Кабмін Латвіі скасуе дамову з Беларуссю аб узаемных паездках грамадзян

Латвійскі ўрад у аўторак, 13 верасня, разгледзіць пытанне аб скасаванні дамоўных адносінаў з Беларуссю ў сферы паездак грамадзян. 

1334273original_1.jpg


У аўторак, 13 верасня, урад Латвіі разгледзіць прапанову Міністэрства замежных спраў аб скасаванні дамовы паміж Латвіяй і Беларуссю аб узаемных паездках грамадзян, паведамляе delfi.lv.
Пагадненне паміж урадамі Латвіі і Беларусі было заключанае для палягчэння паездак жыхароў абедзвюх краін у 2008 годзе. Мэтай пагаднення было развіццё прыязных добрасуседскіх адносінаў паміж краінамі, палягчэнне магчымасці атрымання ўязных віз.
Пасля спынення дзеяння дамовы будзе прымяняцца звычайны парадак рэгістрацыі, які прадугледжвае рэгістрацыю пасля ўезду ў Беларусь ці Латвію.
Прымаючы пад увагу палітычную сітуацыю ў Беларусі і пагрозу для бяспекі сваіх грамадзян, МЗС настойліва заклікае латвійцаў устрымацца ад наведвання нашай краіны.
Як толькі рашэнне Кабінета міністраў будзе зацверджанае, МЗС Латвіі накіруе беларускаму боку апавяшчэнне аб намеры скасаваць пагадненне.
Нагадаем, тыдзень таму ЕС скасаваў пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расіяй праз напад апошняй на Украіну. Беларусы як грамадзяне краіны-суагрэсара таксама маглі падпасці пад аналагічныя санкцыйныя меры, але еўрапейскія чыноўнікі вырашылі не ўводзіць візавыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі. 
Краіны Балтыі праз тыдзень закрыюць свае межы для грамадзян Расіі.