«Мінсктранс» робіць абмежаванні на выезд з Беларусі з нацыянальнай візай D
Заслона паступова становіцца рэальнасцю.
Не кожны ўладальнік нацыянальных віз тыпу D зараз можа купіць білет на міжнародны аўтобус з Мінска. Як распавялі карэспандэнту Office Life у «Мінсктрансе», білеты прададуць толькі ў тым выпадку, калі такая віза выдадзена краінай уезду.
Прасцей кажучы, набыць квіток на міжнародны аўтобус праз Польшчу змогуць толькі ўладальнікі нацыянальнай польскай візы, праз Літву — толькі літоўскай, а праз Латвію — толькі латвійскай. Пры гэтым пасажыру з нацыянальнай нямецкай візай адмовяць у набыцці квітка на рэйс з Мінска ў Мюнхен, бо аўтобус перасякае беларускую мяжу з Польшчай. Па гэтай жа прычыне пасажыр з польскай нацыянальнай візай не зможа набыць квіток на аўтобус да Вільні ці Рыгі.
У «Мінсктрансе» растлумачылі, што правіла дзейнічае з 7 верасня. Для звычайнай шэнгенскай візы нічога не змянілася.
Змены назвалі часовымі і звязваюць іх са складанасцямі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы з краінамі Шэнгенскага пагаднення.
У сваю чаргу на аўтавакзале ў Брэсце распавялі, што ніякіх абмежаванняў для продажу квіткоў не ўводзілі:
«Візу мы не правяраем, вы самі несяце за яе адказнасць. Без пытанняў прадаём квіткі і беларусам, і палякам.Няма абмежаванняў на набыццё квіткоў і ў прыватных перавозчыкаў з Мінска. Прадстаўнікі адной з кампаній пацвердзілі, што квіткі ў аэрапорт Вільнюса або Каўнаса без праблем прадаюць па нацыянальных візах Польшчы і іншых краін.