзе Войска Польскага і да траўня 1945 году, закончыў у Бэрліне. На ўсе мае дзіцячыя прозьбы расказаць пра вайну ён мне адказваў: ««Валера, на вайне няма нічога цікавага, апрача пакут, крыві, сьмерці, бруду. Там няма нічога, пра што хацелася б расказаць».» Я павінен быў нароўні з нашым падразьдзяленьнем выконваць задачы і паказаць ім, што я такі ж, як і яны, што я ня стаўлю сваё жыцьцё вышэй за іх жыцьцё, што я магу зь імі размаўляць нароўні. Я гэта рабіў.

Другое. Мне, вядома ж, патрэбны вопыт вядзеньня сучаснай вайны, мне патрэбнае разуменьне, як гэта адбываецца цяпер. Мне патрэбнае дакладнае разуменьне, што за вораг — расейцы, бо ёсьць шанец, што давядзецца супраць іх дзейнічаць. Таму я быў там і, па ўсёй верагоднасьці, і далей буду там. Але гэта ня тое, чым я хацеў бы займацца, аб чым я мару. Гэта проста жыцьцёвая неабходнасьць.

— Якія б вы адзначылі галоўныя дасягненьні за год у палітыцы, што вы зрабілі за гэты час?

— Цяпер я нашмат лепш разумею шлях, па якім мы павінны прайсьці, каб перамагчы. У нас зьявілася моцная, добрая каманда, зь якой, як я мяркую, рэальна рухацца па гэтым шляху. І мы ўжо прайшлі па гэтым шляху пэўную адлегласьць, якая нас да перамогі набліжае.

Глядзіце таксама

— Вось вы гаворыце пра перамогу. Вам не здаецца, што на сёньняшняй канфэрэнцыі ня так шмат гаварылі пра перамогу і шляхі набліжэньня да яе?

— Складана гаварыць пра гэта ў сытуацыі, калі ў Беларусі татальны тэрор задушыў усё, калі людзі баяцца сказаць слова, шмат каго выціснулі за мяжу і шмат каго пасадзілі. Але гэта ўсё вельмі хутка зьменіцца.

— А зь сілавікамі ў Беларусі атрымліваецца падтрымліваць кантакт?

— Так, мы падтрымліваем кантакты.

— Ці можаце троху расказаць, якія там настроі?

— Бачыце, з намі захоўваюць кантакт людзі, якія трымаюцца поглядаў, падобных да нашых. Гэтых людзей шмат. Сацыялёгія немагчымая. Калі раней людзі хаця б у курылках нешта абмяркоўвалі, то цяпер баяцца ўсе. Толькі самым блізкім сваім сябрам могуць шчыра выказваць свае думкі. Але я дакладна разумею, што людзей на нашай ідэалягічнай плятформе ва Ўзброеных сілах Беларусі шмат.

— Якая ваша галоўная задача на бліжэйшы час, скажам, на бліжэйшы год?

— Самая першая задача — гэта зьнізіць страты сярод беларусаў на вайне ва Ўкраіне. Забясьпечыць людзей, якія там ваююць, усім неабходным, каб выканаць сваё абяцаньне, што беларусы павінны ваяваць тэхналёгіямі і высокай навучанасьцю, а не чалавечай крывёю. І далей я, вядома, мару пра аб’яднаньне дэмакратычных сілаў, я мару пра ўмацаваньне лідэрства, якое павінна выходзіць на новы ўзровень. Ну, і посьпех у данясеньні праўдзівай інфармацыі да людзей унутры краіны, арганізацыі людзей унутры краіны. Калі мы гэтыя рэчы зробім, то мы сур’ёзна наблізімся да перамогі.

— А тое, што прадстаўнік палку Каліноўскага ў сваёй прамове сказаў, што вы не апраўдалі даверу, зачапіла вас ці не?

— Мяне б гэта пакрыўдзіла, калі б гэта было праўдай.