Падаў на еўрапейскую візу — атрымаў позву ў войска
Супадзенне? Некаторым беларусам прыйшлі позвы ў войска пасля таго, як яны запісаліся на візы. Што здарылася?
Уладзімір (імя змененае ў мэтах бяспекі) у чэрвені падаў дакументы на візу — і праз некалькі дзён яму прыйшла позва з ваенкамата. Малады чалавек спачатку вырашыў, што гэта выпадковасць, але ў жніўні на візу падаваўся яго сябар — і таксама атрымаў позву ў войска. Як такое можа быць, высвятляла «Люстэрка».
Уладзімір жыве ў адным з райцэнтраў, малады чалавек крыху старэйшы за 20 гадоў. Да службы ў войску яго прызналі прыдатным у 18 — з тых часоў суразмоўца працаваў, а позва не прыходзіла. Але калі ён вырашыў зрабіць польскую працоўную візу, нешта пайшло не так.
— Я запісваўся самастойна, праз VFS Global (візавы цэнтр Польшчы ў Беларусі. — Заўвага рэд.). І літаральна праз некалькі дзён да мяне на працу прыйшла позва, — успамінае ён. — Тады я не надаў гэтаму значэння. Але ў пачатку жніўня дапамагаў сябру зрабіць такую ж працоўную візу ў Польшчу. І роўна праз тры дні яму таксама прыйшла позва.
Уладзіміра ў ваенкамат выклікалі для ўдакладнення звестак, і цяпер хлопец праходзіць медкамісію. А вось яго сябра выклікалі на зборы.
— Спачатку хацеў праігнараваць позву і з'ехаць, але не выпусцілі з краіны. Прыйшлося ісці, — прызнаецца Уладзімір. — Калі цяпер не атрымаецца «адкасіць», то зусім не пашанцуе. Тым больш, крыўдна, што і візу адкрылі, а выехаць не магу.
Пасля другой позвы чытач засумняваўся ў тым, што падача на візу і аператыўнае «прывітанне» ад ваенкамата — проста супадзенне. Праўда, не мог зразумець: няўжо даныя перадае VFS Global ці нават амбасада Польшчы? Але, здаецца, усё значна прасцей.
З 28 лістапада 2022 года для беларусаў змяніліся правілы падачы дакументаў на польскія візы. З тых часоў для запісу ў візавы цэнтр трэба праходзіць анлайн-верыфікацыю ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (МСІ). Для гэтага патрабуецца ўвесці асабісты ідэнтыфікацыйны нумар і нумар тэлефона.
Візавы кансультант, з якім журналісты разбіралі новаўвядзенне, распавядаў, што цяпер, калі вы запісваецеся на польскую візу, улады могуць пра гэта ведаць. А яшчэ — бачыць тып візы, на якую вы падаяцеся, запытаныя даты і месца падачы. Магчыма, менавіта такім чынам раённы ваенкамат атрымаў даныя Уладзіміра і яго сябра.
Пры гэтым выпадак Уладзіміра — не адзіны, калі сілавыя органы выкарыстоўваюць базы розных устаноў у сваіх мэтах. Напрыклад, вядома пра сітуацыю, калі, ужо з'ехаўшы за мяжу, беларус зарэгістраваўся на сайце МУС і замовіў даведку аб адсутнасці судзімасці. Да гэтага мужчына сядзеў на «сутках» паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (у ранейшай версіі дакумента — парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). І ўжо на наступны дзень па адрасе яго прапіскі прыйшлі сілавікі.