У Печах застрэліўся салдат — кажуць, за яго ўзяўся ідэолаг
На мінулым тыдні ў Печах застрэліўся салдат тэрміновай службы, паведамляе «Флагшток».
Чуткі пра тое, што ў адной з вайсковых частак Мінскай вобласці застрэліўся салдат тэрміновай службы, з’явіліся яшчэ 4 жніўня, у прыватнасці, пра гэта паведамілі некаторыя тэлеграм-каналы. Цяпер гэта інфармацыя знайшла пацверджанне.
Самагубства здзейсніў салдат тэрміновай службы 72-га аб'яднанага навучальнага цэнтра ў Печах Барысаўскага раёна.
Выданне Flagshtok з Гомеля здолела пагаварыць з адным з салдат, які праходзіць службу ў гэтай вайсковай частцы. З размовы высветліліся некаторыя падрабязнасці здарэння.
«У ноч з 3 на 4 жніўня застрэліўся хлопец-дэсантнік. Са стрэльбаў вынес нейкі спецыфічны патрон, галавы ў яго не засталося.
Кажуць, ён не хацеў у войска. Адмазваўся… Але забралі. Нядаўна знайшлі ў яго ці то нататкі, ці то вершы. З ім пачалі весці працу. За яго ўзяўся галоўны ідэолаг Печэннік. І пасля гэтага хлопец застрэліўся», — перадае словы салдата выданне.
Суразмоўца гомельскага выдання не паведаміў ні месца жыхарства, ні імя загінулага. Інфармацыйныя рэсурсы вайсковай часткі, і сам 72-гі навучальны цэнтр, і Мінабароны, і дзяржСМІ пра здарэнне нічога не паведамлялі.
Калі верыць блогеру Матольку, загінулага клікалі Ілля.
У Печах перыядычна здараюцца самагубствы салдат. Адна з самых рэзанансных спраў — гібель Аляксандра Коржыча ў 2017 годзе. Цела вайскоўца знайшлі ў Печах на пачатку кастрычніка таго года. Дакладная дата яго смерці застаецца невядомай. Першапачаткова і Следчы камітэт, і Мінабароны называлі прычынай смерці Аляксандра Коржыча самагубства. 13 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч паведаміў, што Коржыча знайшлі павешаным з перавязанымі матузком ад абутку нагамі і нацягнутай на галаву майкай. СК заявіў, што гэта было самагубства, а слядоў барацьбы і збіцця на целе загінулага не знайшлі. «Сляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сляды збіцця, аказаліся так званымі трупнымі плямамі», — сказаў тагачасны старшыня СК Іван Наскевіч.
Распачаўся скандал, тады ж стала вядома і іншыя выпадкі самазабойстваў, і пра дзедаўшчыну ў ваеннай частцы. З-за гэтага здарэння за адстаўку міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова грамадзяне нават збіралі подпісы.