Самыя недаступныя візы ў гісторыі

Еўрасаюз задумаўся над узмацненнем візавага рэжыму для расейцаў. Зрэшты, абмежаванні і цяжкасці з атрыманнем візы былі і раней у гісторыі розных краін.



visa_gc36232ab9_1280.jpg


Візы з'явіліся ў XVII стагоддзі — ужо пасля замежных пашпартоў. Мода на іх пачалася ў Францыі і хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Аднак у сярэдзіне XIX стагоддзя візавая сістэма абрынулася праз актыўнае будаўніцтва чыгунак, што ў выніку прывяло да рэзкага развіцця турызму. Пашпарты і візы зноў вярнуліся пасля Першай сусветнай вайны. Спачатку гэта былі проста аднакаляровыя штампы, дзе пропускі запаўняліся ад рукі.
Паступова на фоне росту палітычнага напружання ў Еўропе стаўленне да замежнікаў пагоршылася. Механізм атрымання віз стаў больш складаным. Асабліва для транзітных турыстаў. Дзеля візы яны мусілі папярэдне атрымаць у пашпарт штампы ўсіх краін, праз якія збіраліся праехаць. Гэтыя маркі і штампы трэба было збіраць у вызначаным парадку, а кожная каштавала грошай. Вось тыповая старонка пашпарта аматара вандровак тых гадоў.

1_598.jpg


Страх перад мігрантамі дасягнуў свайго апагею з пачаткам халакосту, калі многія нямецкія яўрэі спрабавалі выехаць за мяжу, у тым ліку, у ЗША. Працэс атрымання амерыканскай візы быў найскладанейшы. Перш за ўсё, неабходна было знайсці амерыканскага фундатара, пажадана сваяка, паколькі нацысцкая Германія дазваляла яўрэям выязджаць толькі з невялікай сумай грошай і маёмасцю.
Спонсар мусіў сабраць і адправіць дакументы ў пасольства ЗША ў Берліне з абяцаннем узяць на сябе адказнасць за канкрэтную асобу пасля яе прыезду ў Штаты. Толькі на гэтую перапіску патрабаваліся ў лепшым выпадку тыдні. Пры гэтым чалавек у Германіі кожны дзень знаходзіўся пад пагрозай арышту.  
Але гэта яшчэ не ўсё. Нават калі кандыдат збіраў усе дакументы і чыноўнік у пасольстве штампаваў візу ў пашпарце, трэба было патрапіць у адну з 27370 квот, даступных для патэнцыйных імігрантаў у Амерыку ў гэтым годзе. Заветная віза выглядала наступным чынам.

2_552.jpg


Прыкладна ў 30-я гады ўзнікла дзіўная практыка выязных віз, калі аўтарытарныя дзяржавы (Італія і Германія) дазвалялі выязджаць за мяжу толькі палітычна лаяльным грамадзянам. Але ўсе рэкорды ў гэтай сферы з цягам часу пабіў СССР. Каб атрымаць замежны пашпарт са штампам, трэба было спачатку абысці мясцкам, парткам і адміністрацыю сваёй працоўнай установы, сабраць там характарыстыкі, якія пацвярджалі, што ты «ў побыце сціплы, з калегамі па працы таварыскі».
І гэта не ўсё. Аматараў замежнага турызму прымушалі прайсці медкамісію, здаць кроў і мачу і прынесці даведкі з усіх існуючых дыспансераў. Для паездкі ў «капкраіну» трэба было ўвогуле мець стаж працы на апошнім месцы большы за два гады. Нарэшце, перад вылетам людзі ў цывільным інструктавалі, як паводзіць сябе за мяжой.
Вось так выглядаў штамп у замежным пашпарце, пра які марылі шматлікія савецкія грамадзяне.

3_488.jpg


У наш час практыка выязных віз амаль знікла. На постсавецкай прасторы яе даўжэй за іншых захоўваў Узбекістан — да 2017 года. Але дзе-нідзе такія візы яшчэ патрэбныя. Напрыклад, грамадзянам КНДР трэба не толькі атрымаць выязную візу, але і перад вяртаннем на радзіму звярнуцца ў консульства па дазвол на вяртанне.

4_457.jpg


У некаторыя куткі планеты заехаць да гэтага часу цяжка. Напрыклад, у Саудаўскай Аравіі турыстычных віз увогуле няма. Туды могуць патрапіць толькі дзве катэгорыі заяўнікаў: мусульмане, якія набылі праз спецыяльныя агенцтвы тур для паломніцтва ў Меку, і замежныя супрацоўнікі нафтавых кампаній. І нават для іх працэс афармлення візы часцяком адбываецца цяжка, дорага і з нервамі. У Саудаўскай Аравіі таксама існуюць абмежаванні для замежных работнікаў, якім патрабуецца атрыманне выязной візы. Так, работнік пасля заканчэння дзеяння першай выязной візы павінен атрымаць ад працадаўцы дакумент аб поўнай адсутнасці прэтэнзій з боку апошняга, каб пакінуць краіну.

5_423.jpg


Працэс адмовы ад віз, якія ставяць дадатковыя бар'еры на шляхі турыстычных плыняў, усё ж ідзе — павольна, але няўхільна. Хоць часам краіны, якія падпісалі пагадненні аб бязвізавым ці больш вольным візавым рэжыме, зноў уводзяць абмежаванні, на фоне агульнага працэсу адмовы ад віз гэта выглядае хутчэй асобнымі эксцэсамі. Не дзіўна, што многія мараць пра тое, што неўзабаве ўсім зямлянам будуць выдаваць пашпарт грамадзяніна планеты Зямля. А мастакі ўжо прыдумалі дызайн такога пашпарта.

6_309.jpg